Звінелі косы на балоце

Звычайная справа была раней навастрыць касу з вечара, устаць да ўсходу сонца і адправіцца на сенажаць. Хатнюю жывёлу трымалі ледзь не ў кожным двары. Сёння часам у цэлай вёсцы не сустрэнеш і адной каровы. Косы даўно пахаваны пад стрэхі і заменены на модныя трымеры і газонакасілкі. Але традыцыя не страчана. У экалагічным фестывалі “Спораўскія сенакосы”, які ў адзінаццаты раз прайшоў на Брэстчыне ў вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна, прынялі ўдзел 32 каманды касцоў з усёй краіны. Фестываль не толькі спрыяе адраджэнню і захаванню ручной касьбы, якая з’яўляецца неад’емнай часткай нашай гістарычнай і культурнай спадчыны, але і прыносіць карысць балотам і іх насельнікам.

 
Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі”, на тэрыторыі якога праводзіцца фестываль, з’яўляецца адным з найбуйнейшых непарушаных нізінных балот у Еўропе. Шкада толькі, што сёння яго вялізныя плошчы няма каму касіць. А гэта пагражае зарастаннем балот хмызнякамі, зменай унікальных экасістэм і гібеллю рэдкіх раслін і жывёл. Ужо некалькі гадоў у заказніку вядзецца актыўная работа па выратаванні “лёгкіх Еўропы”. Свой унёсак робяць і ўдзельнікі чэмпіянату па ручной касьбе нізінных балот у межах фестывалю “Спораўскія сенакосы”. На адну каманду — надзел 3 метры ўшырыню і 100 метраў удаўжыню. Радуе, што з кожным годам колькасць удзельнікаў не толькі не змяншаецца, але і павялічваецца. Прычым паспрабаваць свае сілы ў касьбе імкнуцца нават прадстаўнікі моладзі і жанчыны. Не палохаюць іх ні вопытныя мужчыны ў канкурэнтах, ні спякота, якая звычайна стаіць у дні правядзення фестывалю. 

Па традыцыі адной касьбой фестываль не абмежаваўся. Прайшлі спаборніцтвы па ўнікальным і вясёлым відзе спорту — футболе на балоце. Госці фестывалю мелі магчымасць набыць вырабы народных майстроў, паслухаць выступленні артыстаў, прагуляцца па экалагічнай сцежцы, навучыцца вызначаць жывёл, якія жывуць на мясцовых балотах, і падняцца на назіральную вышку, каб палюбавацца жывапіснымі пейзажамі заказніка “Спораўскі”. 

mila@sb.by

Фота Сяргея Лескеця  і БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter