В Могилеве снова "прописался" бобр, а в Бобруйске горожане подкармливают лису

Звер дзесьці побач

І зноў у аб’ектывы назіральных магіляўчан і бабруйчан трапілі не зусім звычайныя госці горада. У Магілёве свае сляды на левабярэжжы Дняпра пакінуў бабёр, які стачыў па ўсім дыяметры таполю. А ў Бабруйску відавочцы нават заснялі відэа з лісой, якую непадалёк ад рэстарана гараджане падкормліваюць, як бяздомнага ката. 

Скан відэа з сацыяльных сетак: у Бабруйску заўважана ліса, якую падкормлівалі людзі.

Што прымушае ляснога звера імкнуцца ў мегаполіс? Як звычайнаму гараджаніну паводзіць сябе з такім нечаканым сустрэчным? Намеснік начальніка Магілёўскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Радкевіч патлумачыў:

— Што тычыцца баброў, то іх арэал пасялення ў апошні час пашырыўся. Таму звер і імкнецца да таго, каб заняць новыя тэрыторыі. Дрэвы для яго — будаўнічы матэрыял. Іх ён выкарыстоўвае для стварэння плаціны. 

Між іншым, мінулай вясной у Магілёве ратавальнікі злавілі бабра, які ў прамзоне горада паспеў сабе вырыць нару. Крыху раней сляды дзейнасці гэтага звера былі заўважаны ў іншых раёнах горада. А не так даўно ў Бабруйску бабра знайшлі нават на тэрыторыі дзіцячага садка — ад людскіх вачэй той хаваўся ў сістэме вентыляцыі. І таксама прыйшлося звяртацца па дапамогу да МНС. Самастойна змагацца з нечаканымі «гасцямі», папярэджваюць спецыялісты, небяспечна. Таксама, як і падкормліваць драпежнікаў, у тым ліку ліс. Намеснік старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, галоўны паляўніцтвазнавец Яўген Пякарскі нагадаў: 

— Дзікі звер проста так у горад наўрад ці пойдзе. Магчыма, дзесьці не так далёка пустка і ліса там вырыла нару. Аднак ёсць вялікая верагоднасць і ў тым, што яна хварэе на шаленства. У любым выпадку кантакт з дзікай жывёлай можа мець дрэнныя наступствы і яго лепш пазбягаць.

Статыстыка пацвярджае гэтыя перасцярогі. Кожны год у шпіталі і клінікі Магілёўскай вобласці са скаргамі на ўкусы жывёл звяртаецца каля трох тысяч чалавек. А выпадкаў шаленства сярод звяроў у вобласці з пачатку года зарэгістравана звыш сарака. У асноўным размова ідзе аб дзікіх жывёлах. І лідарамі ў гэтым спісе застаюцца лісы. 

markova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter