Звароты па электроннай пошце

У генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку звярнулася грамадзянка Польшчы Уршула Янц (Urszula Janc), якая жыве ў населеным пункце Острово Косцельне (Велькапольскае ваяводства). На працягу апошніх 18 гадоў яна шукае сяброўку з Беларусі, з якой пазнаёмілася якраз гадоў 20 таму, калі яшчэ быў СССР. Звалі сяброўку Алена ЛЁНЧЫК, жыла яна ў Барысаве. Сяброўкі, па словах пані Уршулы, доўга перапісваліся. Перапіска перарвалася дзесьці ў 1986—1987 гадах. Беларуская сяброўка магла выйсці замуж, змяніць прозвішча, пераехаць у іншае месца, мяркуе пані Уршула. І вельмі просіць адшукаць Алену.

У генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку звярнулася грамадзянка Польшчы Уршула Янц (Urszula Janc), якая жыве ў населеным пункце Острово Косцельне (Велькапольскае ваяводства). На працягу апошніх 18 гадоў яна шукае сяброўку з Беларусі, з якой пазнаёмілася якраз гадоў 20 таму, калі яшчэ быў СССР. Звалі сяброўку Алена ЛЁНЧЫК, жыла яна ў Барысаве. Сяброўкі, па словах пані Уршулы, доўга перапісваліся. Перапіска перарвалася дзесьці ў 1986—1987 гадах. Беларуская сяброўка магла выйсці замуж, змяніць прозвішча, пераехаць у іншае месца, мяркуе пані Уршула. І вельмі просіць адшукаць Алену.

“Хочацца даведацца пра лёсы беларускіх салдат, якія ваявалі ў арміі Андэрса. Мой дзядуля па маці Сямён АЛЕСЮК (мог быць запісаны і Олесюк) у 1939 годзе быў высланы ў Варкуту, а затым мабілізаваны ў армію генерала Сікорскага і ўдзельнічаў у вызваленні Італіі.   У  1946  годзе   іх  ад-правілі ў Англію, у г.Рэдзінг 94 camp (лагер). У Беларусь ён не вярнуўся з-за магчымага арышту. Прыслаў некалькі пісьмаў, але яны не захаваліся, бо ў бабулі быў пажар. У канцы 80-х гадоў я спрабаваў яго знайсці праз Чырвоны Крыж і Армію выратавання (Англія), аднак безвынікова, бо ніхто не ведае яго імя па бацьку і даты нараджэння. Мая маці нарадзілася ў 1939 годзе, яго ні разу не бачыла і нічога пра яго не ведае. Магчыма, ён там ажаніўся ці памяняў прозвішча. Падкажыце, дзе можна знайсці спісы салдат гэтай арміі, укамплектаваных з заходніх беларусаў. Анатоль Іванавіч Касьян (электронны адрас: KasianAI@nbrb.by)”.
“Дапамажыце знайсці родных. Мой дзядуля Аляксей Пятровіч ДРАНКОВІЧ, 1910 года нараджэння, ураджэнец вёскі Замасточча, у 1928 годзе быў сасланы ў Сібір. У 1943 годзе загінуў у Варашылаўградскай вобласці. Пахаваны ў брацкай магіле. Сувязь з роднымі была страчана. Хто ведае пра іх сям’ю, адгукніцеся. Валерый Уладзіміравіч Дранковіч”.
“Хочацца даведацца пра лёс майго дзядзькі Аляксандра Аляксеевіча БУТОРЫНА. Прызваны ў рады Савецкай Арміі ў Кіргізскай ССР райваенкаматам сяла Сазонаўка Ісык-Кульскай вобласці. Служыў на граніцы дзесьці ў Прыбалтыцы ці ў Беларусі. Трапіў у акружэнне і ў палон у 1941 годзе. Ірына       (электронны        адрас: irinara_3@mail.ru)”.
“Мой дзядуля Мікалай Іванавіч АСІНІН ваяваў у 1158-м палку 352-й дывізіі. Загінуў 6 жніўня 1944 года ў Польшчы, Сувалкскае ваяводства, в.Шуры. Можа, хто памятае яго? (Электронны адрас vo-nikon@yandex.ru)”.
“На сайце Упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь знайшла звесткі пра свайго дзядзьку Івана Сцяпанавіча ЯРКІНА, які прапаў у першы дзень вайны. Доўгія гады яго шукалі бацькі, жонка, браты і сёстры — безвынікова. Цяпер іх няма сярод жывых. Але ўліковая картка ваеннапалоннага лагера Хардткірхен/Оберданау проста ўразіла нас — дзяцей і ўнукаў. Дапамажыце знайсці магілу дзядзькі. Спадзяёмся, тое, што мы жывём не ў Беларусі, а ў Расіі, не мае значэння, бо гэта наша агульная памяць. Я не ведаю, куды звярнуцца ў Расіі. Вялікі дзякуй вам  за тое, што вяртаеце людзей з небыцця. Наталля Лысак, горад Дзеснагорск Смаленскай вобласці (Расія) (электронны адрас: lysak_natalya@mail.ru)”.

Чакаюць бацьку

“Прашу вас і ўсіх добрых людзей дапамагчы адшукаць майго бацьку Уладзіміра Аляксандравіча ШМАКАВА, 1942 года нараджэння. Ён жыве ў Крычаве. Мы ўсе: я, сястра Лена з пасёлка Гарадзея Нясвіжскага раёна, брат Лёша і мама, Людміла Мікалаеўна, з вёскі Янушкавічы Лагойскага раёна, яго вельмі чакаем. Міхаіл Уладзіміравіч Шмакаў, Барысаўскі раён”.

Развёў лёс

“Павел Сцяпанавіч ЛАКЦІЁНАЎ, прыкладна 1960—1962 года нараджэння, у 1970—1979 гадах жыў у Барысаве. Закончыў школу-інтэрнат, некалькі гадоў працаваў на заводзе “Гідраўзмацняльнік”. Потым некуды пераехаў. Яго родныя жылі ў вёсцы Ляшчыны Барысаўскага раёна. У Паўла быў родны брат. Прайшло трыццаць гадоў. За гэты час я не забылася пра Паўла. Хочацца даведацца пра яго лёс. Дзіна Віктараўна Стэльмах, Мінск”.
“Летам 1957 года ў горадзе Асіповічы сустрэліся настаўніца замежнай мовы і курсант Тамбоўскага ваеннага вучылішча Васіль ХРУШЧОЎ, які прыехаў на стажыроўку. Ён імкліва ўвайшоў у маё жыццё. У курсанта хутка былі сесія і дзяржаўныя экзамены. Усе пытанні дамовіліся вырашаць пры дапамозе перапіскі. Час ішоў, а пісем ад яго не было. Неўразуменне, прыкрасць, крыўда. Праз чатыры гады знайшла пісьмы Васіля, адрасаваныя мне. Хто іх мне не аддаваў, невядома. Такім чынам нас развёў лёс. Мы згубілі адно аднаго. Спадзяюся, што мой сябар даведаецца пра падзеі далёкага 1957 года і адгукнецца, каб расказаць пра сябе. Тамара Фёдараўна Місейчык, Асіповічы”.
“З Уладзімірам Пятровічам КІРЫЛЕНКАМ мы разам вучыліся ў Беларускай сельгасакадэміі. Ён закончыў агранамічны факультэт у 1959 годзе, а я — гідрафак праз год. Пазнаёміліся мы, калі я была на другім курсе. Сустракаліся паўтара года. Затым жыццёвыя дарогі нашы разышліся, а прычыну — не ведаю. Пазней я сустрэла добрага хлопца і на пятым курсе выйшла замуж. Нядаўна мой муж памёр, я засталася адна. Хочацца даведацца, як склаўся лёс майго сябра. Здаецца, ён родам з пасёлка Камарын Брагінскага раёна, 1936 ці 1937 года нараджэння. Пасля заканчэння акадэміі паехаў на Гомельшчыну па накіраванню. Дзіяна Міхайлаўна Цішкевіч (Важдаева), горад Выкса Ніжагародскай вобласці (Расія)”.

Сцяпанавы, адгукніцеся!

“Я рана засталася баз бацькоў. Жылі мы ў Казахстане. Наколькі мне вядома, мой бацька Іван Макаравіч СЦЯПАНАЎ (на фота), дзесьці 1912—1920 года нараджэння, жыў у Віцебску. Прыкладна ў 50-х гадах пераехаў у Казахстан, дзе і пазнаёміўся з маёй матуляй, якая стала яго трэцяй жонкай. Па расказах бацькі, у яго ёсць блізкая радня ў Беларусі. Хочацца знайсці родных, калі лёс закінуў на радзіму бацькі. Надзея Іванаўна Ахінька (Сцяпанава), Слаўгарадскі раён”.

Блізкія людзі

“Мая сястра Святлана Васільеўна МАКСІМАВА, 1941 года нараджэння, жыве ў горадзе Гарадзец Ніжагародскай вобласці (Расія). Калі жыла маці, я часта ездзіла да сястры. Але ў 1992 годзе мамы не стала. Пасля гэтага мы з сястрой перапісваліся, аднак хутка лісты ад яе перасталі прыходзіць. Больш за дзесяць гадоў я нічона не ведаю пра Святлану. У тым жа горадзе жылі яе дзеці: Ірына Віктараўна САЛДАТАВА, 1962-га, і Аляксандр Анатольевіч МАКСІМАЎ, 1974 гадоў нараджэння. Няхай яны адгукнуцца, раскажуць пра маці і пазнаёмяцца са сваёй цёткай. Надзея Аляксандраўна Баранцава, Мінскі раён”.

 Горкае рэха

“Я служыла ў акруговым ваенна-тэхнічным складзе №11 НКУС пагранічных войскаў. Ён знаходзіўся ў лесе на ўскраіне горада Заслаўя. 26 чэрвеня 1941 года гарнізон уступіў у бой з нямецкімі часцямі. Хочацца адшукаць месца пахавання камандзіра склада Пятра Васільевіча СОБАЛЕВА, 1895 года нараджэння. Надзея Ігнацьеўна Асташэнка, Кобрын”.
“Дапамажыце даведацца пра лёс майго дзядзькі Канстанціна Ягоравіча ГАЛАВАЧА, 1929 года нараджэння, ураджэнца вёскі Калодніца Крупскага раёна. Ён закончыў школу афіцэраў у Расіі, у горадзе Архангельску. У першыя дні вайны яго накіравалі на фронт. Хутка сувязь з ім абарвалася. Дзядзька прапаў без вестак у 1941 годзе. Тамара Сяргееўна Кулікова, Мінск”.
“Шукаю магілу майго мужа Максіма Афанасьевіча ГРЫЦАВА, 1913 года нараджэння, ураджэнца Быхаўскага раёна. Ён служыў у вайсковай часці, якая абслугоўвала 285-ю авіябазу. Адказ на мае пошукі быў адзін: у спісах жывых і тых, што загінулі, не лічыцца. Пазней атрымала з Быхаўскага ваенкамата паведамленне, што муж прапаў без вестак. В.С. Лянкоркіна, Магілёў”.
“Мой брат Генадзь Ісідаравіч САВЕЛЬЕЎ нарадзіўся ў красавіку 1925 года ў вёсцы Вуглы Полацкага раёна. Падчас вайны быў у горадзе Ош Кіргізскай ССР. У 1942-м пайшоў добраахвотнікам абараняць сваю Радзіму, у наступным годзе загінуў ва Украіне. Пра гэта нам паведаміў яго таварыш. Афіцыйнага паведамлення не было. Таму і не ведаем, пры якіх абставінах і дзе яго напаткала куля. Зінаіда Ісідараўна Гусева, Віцебск”.

Вайна і першае каханне

“Мне ўжо за 80 гадоў. Ідуць шчымлівыя ваенныя кінафільмы, а нам, пенсіянерам, усё мінулае ўспамінаецца: вайна і першае каханне. Быў 1943 год. Савецкая Армія вызваліла наш родны Добруш. Усё было разбурана, спалена. Застаўся адзін дом з трыма пад’ездамі, жылі па тры сям’і. У адным з іх у саўгасе імя Ланге пражывала і наша вялікая сям’я. Памятаю, што непадалёк працякала рачулка. Быў чыгуначны мост, які ахоўвалі кулямётчыкі. Жылі яны на ўзгорку ў зямлянках. Калі яшчэ жывы Віктар Якаўлевіч САПРОНАЎ (ці Сафронаў), прыкладна 1924 года нараджэння, думаю, ён усё ўспомніць. Я пазнаёмілася з ім, калі была зусім маладая, пра каханне нічога не ведала, ды і час быў такі цяжкі. Віктар быў вясёлым хлопцам, іграў на балалайцы, спяваў частушкі. Яшчэ і перайначыў песню: “Не забыць мне лангаўскіх прастораў, завулкаў і мастоў...”. Ён увесь час прыходзіў да мяне, прыносіў палявыя кветкі, кнігі, быў вясёлы, уважлівы. Я яго вельмі паважала. Гэта быў першы хлопец, з якім я пазнаёмілася, таму ён застаўся ў маёй памяці на ўсё жыццё. З Добруша ваенная часць паехала ў Літву, у горад Панявежыс, дзе таксама стаялі 7 месяцаў. У 1950 годзе, калі я ўжо была замужам, атрымала ад Віктара пісьмо з Харкава. Там ён пражываў на вуліцы Мікаяна і працаваў на бісквітнай фабрыцы, здаецца, бухгалтарам. Вельмі хочацца даведацца пра яго, хоць бы пісьмо напісаў, успомніць той почырк. Калі Віктара няма сярод жывых, можа, хто з родных адгукнецца, раскажа, як склалася яго жыццё. Тамара Маркаўна Крукава (Татарава), Добруш”.

Дарагія сябры

“Дапамажыце знайсці маю школьную сяброўку Надзею Ігнатаўну ШЧАРБІЦКУЮ, 1938—1939 года нараджэння. Мы з ёй у 1952 годзе закончылі сем класаў Язненскай СШ. Я пайшла ў восьмы, а яна паехала ў Слонім. Іх сям’я была бедная, бацька загінуў на вайне. Жыла яна ў Гродне ў сваёй цёткі. Пазней выйшла замуж і прозвішча змяніла на Бандарэнка. Нейкі час працавала ў арганізацыі, што аказвала рытуальныя паслугі. Пакуль жыла яе маці, яна прыязджала. Ужо больш за сорак гадоў я не бачылася з сяброўкай. Аляксандра Міхайлаўна Шамшур (Вяль), Міёрскі раён”.
“Разам з Соф’яй Уладзіміраўнай АКУЛІЧ (Конша), 1946 года нараджэння, мы закончылі Гусеўскі сельскагаспадарчы тэхнікум, ветэрынарнае аддзяленне, у 1966 годзе. Сябравалі ўсе чатыры гады. Потым па размеркаванні раз’ехаліся ў розныя бакі. У 1979 годзе сустракаліся апошні раз у Мінску. Пазней перапісваліся. Я шмат пераязджала і згубіла адрас аднакурсніцы. Соф’я жыла ў горадзе Омску, працавала на мясакантрольнай станцыі. У яе былі сын і дачка, двайняты. Сяброўка мая родам з Мінскай вобласці. Мела старэйшую сястру Валю, 1944 года нараджэння, якая жыла ў Мінску, і Людмілу, 1948 года нараджэння. Можа, сёстры раскажуць пра Соф’ю? Святлана Іванаўна Шавякова (Ермаліцкая), Старадарожскі раён”.

Схоплены па даносе

“Бацька мой Уладзімір Андрэевіч НЕВЯРОЎСКІ, 1902 года нараджэння, быў схоплены фашыстамі ў першыя дні акупацыі па даносе мясцовых нацыстаў. А разам з ім і васемнаццаць патрыётаў-актывістаў з вёскі Цюкантовічы Сталовіцкага сельсавета Баранавіцкага раёна. Пасля іх завезлі ў камендатуру ў суседнюю вёску Каўпеніца, збілі да паўсмерці. На наступны дзень пагналі ў калоне ваеннапалонных у кірунку на Беласток. Бацька пазней знаходзіўся ў лагеры ў населеным пункце Востраў Мазавецкі. Пра лёс яго і астатніх актывістаў нічога невядома. Дапамажыце мне знайсці звесткі пра бацьку, а таксама пра дзядзьку Канстанціна Мікітавіча СТАРАКОЖА, 1904-га, і швагра Мікалая Фёдаравіча ПЕТРУШКО, 1912 года нараджэння. Усе яны — ураджэнцы вёскі Цюкантовічы. Уладзімір Уладзіміравіч Невяроўскі, Баранавічы”.

Былі за кратамі

Барысаўчанін Сяргей Мікалаевіч Курчанаў, 1926 года нараджэння, у 1944 годзе знаходзіўся ў барысаўскай турме. Ён можа расказаць родным і блізкім пра лёс тых, хто быў з ім разам.

Аднакласнікі, аднакурснікі

“Мы закончылі 10 класаў віцебскай СШ № 13 у 1953 годзе. Хочацца арганізаваць сустрэчу ў сувязі з 56-годдзем з дня заканчэння школы. У нашым класе было 34 чалавекі. Яшчэ жывая настаўніца матэматыкі Ганна Аронаўна, якой 92 гады. Некаторых аднакласнікаў мы адшукалі ў блізкім і далёкім замежжы. Просім адгукнуцца Лізу БІЗУНКОВУ (Гецьман), якая жыве ў Мінску. Ад імя ўсіх Надзея Місурагіна (Паўлава), Віцебск”.
Ганна Мікалаеўна Зайцава (Турлак) з Магілёва не забывае пра сваіх сяброў з групы Т-10 Мінскага рамесніцкага вучылішча № 2 і просіць іх адгукнуцца.
“Пішуць вам Зоя Мікалаеўна Сцяпанава з Брэста і Валянціна Іванаўна Зуевіч з Пінска. Мы хочам адшукаць нашых былых аднакурснікаў. 61 год таму, у чэрвені 1948 года, мы, група студэнтаў з 18 чалавек, скончылі Пінскі настаўніцкі інстытут, гістарычнае аддзяленне, і раз’ехаліся па размеркаванню. Сустрэцца за гэты час мала з кім давялося. Ведаем, што некаторых няма ўжо сярод жывых. Мы памятаем усіх, нягледзячы на гады. Дарагія нашы аднакурснікі, адгукніцеся. Хочацца сустрэцца з вамі”.

Успомнім дзяцінства

“Мінула больш за паўстагоддзя, як я пакінула свой дзіцячы дом у пасёлку Гарадзец Кобрынскага раёна. Ён мне даў пуцёўку ў жыццё. У 1956—1957 гадах многія выйшлі з гэтай установы і паступілі ў тэхнікумы. Незабыўныя цяжкія гады, але цудоўныя. Нас вучылі жыць па-макараўску. Пасля дзіцячага дома я паступіла ў пружанскі тэхнікум. Увесь час успамінаю сваіх сябровак, выхаванцаў Гарадзецкага дзіцячага дома Галю ВАЙТКО, Алену КАТАШУК, Валодзю КАВАЛЁВА, Аляксандра ТРОЦКАГА, Уладзіміра БЯРКО і асабліва лепшую сяброўку Ніну ХУЦЯНКОВУ. Прашу адгукнуцца, каб сабрацца разам і ўспомніць наша дзяцінства. Любоў Рыгораўна Петрань (Трашчановіч), Брэст”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21.00.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter