Амаль дэтэктыўная гісторыя збору дакументаў для налічэння працоўнай пенсіі

Зваротны бок шыльды

Даўно не хадзіла пешкi па галоўным праспекце. А тут неяк надарыўся шпацыр каля старога, як яго называюць, Дома друку. І не, каб проста падзівіцца на 1935 года будынак-старажыл у стылі канструктывізму і рушыць мімаходзь далей, дык утаропiлася на шыльды каля цэнтральнага ўвахода. А там на фасадзе сярод іншых – «Раніца». Тут мяне і ўзняло: бач, вісіць сабе, нікуды не дзелася! Раздражненню была прычына. Сляды менавіта гэтай газеты я зусім нядаўна шукала. І, на жаль, безвынікова: пазначанага на шыльдзе выдання не знайшла ні сярод «жывых», ні сярод зніклых.

Гісторыя амаль дэтэктыўная.

Усё пачалося са збору дакументаў для налічэння працоўнай пенсіі, узрост падышоў. Ніякіх складанасцей і нечаканасцей у гэтай справе не прадбачылася. Мой прафесійны шлях — без сучка і задзірынкі, змена месцаў працы практычна без перапынку нават на дзень: звольнены-прыняты. Толькі вось з гэтай самай «Раніцай» — загваздка. У працоўнай кніжцы запіс пра пяць гадоў стажу ёсць. А ніякіх належных у такіх выпадках дакументальных пацвярджэнняў пра налічаную зарплату, утрыманыя з яе страхавыя ўзносы і гэтак далей — няма. Спачатку я не верыла і абуралася: не можа такога быць! Потым расстройвалася і хвалявалася: як жа так? Пасля – узялася за пошукі.


У гарадскім архіве на мой запыт толькі рукамі развялі: па правілах дакументы павінны быць тут, але на захаванне яны не паступалі. Паспачувалі: ліхія 1990-я… У Адзіным дзяржаўным рэгістры таксама шукалі, але інфармацыі пра існаванне або закрыццё такога выдання няма. Быццам і не было «Раніцы». Але ж была, несумненна. І пра гэта ведаю не толькі я, але і тысячы былых хлопчыкаў і дзяўчынак.

Пад назвай «Раніца» з лістапада 1993-га выходзіла перайменаваная газета «Піянер Беларусі» — найстарэйшая, масавая, штотыднёвая дзіцячая, на роднай мове. Не якая-небудзь паперчына, а орган ЦК ЛКСМБ і Рэспубліканскага савета піянерскай арганізацыі імя У.І. Леніна, між іншым. Год заснавання — 1929-ы. Грымела на ўсю рэспубліку, выступала ініцыятарам многіх карысных спраў і пачынанняў. Мяхамі атрымлівала лісты ад чытачоў і юных карэспандэнтаў з усёй краіны. У розны час з ёй супрацоўнічалі класікі нашай літаратуры, і менавіта на яе старонках упершыню спрабавалі сваё пяро многія сёння вядомыя пісьменнікі і журна-лісты.

Дык куды ж знікла частка архіўных бухгалтарскіх звестак пра дзейнасць пераемніцы славутага выдання для піянераў і школьнікаў? Калі хто ведае — раскажыце. Цікава – гэта адно. Але ж і для вырашэння жыццёвых пытанняў былых супрацоўнікаў неабходна, як і мне, з тым жа пошукам даведак. І, мяркую, не мне адной. Ну крыўдна, праўда. Працаваў, працаваў, а тут — бац! Дакажы, што не дома пяць гадоў сядзеў.

Мне, дарэчы, за пацвярджэннем факта атрымання зарплаты прыйшлося звяртацца ў суд. Аказалася, працэдура руцінная, нескладаная і нядоўгая. Пытанне вырашылася, дакумент патрэбны выдалі, па ім пенсію налічылі — кропка. Вось толькі сумненні дасюль мучаюць. У пенсіённай бухгалтэрыі, калі ведаеце, памер колішняга заробку значэнне мае. Мае «згубленыя» пяць гадоў ацанілі па тагачаснай сярэдняй зарплаце па краіне. Калі ў параўнанні з ёй мой даход быў ніжэйшы, то добра, я яшчэ і ў выйгрышы. А калі вышэйшы? Вось жаба і паддушвае.

Сяброўка раіць: выкінь з галавы, смяецца, маўляў, песіміст я невыпраўны. Мабыць, так і ёсць. От, не глядзела б лепш на тую шыльду!..

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter