
Гандаль да школьнага сезона арганізаваны ў Мінску з мінулага тыдня. У 54 магазінах прадстаўлены максімальна шырокі асартымент адзення, абутку і ўсяго неабходнага вучню да 1 верасня, расказвае Святлана Шыцікава, галоўны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама:
— Напрыклад, шырокі асартымент можна знайсці ў ГУМе, ЦУМе, універмагу «Беларусь» і г.д. 410 аб'ектаў харчовых і нехарчовых сетак прапануюць асобныя віды канцылярскіх тавараў да школы. А 18—19 жніўня пройдзе кірмаш «Пара ў школу» каля Палаца спорту.
У ГУСР падлічылі: кошт школьных тавараў застаўся на ўзроўні мінулага года. Апрануць вучня малодшых класаў (купіць адзенне, абутак і галантарэйныя тавары) можна за 202—750 рублёў. Зборы школьніка старэйшых класаў абыдуцца крыху даражэй: ад 235 да 890 рублёў.

— Для дзяўчынак у мінскіх магазінах прадстаўлены больш за 240 мадэляў адзення, для хлопчыкаў — звыш 230. Асартымент абутку таксама шырокі: каля 90 мадэляў для школьнікаў і каля 80 для школьніц. Заплечнікаў і партфеляў — звыш 200 мадэляў, — пералічвае Святлана Шыцікава. — Дарэчы, тканіны для дзіцячай школьнай формы ў гэтым годзе сталі змяшчаць больш віскозы, чым шэрсці: малыя не вельмі любяць шэрсць, і гэта было зроблена для іх камфорту.
На базары «У школу з ЦУМам» ажыятажу пакуль не назіраецца. Прадаўцы заўважаюць: актыўна закупляцца да вучобы пачынаюць у жніўні і ў дні, калі ў магазіне дзейнічаюць 20-працэнтныя зніжкі (чацвер і субота). Акуратна па памерах развешаны модныя спадніцы для школьніц і рознакаляровыя кашулі для самых маленькіх школьнікаў. Паглядзім, што па чым. Вельветавы касцюм для навучэнца малодшых класаў каштуе 79 рублёў, сарафаны — каля 60 рублёў. Заплечнікі — ад 35 да 92 рублёў.
Каля люстэрка прымярае чарговы пінжак другакласнік Дзіма. Шопінг яму не па душы — гатовы пагадзіцца на любы варыянт. А вось бацькі ніяк не могуць вызначыцца — выбіраюць з трох мадэляў:
— Камплект падабраць не змаглі. Пінжак сеў добра, а штаны не падышлі. Збіраем форму паасобку. Гэты пінжак спадабаўся, каштуе 80 рублёў. Звяртаем увагу на тое, каб быў стыльным і якасным.
Ідзём далей — на стэлажах чаравічкі для школьніц і школьнікаў. Першакласніца прымярае сімпатычныя балеткі са стразамі, а я пытаюся ў яе маці, ці задаволеная коштам і асартыментам.
— Туфлі каштуюць каля 40 рублёў. Я лічу, што цана адэкватная. Толькі хацелася б, каб выбар быў больш шырокі. Дарэчы, вось гэтыя туфлі хоць і прыгожыя, але са штучнага матэрыялу. Усё ж хачу скураны абутак купіць дачцэ. А што тычыцца школьнай формы, то касцюм пакуль не выбралі. Мадэлі адзення падабаюцца, але часта ў іх шмат сінтэтыкі, — дзеліцца назіраннямі Вольга.
У канцылярскім аддзеле ўнівермага больш ажыўлена. Тут напярэдадні школьнага сезона пашырылі асартымент і ўсталявалі дадатковыя стэлажы. Ручкі, сшыткі, пеналы — на любы густ.
Плануецца, што ва ўсіх рэгіёнах краіны ў гэтым годзе будзе працаваць каля 600 школьных базараў.
matuzova@sb.by