«Навсегда запомнил, что конфеты были в блестящих фантиках»: как партизаны помешали карательной операции гитлеровцев

Зусiм не салодкiя ўспамiны

У маіх родных мясцінах, вёсцы Пешкi Бяро­заўскага раёна, як і ва ўсёй Беларусі, падчас нямецкай акупацыі здаралася самае рознае. Іншы раз зусім не заканамернае альбо вельмі загадкавае, дзіўнае і проста незразумелае. Але заўсёды небяспечнае і страшнае, бо мы, канечне, не ведалі, што чарговы раз задумалі ворагі і чым гэта скончыцца для нас. Так было і ў той сітуацыі, пра якую хачу расказаць.

Немцы акружылі сваім канвоем, так што мы адразу зразумелі: уцячы няма ніякай магчымасці.
yandex.kz

Вялікі гурт


Высокі і светлы летні поўдзень далёкага 1944-га. На хутары Буда, дзе знайшлі прытулак многія пагарэльцы з нашай вёскi, ціха, самотна і трывожна. Зрэдку хто-небудзь пакажацца на двары і хутчэй у хату. У суседняй вёсцы Менявеж немцы, калі не дай Бог заўважаць чалавека на нашым хутары — надарыцца бяда. Яна не мінула нас.

Нечакана на хутары з’явіліся немцы. Дзіўна, але былi яны зусім не такія, як заўсёды. Не крычалі злосна, не замахваліся прыкладамі, не выганялі сілай людзей з хат, а паводзілі сябе даволі стрымана. Зайшлі два ў хату, дзе тулілася наша сям’я, і паказваюць, што нам усім трэба выйсці на двор. Маці схапіла нейкія лахманы, цягне нас, чацвярых, з хаты.

Мы выйшлі — а куды падзецца. На двары збіралася многа людзей, і толькі жанчыны, дзеці. Ніводнага мужыка ці хлопца, яны ў апошні час дома не начавалі. Некаторыя даўно сталі партызанамі, іншыя проста абжыліся ў лесе, каб не трапіць у лапы азвярэлых акупантаў.

На хутары ж заставаліся толькі жанчыны, дзеці, старыя і нямоглыя. Але сувязь паміж хутарам і ляснымі салдатамі была пастаянная і вельмі надзейная. Бо кожныя суткі ў Буду прабіраліся 2—3 чалавекі з лесу. Часцей ноччу, а калі блізка не было чуваць немцаў, дык і днём. І пра ўсё, што адбывалася на хутары, добра ведалі ў лесе.

На гэты раз немцы сабралі жыхароў нашай Буды ў вялікі гурт. Праўда, старых людзей пакінулі ў хатах, а жанчыны і дзеці стаялі і са страхам чакалі, што будзе далей. Немцы акружылі сваім канвоем, так што мы адразу зразумелі: уцячы няма ніякай магчымасці.

Тут пачулася гучная каманда, нам паказалі, куды трэба ісці. Наша маці трымала на руках малодшага браціка Ваську, якому ішоў толькі другі годзік, а мы, трое старэйшых дзяцей, учапіліся за яе, каб не адстаць. Ісці было вельмі цяжка, бо неміласэрна пякло сонца, ад смагі перасохла ў роце, пот заліваў вочы, нам стала млосна, так што мы ледзь цягнуліся. А мо і наўмысна не спяшаліся, бо не ведалі, што нас чакае наперадзе.

«Калі ж такое было?»


Вось і хутар. Ага, дык тут многа людзей, такіх, як мы: жанчыны і дзеці. Размясціліся на прасторным двары хто дзе: на траве, проста на пяску, каму пашанцавала — у цяньку пад дрэвамі. Хаваюцца ад спякотнага сонца. Мы ўсе трымаемся разам, прыслухоўваемся, пра што гавораць тыя людзі, якіх немцы прыгналі сюды раней. Высвятляецца, што яны з навакольных хутароў, ім таксама няўцям, што ўздумалі немцы.

Марудна цягнецца час, малыя дзеці млеюць на гарачыні, многія плачуць, а бедныя маці не могуць іх суцешыць. Вось з хаты выйшла некалькі немцаў, ходзяць сярод людзей, гяргечуць па-свойму і штосьці працягваюць дзецям. «А Божачка, дык яны ж цукеркі даюць нашым малым, — здзіўляюцца некаторыя жанчыны. — Калі ж такое было?» Жанчыны прыкрываюць чым могуць заплаканыя мурзатыя тварыкі сваіх дзетак, абы толькі схаваць ад немцаў. «Ніякіх цукерак ад немцаў браць не будзем, бо, відаць, хочуць імі задобрыць нас, — перагаворваюцца паміж сабою жанчыны. — А для чаго? Не дай Бог адбяруць нашых дзетак, што тады будзе? Ды і хто ведае, што гэта за цукеркі…»

Вось і да нас падышоў высокі худы немец, спыніўся, глядзіць на заплаканую маці, на нас, захутаных у лахманы. Дастае нешта з кішэні — і мы бачым у яго жмені шмат цукерак. Немец бярэ адну, працягвае мне.

Той момант і цяпер перад маімі вачыма. Ніхто з нас чацвярых раней ніколі не бачыў ніякіх цукерак, мы нават не ведалі, што гэта такое. А тут раптам стаіць немец з поўнай жменяй. Чамусьці назаўсёды запомніў, што цукеркі былі ў прыгожых бліскучых паперках. Пэўна, мне хацелася ўзяць тую, што немец працягнуў мне, гэта ж зусім натуральна для дзіцяці.

Ужо потым маці расказвала, як немец цярпліва чакаў, калі ж я вазьму той гасцінец. Ён не злаваўся, наадварот, хітравата ўсміхаўся, уважліва сачыў за кожным маім рухам. Безумоўна, немец добра разумеў, што зараз адбываецца ў маёй душы, бо мяне выдаваў выраз твару. Так бы мовіць, змагаліся паміж сабою два пачуцці. Першае — вельмі ўжо вабілі цукеркі, мо ўзяць хаця б адну? Другое — абсалютна супрацьлеглае пачуццё: дык гэта ж варожыя цукеркі.

— Я была ў адчаі і не ведала, што рабіць, — успамінала маці. — Бачыла, што ты спалохаўся і вось-вось заплачаш. Панура стаяў, апусціўшы галоўку, і маўчаў, быццам загіпнатызаваны немцам. А той ужо пачаў злавацца, і хто ведае, што ён мог зрабіць з табою, такім упартым. І ў гэты момант на маіх руках моцна заплакаў наш маленькі Васька. Немец азірнуўся на мяне, а ты спрытна шугануў у другі бок да чужой сям’і, там і схаваўся. Тут пачулася каманда, немцы подбегам рушылі да хаты. А гэты, каля нас, не ўбачыўшы цябе, злосна шпурнуў усе свае цукеркі на гарачы пясок. І тут жа нам злосна крыкнулі, што можам разыходзіцца па сваіх хатах...

Мы вярнуліся дамоў пад вечар і не маглі паверыць, што засталіся жывымі. «А гэтыя ж немцы, пэўна, будуць вяртацца ў Менявеж па той жа дарозе, па якой і прыйшлі на наш хутар», — трывожна перагаворваліся жанчыны.

Хата, у якой мы жылі, стаяла на краі Буды, і якраз тут пралягала дарога ў Менявеж. Мы пільна ўглядаліся ў бок таго хутара, адкуль толькі што вярнуліся. Я схаваўся ў густых кустах арэшніку ўздоўж дарогі. Раптам уздрыгнуў ад таго, што нечакана ўбачыў: да нашай Буды падыходзілі немцы. Канечне, тыя самыя, што гналі нас на хутар. Я затаіўся ў гушчары, і немцы мяне не бачылі. Яны ішлі таропка і ціха-ціха, ні слова, ні гуку. Вось і зніклі ў вячэрнім змроку.

Хутар «пад прыцэлам»


Вось якая гісторыя. Што планавалі немцы, калі сагналі на хутар столькі людзей? Чаму так настойліва прапаноўвалі дзецям цукеркі? І яшчэ: чаму трымалі нас на хутары амаль цэлы дзень і раптам усіх адпусцілі дамоў? Відаць, нешта сарвала тую іх акцыю. Так, не ўдалася гітлераўцам страшная задума, бо іх перахітрылі партызаны, пра што мы неўзабаве даведаліся. Аказваецца, партызаны з блізкага лесу пільна сачылі ў той дзень за немцамі. І, канечне, бачылі, як тыя зганялі на хутар многа людзей, былі ўпэўнены, што вырадкі задумалі нешта жахлівае. Партызаны, вобразна кажучы, трымалі той хутар «пад прыцэлам», але ж вырашылі не нападаць, бо, калі завяжацца бой, загіне многа жанчын і дзяцей. Дый у Менявежы, як выявіла партызанская разведка, стаялі яшчэ немцы, яны маглі прыйсці сваім на дапамогу. Таму партызаны былі напагатове, сачылі, як павядуць сябе немцы, і чакалі. Немцы, канечне, ведалі, што ў навакольных лясах сабраны вялікія партызанскія сілы, таму не рызыкавалі, у лес баяліся забірацца, бо ў любым месцы іх чакала засада.

Было ж радаснае і хвалюючае лета 1944-га, па беларускай зямлі магутна і няспынна ішла вызваленчая аперацыя «Баграціён». І ўжо праз некалькі дзён мы, якія дзякуючы партызанскай хітрасці засталіся жывымі, сустракалі нашых чырвонаармейцаў — запыленых, стомленых, але вясёлых, такіх жаданых і родных…

Міхаіл ШЫМАНСКІ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter