Флаги, одежда времен ВОВ и скафандр Петра Климука: Музей молодежного движения закрыли для капитальной реконструкции

Зуciм iншая гісторыя

Пачалася капітальная рэканструкцыя Музея маладзёжнага руху. Там захоўваецца больш за 20 000 унікальных экспанатаў, якія адлюстроўваюць амаль векавую гісторыю нашай краіны. Ёсць даваенныя рэліквіі, рэчы часоў ВАВ, перыяду аднаўлення народнай гаспадаркі. У музеі хутка зробяць рамонт, пашыраць экспазіцыю, адкрыюць новыя выставачныя залы, установяць сенсорныя панэлі і сучасныя інтэрактыўныя стэнды. Абнаўленне абяцаюць завяршыць да гучнай даты — 100-годдзя камсамола Беларусі. Карэспандэнт «Р» дакранулася да гісторыі і даведалася падрабязнасці.

Да будаўнікоў далучыліся байцы студэнцкага атрада БНТУ. Яны дапамаглі перанесці фондавыя матэрыялы музея ў іншае памяшканне, дзе рэліквіі будуць захоўвацца і чакаць свайго зорнага часу.

Назад у СССР

Алег Дзікун: «Адзін з яркіх экспанатаў — сімвалічны ключ з буйным надпісам «БАМ». Менавіта такія прэзенты ўручалі, калі адкрывалі чарговы аб’ект».
Музей, які захоўвае амаль векавую гісторыю маладзёжнага руху краіны, размясціўся ў Рэспубліканскім доме моладзі ў Мінску. Сёння ў памяшканні экспанатаў няма — у разгары рамонт. Нядаўна да будаўнікоў далучыліся байцы студэнцкага будаўнічага атрада БНТУ. Яны дапамаглі перанесці фондавыя матэрыялы музея ў іншае памяшканне, дзе рэліквіі будуць часова захоўвацца і чакаць свайго зорнага часу. Капітальную рэканструкцыю і ўстаноўку сучаснай тэхнікі плануюць завяршыць ужо да вясны.

Невялікую экскурсію нам праводзіць другі сакратар ЦК БРСМ Алег Дзікун:

— Зараз у музейных пакоях шпаклююць сцены: калекцыя пакуль недаступная для гледача, але для вас зробім выключэнне. Глядзіце, гэта нашы найбольш каштоўныя экспанаты. Напрыклад, прадметы часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Алег Дзікун круціць у руках алюмініевую пляшку для вады. Посуд цэлы, але пагнуты — перажыў нялёгкі час. Цяжкая доля дасталася і рарытэтнаму тэлефону: артэфакт пашарпаны, але ад гэтага не менш каштоўны. Ваенны дзіркакол для газетнай падшыўкі, патроны, нажы ў прыгожых чахлах, старадаўнія скрыначкі — ад багацця экспанатаў вочы разбягаюцца.

— Звярніце ўвагу на гэтыя капсулы. Унутры знаходзіцца зямля, — Алег Дзікун працягвае мне жалезныя колбы. Бяру іх у рукі — цяжкія!

Чытаю пасланне, напісанае каліграфічным почыркам: «Зямля, прамочаная крывёй, узятая з месца жорсткіх танкавых баёў і бессмяротных подзвігаў у перыяд бітвы на вогненнай Курскай дузе, 12 ліпеня 1943 года». Трымаеш у руках гэты музейны экспанат — і дрыжыкі бяруць: энергетыка вельмі магутная!

Алег Дзікун дэманструе і іншыя не менш цікавыя артэфакты. Напрыклад, ваенны бінокль, які вельмі добра захаваўся. Разглядаю кішэнныя гадзіннікі тых часоў, брытву, пласкагубцы. Погляд прыцягвае і набор для ежы — гэта алюмініевыя талерка, відэлец, кубак. Заўважаю і шкатулку з люлькай для курэння тытуню, а ўнутры запіска: «Франтавая табакерка і курыльная люлька, якая захавалася з часоў Сталінградскай бітвы». Мяркуючы па надпісе ніжэй, музею яе перадалі ў 1984 годзе. Таксама каштоўны рарытэт — шашка легендарнага палкаводца, двойчы Героя Савецкага Саюза маршала Івана Баграмяна.

Сярод каштоўных экспанатаў ёсць і вельмі незвычайны — скафандр касманаўта Пятра Клімука.

Таежная рамантыка БАМа

З гісторыі вядома: школу камсамола за час яго існавання прайшлі каля 200 млн чалавек. Неймаверныя лічбы — аналагічнай маштабнай арганізацыі ў свеце не было і наўрад ці будзе. Вялікія будоўлі — адна з лепшых традыцый маладзёжнага руху. Ні адзін буйны аб’ект не абыходзіўся без удзелу моладзі. Дарэчы, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — пераемнік камсамола, які ўвабраў у сябе лепшыя яго традыцыі. Кожны пяты малады чалавек краіны — член БРСМ. Сёння тысячы юнакоў і дзяўчат таксама ўцягнуты ў студэнцкія атрады, дзе атрымліваюць свой першы працоўны вопыт.

Алег Дзікун прапануе прайсці да іншай тэматычнай выставы і тлумачыць:

— Нашы хлопцы і дзяўчаты сёння працуюць на самых знакавых будоўлях краіны і за мяжой. Мы хочам, каб цяперашняя моладзь магла паглядзець, як усё пачыналася, як паступова развіваўся студатрадаўскі рух.

Перада мной дакументы тых часоў, мандаты, камсамольскія білеты, ордэны, медалі, сцягі, ганаровыя граматы. Цікава разглядаць пажоўклыя фатаграфіі са шчаслівымі, усмешлівымі хлопцамі і дзяўчатамі. Здымкаў шмат, ёсць нават цэлыя альбомы. Асабліва каштоўныя кнігі, шмат з якіх у адзінкавых экзэмплярах, імянныя пуцёўкі на ўсесаюзныя будоўлі, выразкі з камсамольскіх газет і часопісаў, пласцінкі і многае іншае. Ёсць нават ордэн Чырвонага Сцяга і ордэн Леніна, якімі быў узнагароджаны камсамол Беларусі. Прадстаўлена адзенне, напрыклад, курткі байцоў.

Адзін з яркіх экспанатаў — сімвалічны ключ залатога колеру з буйным надпісам «БАМ». Менавіта такія прэзенты ўручалі, калі адкрывалі чарговы аб’ект. Байкала-Амурская магістраль — чыгунка ва Усходняй Сібіры і на Далёкім Усходзе — з’яўляецца адной з найбуйнейшых чыгуначных магістраляў у свеце. У сярэдзіне 1970-х гадоў БАМ абвясцілі Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўляй. Тысячы маладых людзей атрымалі пуцёўкі на будаўніцтва магістралі. Моладзь не палохалі ні бытавыя нязручнасці, ні цяжкі клімат. Байцы студатрадаў пабудавалі каля 200 чыгуначных станцый і раз’ездаў, 60 гарадоў і пасёлкаў, 2230 вялікіх і малых мастоў. Многія ўдастоіліся высокай ацэнкі і атрымалі ўрадавыя ўзнагароды.

— Тады студатрады значна адрозніваліся ад цяперашніх. Сёння моладзь жыве ў камфортных умовах, прадастаўляецца ўтульнае жыллё. А ў тыя гады байцы ў асноўным начавалі ў палатках, самі будавалі сабе часовае жыллё, ежу гатавалі ў палявых умовах. Акрамя стварэння побыту на пустым месцы, яны вельмі шмат працавалі. Бывала, што за месяц маглі выканаць план на паўгода, — Алег Дзікун паказвае старыя здымкі, дзе адлюстравана жыццё студатрадаўцаў XX стагоддзя. 

Прыйшоў час мяняцца

Перад маштабнай рэканструкцыяй Музея маладзёжнага руху правялі вялікую работу: сабралі па тэматыцы, акуратна вынеслі і спакавалі тысячы каштоўных экспанатаў. Сярод іх і вельмі незвычайны — скафандр касманаўта Пятра Клімука. Ён, будучы сам камсамольцам, асабіста перадаў яго на захоўванне ў музей. Алег Дзікун спадзяецца, што традыцыя дарэння працягнецца і з часам музей папоўніцца новымі каштоўнымі экспанатамі:

— Усе жадаючыя папоўніць фонды могуць перадаць рэліквіі маладзёжнага руху са сваіх асабістых архіваў. Месца хопіць усім: калі раней экспазіцыя займала невялікую плошчу, толькі 60 квадратных метраў, то ў 2020 годзе яна сур’ёзна пашырыцца.

Пасля капітальнага рамонту з’явяцца новыя залы. Ужо сёння гатовы карціны для незвычайнай галерэі. Усяго 24 графічныя чорна-белыя карціны, на якіх намаляваны партрэты першых сакратароў ЦК ЛКСМБ. Каб увасобіць праект у жыццё, актывістам БРСМ прыйшлося правесці немалую пошукава-даследчую работу. Па знойдзеных фатаграфіях, а часам яны былі малюсенькія, два на тры сантыметры, студэнты мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў малявалі партрэты.

— Музей стане сучасным і інтэрактыўным. Так, архіўныя відэа будуць трансліравацца на спецыяльных экранах, для дэманстрацыі лічбавай візуальнай інфармацыі таксама ўстановім сенсорныя панэлі. З дапамогай найноўшых тэхналогій цяперашняя моладзь зможа зручна і цікава акунуцца ў мінулае. Дарэчы, эскіз праекта абноўленага музея амаль гатовы, — анансаваў суразмоўца.

Алег Дзікун расказаў яшчэ пра адну навінку — у наступным годзе прэзентуюць кнігу, дзе падрабязна распішуць і наглядна пакажуць развіццё руху студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі нашай краіны. Акрамя сухіх фактаў, будзе шмат лірыкі: былыя байцы, камандзіры і камісары падзеляцца сваімі жыццёвымі гісторыямі.

— У гэтым годзе руху студатрадаў у СССР 60 гадоў, а ў 2020 годзе мы прэзентуем кнігу пра нашу гісторыю. У выданне ўключаць максімальную колькасць тэкставай інфармацыі і фота, каб было цікава, ёміста і захапляльна, — агучыў планы Алег Дзікун. — Апавяданні вельмі пранікнёныя, бо праца ў студатрадах ніколі не забываецца. Людзі нават праз 40—50 гадоў падтрымліваюць адносіны, сябруюць, а многія стварылі сем’і.

ypopko@sb.by

Фота аўтара і Аляксея СТАЛЯРОВА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter