
На здымках штодзённыя справы палярнікаў. Гэта і лядовая разведка на ледніку Хейса, і пагружэнне ў воды Паўднёвага акіяна для правядзення марскіх даследаванняў, і кліматычныя замеры… Самае галоўнае — мантаж лабараторна-жылога модуля нашай антарктычнай станцыі.
— Спачатку верталёт ставіць секцыі на платформу, — каменціруе кадры з Белага кантынента начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Ігар Пільшчыкаў. — Затым спецыяльнымі сцяжкамі і магутнымі танкавымі дамкратамі боксы падцягваюць адзін да аднаго і злучаюць. Зазоры паміж секцыямі закрываюць спецыяльнымі гумавымі ўшчыльнікамі.

Што тычыцца надвор'я, то люты палярнікаў асабліва не песціў. Нязменны кіраўнік нашых антарктычных экспедыцый Аляксей Гайдашоў нават жартаваў з гэтай нагоды, што мінулая зіма ўвойдзе ў мясцовую кнігу рэкордаў Гінеса па колькасці штармавых дзён. Надвор'е надвор'ем, а працу ніхто не адмяняў. У гэтым сезоне зроблена нямала. Палярнікі ўжо ўвялі ў эксплуатацыю тры новыя секцыі антарктычнай станцыі. Гэта санітарна-гігіенічная, лабараторна-жылая і жылая. Цяпер паступова пераходзяць да кансервацыйных мерапрыемстваў. Рыхтуюць станцыю да зімовага сезона, які ў Антарктыдзе прыпадае на наша лета.

Пры добрым збегу абставін у Мінск удзельнікі экспедыцыі вернуцца ўжо ў канцы красавіка. Судна «Акадэмік Трошнікаў», на якім палярнікі пакінуць Антарктыду, ужо сустрэлася ў Кейптаўне з другім суднам «Акадэмік Фёдараў» і ўзяло да сябе на борт верталёты і частку грузаў. Неўзабаве карабель адправіцца на станцыю «Маладзёжная» ў Антарктыду. Там верталёты перакінуць на кантынент гаражны бокс.

— Гаражная секцыя звонку выглядае гэтак жа, як і ўсе астатнія. Яна зроблена на базе дваццаціфутавага марскога кантэйнера, — паказвае фота бокса Ігар Пільшчыкаў. — Секцыя прызначана для захоўвання спецтэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў Антарктыдзе. Гэта ў асноўным снегаходы і ўсюдыходы. Да таго ж гаражная секцыя — гэта свайго роду СТА. Пры неабходнасці ў ёй можна рамантаваць тэхніку. Поўны набор інструментаў для гэтага маецца.

Палярнікі разгрузяць гаражны бокс і ўстановяць яго на платформу. Затым навуковы груз і саміх навукоўцаў верталёты даставяць на борт карабля. Судна таксама забярэ і расійскіх палярнікаў. Удзельнікаў экспедыцыі высадзяць ва ўругвайскім порце Мантэвідэа. Калі атрымаецца ўзгадніць візавыя пытанні, то з Уругвая нашы палярнікі прыляцяць у Мінск самалётам. У іншым выпадку шлях дадому ім трэба будзе пераадолець па моры.

gorbatenko_inna@mail.ru
Здымкі прадастаўлены Рэспубліканскім цэнтрам палярных даследаванняў.