Беларусь павялічвае пастаўкі прадуктаў харчавання на расійскі рынак

Зроблена ў ЕАЭС

Беларусь павялічвае пастаўкі прадуктаў харчавання на расійскі рынак

Сёлета беларускага малака, мяса, сыроў, сметанковага масла і іншых прадуктаў харчавання на расійскім рынку будзе больш. На 75 тысяч тон павялічваюцца продажы натуральнамалочнай прадукцыі, на 41 тысячу — сыроў і тварагу, на 10 тысяч — свініны. Больш будзе пастаўлена таксама ялавічыны і сухога неразве­дзенага малака. Менавіта такія лічбы нядаўна на сумеснай калегіі Мінсельгаса Расіі і Мінсельгасхарча Беларусі, якая прайшла ў Мінску, зацвердзілі кіраўнікі аграрных ведамстваў. 

На 2015 год перад беларускімі вытворцамі прадуктаў харчавання пастаўлена задача павялічыць экспарт прадукцыі ў Расію на 10 працэнтаў

Начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Беларусі Аляксей Багданаў лічыць гэтую тэндэнцыю заканамернай: 

— Нягледзячы на тое, што мінулы год у плане экспарту складваўся няпроста, нам усё-такі ўдалося справіцца з праблемамі. У выніку запасы мяса-малочнай прадукцыі на складах прадпрыемстваў да канца снежня былі мінімальныя. Узніклую стратнасць харчовага экспарту пераадолелі дзякуючы рашэнню аб устанаўленні цэн у доларавым эквіваленце. Гэта зна­чыць: цана тавара прывязана да курса долара, хоць разлікі і ажыццяўляюцца ў расійскіх рублях. Што гэта дало? Прадпрыемствы, якія пачалі з восені атрымліваць ад гандлю на расійскім рынку страты, цяпер з прыбыткам. Спачатку расійскім партнёрам, можа, было і нязвыкла працаваць па новых правілах, аднак за кароткі тэрмін усе пытанні зняты, сітуацыя стабілізавалася. Хоць гадавы сельскагаспадарчы экспарт у грашовым выражэнні знізіў­ся. Паводле аператыўных дадзеных, ён склаў 3,15 мільярда долараў — на 5 працэнтаў менш, чым у 2013 годзе. І гэта нягледзячы на рост паставак у натуральным выражэнні. Больш за 90 працэнтаў у гэтай суме — доля расійскага рынку. Не сакрэт, што ў сусе­дзяў запатрабаваныя нашы прадукты харчавання, і мы даражым даверам пакупнікоў, пастаянна працуючы над павышэннем іх якасці і спажывецкіх уласцівасцяў. 

Дарэчы, пра якасць. Усё часцей на сустрэчах прадстаўнікоў рэальнага сектара Беларусі і Расіі гучыць ідэя распрацаваць адзіны для Еўразійскага эканамічнага саюза знак якасці “Зроблена ў ЕАЭС”. Паводле слоў Аляксея Багданава, беларускія аграрныя прадпрыемствы гатовыя ўжо сёння выпускаць пад ім прадукцыю. 

— Калі мы прыйдзем да гэтага, будуць распрацаваны патрабаванні, устаноўлены рэгламенты, то чаму б не выпускаць прадукцыю пад адзіным знакам “Зроблена ў ЕАЭС”? Мы падтрымліваем гэтую ідэю і гатовы падтрымаць тыя прадпрыемствы, якія ўжо створаны або будуць стварацца, каб працаваць у дадзеным напрамку. Гэта пашырыць магчымасці і дазволіць сельгасвытворцам павялічыць выгаду ад рэалізацыі прадукцыі як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. 

Да таго ж з кожным годам у партнёраў па інтэграцыйным аб’яднанні назапашваецца досвед сумеснай работы па пашырэнні нацыянальнай прадукцыі на рынкі трэціх краін. Цяпер, напрыклад, “тройка” актыўна працуе над пагадненнем аб зоне свабоднага гандлю з В’етнамам. У выніку нашы краіны атрымліваюць “бонусы” у бяспошлінным пашырэнні на в’етнамскі рынак шэрагу экспартаёмістых таварных пазіцый, у тым ліку мяса-малочнай прадукцыі. 

2015-ы — першы год рэалізацыі Канцэпцыі ўзгодненай (скаардынаванай) аграпрамысловай палітыкі дзяржаў — членаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Галоўная мэта — да канца дапрацаваць праблемныя пытанні па забеспячэнні бесперашкоднага руху тавараў і паслуг унутры ЕАЭС, адзначыў Аляксей Багданаў: 

— Для рэалізацыі канцэпцыі рашэннем Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў лістападзе 2014 года зацверджаны паэтапны план мерапрыемстваў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб пытаннях фінансавання, дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі, рэгуляванні агульнага рынку, мерах па яго абароне, адзіных патрабаваннях у сферы вытворчасці і абарачэння сельгаспрадукцыі, а таксама яе экспарту. 

На гэты год перад беларускімі аграрыямі пастаўлена задача павялічыць экспарт прадукцыі на 10 працэнтаў, прычым значна пашырыўшы геаграфію паставак. Для яе выканання ёсць усё неабходнае. Дарэчы, з 23 прадпрыемстваў, якія атрымалі летась забарону Рассельгаснагляду на пастаўку прадукцыі на расійскі рынак, сёння абмежаванні не знятыя з 9. Паводле інфармацыі Рассельгаснагляду, хутка гэтыя прадпрыемствы будуць праінспектаваныя расійскімі спецыялістамі на прадмет дазволу паставак прадукцыі з ялавічыны. 

Лілія Хлыстун 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter