Книга «Символы Беларуси» объединила более сотни событий и объектов, благодаря которым нашу страну знают и ценят в мире

Зразумелыя сімвалы

У  выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ўбачыла свет кніга «Сімвалы Беларусі». Унікальная 224-старонкавая навінка падрыхтавана сумесна з Музеем сучаснай беларускай дзяржаўнасці і прысвячаецца самым значным сімвалам Беларусі, дзякуючы якім нашу краіну ведаюць і цэняць у свеце, паведамляе bel-en.by. У кнізе на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай — прадстаўлены больш за 100 аб’ектаў і з’яў.


Гаворка ў выданні не толькі пра дзяржаўныя сімвалы краіны. Значная частка кнігі прысвечана архітэктурным аб’ектам. Сярод узгаданых славутасцей — Нясвіжскі і Мірскі замкі, архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску, шматфункцыянальны спартыўны комплекс «Мінск-Арэна», Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Вялікі тэатр оперы і балета і многія іншыя. Духоўнымі сімваламі беларускай нацыі лічацца Крыж Еўфрасінні Полацкай, Жыровіцкі абраз Божай Маці, Тураўскае Евангелле, слуцкія паясы і некаторыя іншыя аб’екты. Да сімвалаў беларускай прыроды адносяць бусла, зубра, лён, васілёк, бульбу, а таксама Белавежскую пушчу, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Браслаўскія азёры і жамчужыну краіны — возера Нарач.


У кнізе таксама распавядаецца пра людзей, якія сталі сапраўднымі сімваламі Беларусі і праславілі краіну далёка за яе межамі. Гэта пісьменнікі Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, мастакі Іван Хруцкі, Марк Шагал, Міхаіл Савіцкі, спартсмены Руслан Салей, Дар’я Домрачава і іншыя.


У выдавецтве мяркуюць, што кніга прыйдзецца даспадобы ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і сучаснасцю беларускай дзяржавы, гасцям і жыхарам краіны.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter