Зразумела без перакладу

На працягу тыдня ў сталіцы будуць гучаць славянскія мовы

На працягу тыдня ў Мінску будуць гучаць славянскія мовы

У Мінску працягвае працаваць XV Міжнародны з’езд славістаў. Наша краіна прымае аўтарытэтны форум упершыню. Больш за 600 навукоўцаў з 35 краін свету сабраліся на юбілейны з’езд у беларускую сталіцу, каб абмеркаваць праблемы і шляхі развіцця славянскіх моў, літаратур, культур і фалькларыстыкі.

Карэспандэнт «Р» бліжэй пазнаёмілася з удзельнікамі форуму.

Прафесар Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта Ёнас Мардоса з Вільнюса не славіст, але прафесійна займаецца вывучэннем гісторыі Усходняй Літвы і Заходняй Беларусі, культурнымі сувязямі, узаемадзеяннем і ўзаемаўплывам этнічных працэсаў на гэтай тэрыторыі. Таму, прызнаецца, удзел у з’ездзе яму асабліва цікавы, бо многія навуковыя інтарэсы звязаны менавіта са славянскай культурай. Як расказаў вучоны, дзесяць гадоў таму ў час стажыроўкі ў Мінску ён пачаў збіраць матэрыял аб выкарыстаннi вербаў у беларускіх абрадах. Аказваецца, яно асаблівае. Падобнага, сцвярджае спадар Ёнас, не існуе ні ў сярэдняй Літве, ні ў заходняй. Чатыры гады таму ён нават выдаў манаграфію на гэту тэму. А ў час працы на з’ездзе ў Мінску зноў звярнуў увагу калег на свае даследаванні ў гэтым напрамку.

Вучоны Дзітрых Шольцэ з сербскай Лужыцы, што ў Саксоніі, выдатна гаворыць на рускай мове, добра ведае і польскую. Дарэчы, на ёй ён падрыхтаваў і сваё выступленне перад удзельнікамі з‘езда. Тэма — двухмоўе ў сербскай літаратуры.

— Лужыцкія сербы — гэта самы маленькі славянскі народ. Спадзяюся, калегам будуць цікавыя вынікі маіх даследаванняў і, нягледзячы на тое, што мой даклад увечары, па чарзе апошні, яго прыйдуць паслухаць, — падзяліўся хваляваннямі спадар Шольцэ.

У Мінску вучоны ўпершыню і прызнаецца, што не чакаў убачыць такі вялікі і прыгожы горад. Праўда, ёсць адна акалічнасць, якая засмучае госця. Як член Міжнароднага камітэта славістаў, ён павінен прысутнічаць на пасяджэнні, якое пачынаецца адначасова з запланаванай для ўдзельнікаў з’езда экскурсіяй па Мінску.

А вось канадскі вучоны Роберт Ор у першы раз наведаў Мінск у 1977-м. Яму было 19 гадоў, і студэнтам ён прыязджаў у Беларусь на стажыроўку. Славянскімі мовамі Роберт Ор захапіўся ў дзяцінстве, калі жыў у Шатландыі. Паводле яго слоў, яшчэ хлопчыкам ён знайшоў рускую азбуку ў энцыклапедыі і зацікавіўся ёю. А падштурхнулі да таго перадачы на рускай мове па радыё, якія слухала яго маці. Зараз канадскі вучоны размаўляе на рускай, польскай мовах, цікавіцца і беларускай.

Дарэчы, у час адкрыцця форуму, вітаючы прысутных калег, сваё валоданне беларускай мовай прадэманстраваў старшыня Германскага нацыянальнага камітэта славістаў Герт Гентшаль. Паводле слоў вучонага, разам з цікавасцю да агульна славістыкі не менш яго цікавяць беларуская мова і літаратура.

— Мая прысутнасць на з’ездзе, як і многіх іншых удзельнікаў, сведчыць аб павазе да беларускай культуры і Беларусі як самастойнай дзяржавы. Няхай на беларускай мове будзе сказана шмат важнага, у першую чаргу для саміх беларусаў. І няхай беларуская мова і літаратура паслужаць адным са шматлікіх прыкладаў культурнай разнастайнасці, якой вылучаецца наш стары еўрапейскі кантынент сярод іншых, — сказаў вучоны.

Працягваючы тэму моўных праблем, Герт Гентшаль прывёў прыклад Швейцарыі.

— Гэты народ вельмі ветлівы, таму з намі, немцамі, размаўляе, канешне, па-нямецку. Аднак паміж сабой яны ніколі гэтага рабіць не будуць. Справа ў тым, што швейцарцы, незалежна ад сацыяльнага статусу і адукацыі, адзін з адным заўсёды размаўляюць толькі на роднай мове, і немцы іх практычна не разумеюць. А раптам і Беларусь калі-небудзь ператворыцца ў славянскую Швейцарыю? Марыць не забараняецца, як кажуць у народзе. І мары часам спраўджваюцца, нават вельмі нечакана, — заўважыў Герт Гентшаль.

Зрэшты, рызыкну не ва ўсім пагадзіцца з шаноўным вучоным. Усё ж наўрад ці можа быць так, каб беларускую гутарку зусім не змог зразумець рускі, паляк, украінец, серб, балгарын. Невыпадкова ж і на з’ездзе афіцыйнымі мовамі аб’яўлены ўсе славянскія, а сінхронныя пераклады ў час выступленняў удзельнікаў не прадугледжаны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter