Хлеборобы Брестчины отпраздновали «Дожинки»

Зрабілі ўсё магчымае. І яшчэ капельку

У Высокім урачыста ўшанавалі пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю, а святкавалі  «Дажынкі»  ўсе хлебаробы Брэстчыны.


З усёй Брэстчыны ў Высокае Камянецкага раёна завіталі лепшыя хлебаробы. Фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі-2018» сабраў тысячы гасцей. Брэсцкая вобласць першай у краіне падвяла вынікі ўборкі ўраджаю і аддзячыла рупліўцаў хлебнай нівы. Будаўнікі пастараліся, каб Высокае прымала свята ўтульным і адноўленым. Адрамантаваны дзясяткі будынкаў, дарогі, тратуары. Другое дыханне атрымалі аб’екты сацыяльнай сферы: Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзіцячы сад, гарадскі Дом культуры. Адноўленай сустрэла сваіх вучняў дзіцячая музычная школа. Капітальна адрамантавана гарадская бальніца. У горадзе з’явілася цэнтральная плошча, якой раней папросту не было.  

Менавіта на ёй адбыліся галоўныя ўрачыстасці — ушанаванне пераможцаў абласнога спаборніцтва на жніве, канцэрт лепшых калектываў мастацкай самадзейнасці Брэстчыны. Паблізу працавалі гандлёвыя рады, майстар-класы давалі народныя ўмельцы.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс адкрыў хлебаробскае свята:

— Працаваць нашы людзі ўмеюць з поўнай аддачай. Прыклад гэтага — цяперашняя ўборачная кампанія, якая стала сур’ёзным экзаменам для аграрыяў. І нашы хлебаробы дастойна справіліся са складанай задачай. Па ўраджайнасці збожжа мы не выйшлі на ўзровень мінулых гадоў, калі атрымлівалі па 36 цэнтнераў зерня з кожнага гектара, тым не менш вынікі гэтага сезона дастойныя. Пры ўраджайнасці 29 цэнтнераў з гектара — а гэта лепшы вынік сярод абласцей — намалочана 930 тысяч тон збожжа. З кукурузай мы маем ужо больш за 950 тысяч тон.

Лепшыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Брэстчыны па выніках 2017 года.

Кіраўнік вобласці выказаў шчырую падзяку ўдзельнікам жніва за мужнасць і любоў да роднай зямлі.

Анатоль Ліс уручыў узнагароды пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў на ўборцы ўраджаю. Сярод раёнаў лепшымі прызнаны Лунінецкі, Маларыцкі і Столінскі, якія падзялілі першае, другое і трэцяе месца на п’едэстале «Дажынак-2018». Узнагароды ад імя хлебаробаў прымалі старшыні райвыканкамаў — Аляксандр Пачко, Мікалай Шум і Рыгор Пратасавіцкі.

Затым на святочную сцэну выходзілі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія дасягнулі найлепшых вынікаў на ўборцы збожжа, камбайнеры, вадзіцелі, занятыя на адвозцы ўраджаю, галоўныя аграномы гаспадарак і іншыя спецыялісты. Яны атрымлівалі ўзнагароды Брэсцкага аблвыканкама, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, Белкаапсаюза і іншых ўстаноў і арганізацый.

Уборачная кампанія стала сур’ёзным экзаменам для аграрыяў, і нашы хлебаробы годна справіліся са складанай задачай.

Віншуючы герояў хлебнай нівы, старшыня праўлення Белкаапсаюза, упаўнаважаны Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў падкрэсліў, што лепшы ў рэспубліцы вынік па ўраджайнасці зерневых і зернебабовых культур, які атрыманы на Брэстчыне, сведчыць аб многім:

— Вы зрабілі ўсё, што было магчыма ў няпростых умовах, каб атрымаць важкі ўраджай. Упэўнены, наперадзе толькі лепшыя вынікі!

У ГЭТЫМ, дарэчы, не сумняваецца старшы камбайнер ААТ «Камароўка» Брэсцкага раёна Аляксандр Юшчук, які ў абласным спаборніцтве перамагае ўжо некалькі гадоў запар. Сёлета ён убраў 427 гектараў плошчаў і намалаціў 1819 тон зерня, заняўшы першае месца. Самае галоўнае, па словах перадавога механізатара, не толькі вырасціць хлеб, але і ўбраць яго ў аптымальны тэрмін, надзейна падрыхтаваць камбайн. Тады і намалот будзе высокім.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС адкрыў хлебаробскае свята
На прасторнай сцэне «Дажынак-2018» у Высокім заслужаныя ўзнагароды атрымалі камбайнеры Сяргей Бурак з ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага, Аляксандр Кіндрук з ААТ «Дварэцкі» Лунінецкага раёнаў. Баранавіцкае ААТ «Крошын» дэлегавала на ўрачыстасць адразу пяцярых механізатараў — Аляксандра Рагузіна, Паўла Махахея, Ігара Гаўрыка, Андрэя Шыманца, Рамана Тукая. Усе яны сталі пераможцамі, а галоўны інжынер гаспадаркі Дзмітрый Рачэўскі прызнаны лепшым у сваёй прафесіі.
Выдатных вынікаў дасягнулі вадзіцелі Мікалай Траяновіч, Віктар Палуян, Васіль Сташэўскі з ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» Баранавіцкага, Анатоль Турчык з ААТ «Снітава-Агра» Іванаўскага, Дзмітрый Савосін з ААТ «Вазнясенскі» Жабінкаўскага раёнаў. Мікалай Траяновіч на аўтамабілі ГАЗ-САЗ перавёз амаль паўтары тысячы тон збожжа. На ўмоўную транспартную адзінку ў яго атрымалася 4330 тон.

СВЯТА ўраджаю працягвалася да позняй пары. Яго ўдзельнікаў запрашалі праявіць таленты ў шматлікіх конкурсах, пачаставаць смачных патраў, сфатаграфавацца на памяць ва ўтульных сялянскіх падворках. Стала вядома, што чарговыя абласныя «Дажынкі» прымуць Ружаны, што ў Пружанскім раёне. Такім чынам, на Брэстчыне будзе працягнута пачатая летась традыцыя — праводзіць свята ўраджаю ў малых гарадах і значна паляпшаць якасць жыцця мясцовага насельніцтва.

Дарэчы, урачыстасці ў дзень «Дажынак» прайшлі не толькі ў Высокім, але і ў іншых населеных пунктах Камянецкага раёна. У Доме культуры аграгарадка Відамля ўшанавалі лепшых кіраўнікоў сельгасарганізацый і перапрацоўчых прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Брэсцкай вобласці. Узнагароды ім уручылі першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Токар і выканаўчы дырэктар абласнога аграпрамсаюза Сяргей Ашмянцаў. Сярод пераможцаў абласнога конкурсу — дырэктар ААТ «Астрамечава» Брэсцкага раёна Алег Бурак, старшыня маларыцкага СВК «Дарапеевічы» Васіль Юхімук, дырэктар ААТ «Ляхавіцкае-Агра» Іванаўскага раёна Уладзімір Марковіч, іншыя кіраўнікі.



Старшыня Брэсцкага абласнога аграпрамсаюза Міхаіл Страпко адзначыў, што ўшаноўваць лепшых кіраўнікоў аграрнай галіны ў дзень святкавання «Дажынак» на Брэстчыне стала добрай традыцыяй.

Слова – удзельнікам «Дажынак» на Брэстчыне


Андрэй ШЫМАНЕЦ, старшы камбайнер ААТ «Крошын» Баранавіцкага раёна:


— Свята ўраджаю мяне прыемна ўразіла. Каб пабываць на ім, варта было добра папрацаваць. Сёлета намалаціў 2498 тон зерня, заняў трэцяе месца ў абласным спаборніцтве. Высокае спадабалася ідэальнай чысцінёй, утульнымі вуліцамі, бясконцымі шэрагамі гандлёвых палатак, гаспадары якіх гасцінна запрашалі. Спадабаўся канцэрт, які прайшоў на галоўнай сцэне.

Віталь МАЛАХВЕЙ, вадзіцель ААТ «Астрамечава» Брэсцкага раёна:


— Ураджай убралі ў кароткі тэрмін. На аўтамабілі ГАЗ-САЗ я перавёз 1052 тоны зерня. Мог бы і болей, ды жніво хутка скончылася. Калі паведамілі, што ў абласным першынстве сярод маладых вадзіцеляў заняў другое месца, было вельмі прыемна і разам з тым нечакана. «Дажынкі» ў Высокім мне асабіста запомняцца надоўга. Цырымонія ўзнагароджання, канцэрт, новыя знаёмствы. Цудоўна, што ў краіне ёсць такая слаўная традыцыя — ушаноўваць хлебаробаў.

Вячаслаў КАШТАЛЬЯН, дырэктар ААТ «Агра-Моталь» Іванаўскага раёна:


— Зусім нядаўна мы адзначалі Дзень беларускага пісьменства ў Іванава. Цудоўнае свята, шмат знаёмстваў, уражанняў, успамінаў. Такія ж пачуцці ў мяне асабіста застаюцца і ад «Дажынак» у Высокім. Хлебаробы гэтае свята заслужылі. У надзвычай складаных умовах яны спачатку вырасцілі, а затым якасна ўбралі ўраджай. І зараз працягваюць шчыраваць у полі, на фермах, каб у кожнай хаце, на кожным стале быў дастатак.

kurets@sb.by

Фота аўтара і Святланы КІСЛАЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter