Познаем Беларусь: сакральный смысл весенних песен

На новае лета, на густое жыта!

Працоўны год у нашых продкаў вызначала сама прырода. Іх каляндар падзяляўся на летнюю і зімовую паловы і пачынаўся звычайна з сакавіка. Вясна давала старт новым клопатам аб будучым ураджаі. Ад таго, наколькі цёплай і ўдалай яна выдасца, залежалі дабрабыт і лад жыцця чалавека. Таму вясной усе думкі і памкненні былі скіраваны на пачатак працы ў полі. Пра гэта і спявалі. Якім з’явам нашы продкі надавалі сакральны сэнс?



У веснавы цыкл свят з даўніх часоў уваходзілі гуканне вясны, а таксама велікодны, валачобны, юр’еўскі, куставы, сяміцкі, троіцкі, русальны абрады. Да нашай пары захаваўся цэлы шэраг элементаў кожнага з іх. Сярод песень найбольш вылучаюцца вяснянкі, што прыцягваюць увагу сваёй паэтычнасцю, манерай выканання, меладычнасцю, эмацыянальнасцю. Пачыналі іх выконваць на Еўдакію (14 сакавіка), потым спявалі на Саракі (22 сакавіка) і Благавешчанне (7 красавіка).

Моладзь збіралася на ўзгорках за сялом, а калі іх не было — на дахах гаспадарчых пабудоў. Спявалі песні-вяснянкі. Выконвалі іх пераважна дзяўчаты. І гэта мела асаблівы сэнс: надыход вясны параўноўвалі з дзявочай прыгажосцю. Удзельнічалі ў абрадзе таксама жанчыны і дзеці. Вяснянкі спявалі і ля вогнішча, у якім спальвалі старыя рэчы: такі звычай сімвалізаваў «праклён» холаду, злу, смерці і азначаў пачатак новага жыцця. Невыпадкова ў некаторых вяснянках былі згадкі купальскага абраду, дзе важнае месца надавалася культу агню:

Ідзіця, дзеўкі, купайла класці,

Пойдуць жа хлопцы вясны ждаць…

У старыя часы надыход цяпла людзі бачылі ў пералётных птушках, якія ў сакавіку пачыналі вяртацца з поўдня: жаўруках, буслах, ластаўках… Таму ў песнях заклікалі вясну прыляцець з цёплым летам, корабамі жыта, рэшатамі гарошку. Цікавай часткай абраду ў некаторых рэгіёнах Беларусі было выпяканне з цеста фігурак птушак. З імі выходзілі на вуліцу і спявалі:

Благаславі, маці,

Вясну загукаці.

На новае лета,

На густое жыта!

Спяваючы, выканаўцы падкідвалі ўверх фігуркі птушак ці прывязвалі іх на вяроўках пад дахамі клецяў. Тым самым заклікалі птушак да прылёту, а доўгачаканую вясну — да хуткага надыходу.

Сімвал птушкі — адзін з элементаў вяснянак. Птушка ў старадаўніх славян была вястункай самой вясны. Цікавая дэталь: часта героямі вясновых песень выступалі не толькі жаўрукі і буслы, але і зязюлі. Чаму? Фалькларысты сцвярджаюць: у славян зязюля звязвалася з культам багіні вясны — Жывы. Яе называлі так таму, што яна жыватворыць, уваскрашае зямлю, надае ёй пладавітасць. А зязюля ў Жывы выконвала ролю нябеснай пасланніцы.

У вяснянках гучалі звароты «Благаславі, маці!», «Благаславі, Божа!» і іншыя. Яны падкрэслівалі старажытнае паходжанне песень, калі любое жаданне ці дзеянне не пачыналася без дазволу старэйшын роду.

У веснавых песнях галоўная тэма — земляробчая праца і яе будучыя вынікі. Таму іх напевы эмацыянальна ўзнятыя, жыццесцвярджальныя. Адметна, што кругаварот жыцця ў вяснянках перадаваўся не толькі праз працу на зямлі, але і праз ткацтва, прадзенне, што з часоў старажытнасці ўвасаблялі ідэю жаночага ўтварэння свету.

АД ПРАДЗЕДАЎ

— Вясна-красна,

Што ты нам прынясла?

— Малым дзеткам па яечку,

Старым бабкам па кіёчку.

Маладым жонкам па сыночку.

Красным дзеўкам па вяночку.

Маладым хлопцам па канёчку.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter