Как прошел первый чемпионат по картофельному хоккею в Лясковичах?

"Зов Полесья" пачулi ўсюды. Нават у Кiтаi i на Чукотцы

Чым зацікавіў намесніка Прэм’ер-міністра Міхаіла Русага першы чэмпіянат па гульні ў бульбяны хакей, каму ўручылі так званы палескі «Оскар», каго назвалі самай прыгожай дзяўчынай і лепшай маладой сям’ёй самабытных краёў
Чым зацікавіў намесніка Прэм’ер-міністра Міхаіла Русага першы чэмпіянат па гульні ў бульбяны хакей, каму ўручылі так званы палескі «Оскар», каго назвалі самай прыгожай дзяўчынай і лепшай маладой сям’ёй самабытных краёў

Нацыянальныя строі — візітка «Зова Полесья»


Нездарма ў мінулую суботу ў Ляскавічы Петрыкаўскага раёна натоўпамі сыходзілі аматары самабытнасці, фальклору і традыцый, а вуліцы бурлілі ад наплыву гасцей. Толькі ўдзельнікаў сюды прыбыло каля 1,5 тысячы чалавек, а жадаючых паглядзець на дзіўныя краявіды над Прыпяццю — больш за 20 тысяч. Справа ў тым, што на сёлетнім «Зове Полесья» многае прайшло ўпершыню, а фішак ды рызынак не пералічыць.

На цеплаходзе прыплываюць новыя госці фестывалю


Кожнае свята ў Ляскавічах праходзіць пад патранажам кіраўніка дзяржавы. Пасланне ад Прэзідэнта ўдзельнікам і гасцям форуму зачытаў на адкрыцці «Зова Полесья» Міхаіл Русы. А потым — сюрпрыз! На арыгінальнай цырымоніі ўзнагароджання, якую, мабыць, чакалі больш за ўсё, упершыню «ўручалі» званне «Ганаровы паляшук». Узнагароду атрымалі тыя, хто ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускага Палесся. Першаму званне «Ганаровы паляшук» рашэннем аргкамітэта фестывалю прысвоена Аляксандру Лукашэнка. У кампанію ганаровых палешукоў «запісаліся» яшчэ і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі Міхаіл Фінберг, дырэктар Цэнтра драўлянай скульптуры вёскі Цярэблічы Столінскага раёна Іван Супрунчык і генеральны дырэктар Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Сцяпан Бамбіза. Кожны палучыў сімвал звання — бронзавую статуэтку, якую ўжо празвалі беларускім «Оскарам», і самы дарагі ў літаральным і пераносным сэнсе падарунак — штучныя слуцкія паясы, вытворчасць якіх адрадзілі ў нашай краіне.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір ДВОРНІК, намеснік Прэм’ер-міністра Міхаіл РУСЫ і старшыня Брэсцкага аблвыканкама
Канстанцін СУМАР частуюцца святочным караваем


Трэцi «Зов Полесья» стаў адметны і тым, што ўпершыню ён праходзіў у статусе міжнароднага. За кароткі час пра самабытнасць беларускага Палесся пачалі гаварыць не только ў нашай краіне, але і за мяжой. На гэты раз у госці да палешукоў завіталі дэлегацыі з Расіі, Украіны, Польшчы, Кітая. А чым уразіць гасцей?  У той дзень аграгарадок  ператварыўся ў сапраўдную казку.

Народны ансамбль «Чып» з Украіны


Упершыню на свята завітаў украінскі народны ансамбль «Чып». Адзін з яго ўдзельнікаў Уладзімір Нічыпарэнка распавёў карэспандэнту «СГ», што такога прыёму яны не чакалі. «Шкада, што на мінулыя два «Зова Полесья» нас не запрашалі. Такія святы, як гэта, аб’ядноўваюць славянскія народы. Прыехалі мы на тры дні па запрашэнні Ельскага раёна. Акрамя выступу на фестывалі, паглядзелі горад Тураў, яго знакамітыя крыжы і царкву». А польскія настаўніцы з Беластоку — яны спяваюць у ансамблі «Світанак» — не хавалі сваю любоў да беларускіх песень. Дарэчы, увесь іх рэпертуар складаецца з нашых народных музычных твораў. Таму ўсе свае пачуцці да Палесся паказалі галасамі. Здзівілі слухачоў творцы з Кітаю — амаль без акцэнту спелі народныя песні.

Госць з Кітая — Чэн Хао


Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы адзначыў, што памятае той час, калі толькі ўзнікла ідэя аб такім фестывалі. Сёння ж Ляскавічы прымаюць не толькі прадстаўнікоў адзінаццаці палескіх раёнаў, але і замежных гасцей.

Ткаць навучылі і гасцей фестывалю


Нагадаю, каля Дарашэвіч, на правым беразе Прыпяці, пад векавым дубам у ліпені 2010 года кіраўнік нашай дзяржавы прыняў рашэнне аб правядзенні першага фестывалю этнакультурных традыцый «Зов Полесья». Менавіта тут, у Ляскавічах. Сёння гэтае свята стала не толькі міжнародным, але і палюбілася палешукам, беларусам, сябрам нашай краіны.

Гаспадыня Калінкавічскага падворка Ніна ЛЕШЧАНКА


Генеральны дырэктар Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Сцяпан Бамбіза таксама растлумачыў гасцям, што адраджэнне Палесся — гэта цэлая дзяржаўная праграма, якая прадугледжвае і прывядзенне зямлі ў парадак, і падтрымку народных промыслаў і традыцый. Калі ўзяць 90-е гады, то Палессе было самым бедным рэгіёнам, адсюль маса людзей з’язджала. Сёння ўсё змянілася. Ужо не тое што мясцовыя тут застаюцца жыць, а многія сюды пераязджаюць.

На сцэне «Ганаровыя палешукі» — генеральны дырэктар Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Сцяпан БАМБІЗА, дырэктар Цэнтра драўлянай скульптуры вёскі Цярэблічы Столінскага раёна Іван СУПРУНЧЫК, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі Міхаіл ФІНБЕРГ.


Пацвярджае словы Сцяпана Мікалаевіча аб тым, што моладзь застаецца на Палессі, і конкурс маладой сям’і «Уладар Палесся», які стаў яшчэ адной «фішкай» фэсту ў Ляскавічах. Як толькі канкурсанты выйшлі на сцэну, стала зразумела, якую сям’ю гледачы падтрымліваюць больш за ўсё. Яны не памыліліся. Менавіта Уладзімір і Марына Голікі разам з сынам Аляксандрам сталі першымі «Уладарамі Палесся». А прадстаўляла маладая сям’я Петрыкаўскі раён.

Пераможцы конкурсу маладой сям’і «Уладар Палесся» Уладзімір і Марына ГОЛІКІ
з Петрыкаўскага раёна


— Самі мы родам з вёскі Брынеў. Атрымалі з мужам адукацыю і вярнуліся на малую радзіму, не шкадуем. У гэтым годзе, дарэчы, у нашай сям’і першы міні-юбілей — пяць гадоў сумеснага жыцця, — распавядае гаспадыня Марына. — Плануем як мінімум траіх дзяцей. І хто ведае,  можа, праз некалькі гадоў вы нас убачыце перможцамі ў конкурсе шматдзетнай сям’і.

Тым часам у Музеі прыроды, які адкрылі перад другім «Зовом Полесья», таксама не абышлося без прыцягальных навінак. Калі госці падыходзілі да будынка музея, то абавязкова спыняліся каля карцін, якія намалявалі ўдзельнікі мастацкага пленэру. Дзясятак віртуозаў пэндзля прыехалі ў аграгарадок Ляскавічы за некалькі тыдняў  да фестывалю. А цяпер жывапісныя ляскавіцкія краявіды красуюцца і на палотнах. Пасля свята яны папоўняць фонд музея. 


Ну а галоўным — таксама незвычайным цвіком праграмы — стала першае «Свята ручніка». Як саткаць самому ручнік па тэхналогіях нашых бабуль, паказала ўсім жадаючым майстар па ткацтву з Няглюбкі Веткаўскага раёна Людміла Кавалёва: «У нашых палескіх дзяўчат уменне ткаць, напэўна, у крыві. Усе, хто прыходзіць у Няглюбскі сельскі цэнтр ткацтва, літаральна за некалькі дзён авалодваюць рамяством. Зрэшты, навука гэтая нескладаная. Як у матэматыцы — толькі лічы да дзесяці і ніткі ўплятай».

Рэзчык па дрэве з Магілёва Мікалай АБДРАШЫТА.


Верагодна, з Людмілай Кавалёвай маглі б і паспрачацца тыя, хто ў першы раз сядаў за ткацкі станок падчас свята ручніка. У мяне, дарэчы, не з першага разу атрымалася запомніць усе перапляценні. Аднак пасля некалькіх «трэніровак» пару радоў атрымалася саткаць. У саміх жа майстроў тэхніка дасканалая — на стварэнне аднаго ручніка ідзе некалькі дзён. Толькі ў тым выпадку, калі выкарыстоўваецца складаная тэхніка перапляценняў, праца займае каля месяца.


Больш за ўсё гасцей круцілася каля падворкаў 11-ці палескіх раёнаў. Кожны стараўся чымсьці здзівіць. Сем’і Грышановічаў і Пракапенка прыехалі на свята з Петрыкава ўпершыню. Адразу адвялі дзяцей на дзіцячую пляцоўку, а самі пайшлі па падворках.Сваіх эмоцый не хаваюць: «Такія цікавыя святы не праходзяць нават у раённым цэнтры, а тут вёска... Пра любое рамяство можна даведацца, паслухаць песні, адпачыць. Пабольш бы такіх фестываляў».

Фестываль прыцягнуў і аматараў рыбнай лоўлі


Народныя песні, зробленыя з гліны, вышытыя, плеценыя вырабы, пчаліныя двухсотгадовыя калоды, паляўнічыя трафеі, сотні страў нацыянальнай кухні... Паглядзець падворкі зайшлі і гаспадары фестывалю — старшыні Гомельскага і Брэсцкага аблвыканкамаў Уладзімір Дворнік і Канстанцін Сумар. Гаспадыня Калінкавіцкага падворка Ніна Лешчанка запрасіла іх згуляць у сапраўдны бульбяны... хакей. Клюшкі скрыжавалі не толькі старшыні аблвыканкамаў, але і Міхаіл Русы, і міністр культуры Барыс Святлоў, і намеснік старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта Анатоль Ліс. Матч, праўда, доўжыўся некалькі хвілін. Потым госці пажартавалі, што нядрэнна было б правесці і першы такі чэмпіянат. 


Блiжэй да канца дня ўсе сабраліся ля цэнтральнай сцэны. Тут з хвіліны на хвіліну павінны былі выбраць «Палескую прыгажуню». Такі конкурс праводзілі на фэсце ў Ляскавічах таксама ўпершыню. 20 канкурсантак прыкметна нерваваліся — ім прыйшлося здзіўляць гледачоў не толькі прыгажосцю, але і творчымі нумарамі, уменнем трымацца на сцэне, адказваць на пытанні. «Палескай прыгажуняй» назвалі Валерыю Валынчыц з Лунінца. Узнагародай для дзяўчат сталі ювелірныя ўпрыгожванні з золата з блакітнымі тапазамі і жэмчугам.


Шмат на трэцім «Зове Полесья» было цікавых і дзіўных навінак, і, як сказала б цяперашняя моладзь, «фішак». Нязменным засталося адно — простыя палешукі, у характарах якіх спляліся гісторыя і культура палескай зямлі і якія ўклалі душу ў трэці фестываль этнакультурных традыцый. Дарэчы, яны гатовыя рабіць гэта яшчэ не раз. Дык няхай заўсёды чуецца кліч Палесся... 

Наталля БАРЫСАВЕЦ, «СГ»


borisovez@sb.by


Фота Паўла ЧУЙКО, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter