Исполнилось 130 лет со дня рождения классика белорусской литературы Максима Богдановича

Зорныя крыніцы Максіма

Жыццё наша насычана рознымі запамінальнымі сустрэчамі, падзеямі, момантамі. У юбілей — 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які выпаў на гэты тыдзень, узгадалася, як у студэнцтве аднакурснікі падаравалі мне двухтомнік яго выбраных твораў. Было гэта паўвека таму. Часта чытаю-перачытваю паэтычныя радкі, апавяданні, нарысы, разважанні паэта пра гісторыю і культуру нашага народа. За кароткае, але насычанае жыццё, геніяльны творца пакінуў багатую спадчыну.


Карані выбітнага творцы вядуць ў крупскі аграгарадок Халопенічы, дзе беражліва шануюць памяць пра радавод літаратурнага класіка. У цэнтры паселішча пад шатамі старых дрэў на пастаменце ўсталяваны бронзавы бюст бацькі паэта Адама Ягоравіча. А ў фае сярэдняй школы велічна глядзіцца юны Максім Багдановіч. Ганарацца жыхары аграгарадка, што з гэтага куточка Міншчыны бярэ пачатак радавод Максіма Багдановіча. 

Бацька паэта пасля атрымання настаўніцкай адукацыі ажаніўся з халопеніцкай дзяўчынай Марыяй Мякотай. Пасля вяселля маладыя пераехалі ў Мінск, дзе гаспадар настаўнічаў. Жылі на Траецкім прадмесці, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка на адным з жылых будынкаў сённяшняй сталічнай вуліцы Максіма Багдановіча. Іх драўляны дом стаяў насупраць сучаснага Тэатра оперы і балета. У сям'і нарадзіўся першынец, якога назвалі Вадзімам. Праз год, у снежні 1891 года сям'ю папоўніў другі сын Максімка. 

З Мінска Багдановічы пераехалі ў Гродна, дзе гаспадар атрымаў працу ў сялянскім пазямельным банку. Пасля пераезду нарадзіліся сын Леў і дачка Ніна. Побач з гродзенскім домам, дзе атабарыліся Багдановічы, заварожваў веліччу паўнаводны Нёман. 

Захаваліся цікавыя ўспаміны бацькі паэта пра назіранні за дзецьмі. Кожны раз, чытаючы іх, быццам вандрую з сям'ёю будучага творцы. Яго бацьку цешыла, што Максім падобны на яго больш знешнімі рысамі: хадой, манерай сябе трымаць, жэстамі, прамовай. А вось па складзе характару бацька лічыў, што сын быў мяккі, з вясёлым норавам, жвавы, спагадлівы. Па паўнаце і мяккасці назіранняў, па сіле ўражання, пластычнасці больш нагадваў маці. У сваіх успамінах Адам Ягоравіч сцвярджае, што паэтычны дар Максіму перадаўся ад маці. На жаль, яе рана не стала, памерла ад сухотаў. 

Аўдавелы гаспадар не змог жыць у Гродне і восенню 1896 года пераехаў з дзецьмі ў Ніжні Ноўгарад. Перабраліся туды і яго сёстры. Сваякі жылі адзінай беларускай калоніяй. Дзецям не хапала мацярынскага цяпла. Да годзіка не дажыла сястрычка Ніна. Цётка Магдалена імкнулася замяніць асірацелым пляменнікам маці. 

Ва ўспамінах Максім Багдановіч узгадваў, як любіў бываць у цёткі. Шмат увагі сынам надаваў бацька. Пра гэта сведчаць радкі, напісаныя Максімам сябру: «Мяне выхоўваў бацька. Неяк я паказваў вам яго бібліятэку. Мы з дзяцінства праходзілі гэту сусветную школу… Зразумела, галоўная ўвага звярталася на славянскія літаратуры…»

Свае першыя літаратурныя творы на беларускай мове Максім Багдановіч напісаў у дзяцінстве. Не толькі бацька заўважыў схільнасць сына да творчасці. З палескага Пінска ў Ніжні Ноўгарад пасылала Максіму беларускамоўныя газеты «Наша доля» і «Наша ніва» хросная маці Вольга Сёмава. Менавіта ў газеце «Наша ніва» у 1907 годзе юны творца дэбютаваў апавяданнем «Музыка».

Кожны раз, калі перачытваю гэта кароценькае на старонку апавяданне, не перастаю здзіўляцца вобразнасці юнага аўтара. У хуткім часе ён стаў супрацоўнікам выдання. У «Нашай ніве» друкуюцца яго раннія вершы «Над магілай», «Прыйдзе вясна», «На чужыне», «Краю мой родны! Як выкляты Богам…»

Пахаваны Максім БАГДАНОВІЧ на ялцінскіх могілках.
Кранаюць пранікнёныя радкі верша «З песняў беларускага мужыка». Творцу-пачаткоўца заўважыў малады Янка Купала, які працаваў у той час у «Нашай ніве». Дасланы Максімам Багдановічам пераклад верша С. Святагора «Дзве песні» пайшоў у друк з папраўкамі Янкі Купалы, але з подпісам «Максім Крыніца» і каментарыем аўтара паправак: «Кожны сваім псеўданімам вызначае сваё крэда, свой кірунак, а што за душою гэтага юнака, ліцэіста, эстэта? Яму гэтыя Бядулі ды Гаруны не падыдуць. Яму трэба чысты-чысты псеўданім, ясны, як юнацтва. Хай будзе Крыніца. Гэта будзе псеўданім-падказка: з народных крыніц яму трэба чэрпаць свае вершы!» 

Квітнець бы ды мацавацца яркаму таленту, але нечакана падкралася хвароба. Малады творца адправіўся на лячэнне ў Крым. Пасля вяртання дамоў закончыў гімназію і паехаў у Вільню. Там нарадзіўся яго слынны верш «Слуцкія ткачыхі». Браты Луцкевічы, з якімі ён пасябраваў у Вільні, запрасілі Максіма адпачыць на хутары Ракуцёўшчына. 

Неаднойчы даводзілася бываць у гэтым непаўторным па прыгажосці куточку, што за некалькі кіламетраў ад чыгункі Мінск — Маладзечна, дзе па сцежках хадзіў малады Максім Багдановіч. Тут закіпалі ў яго сэрцы пачуцці, ствараліся вобразы, нараджаліся новыя радкі. Не дзіва, што за два месяцы ён тут напісаў цыкл вершаў «Старая Беларусь», а таксама кранальныя цеплынёю да роднай зямлі творы з цыкла «Места», «З беларускіх матываў».

У задумах маладога паэта была вучоба на філалагічным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Але лёсам не вызначана было здзейсніцца марам. Максім Багдановіч вяртаецца да бацькі ў Яраслаўль і вучыцца ў юрыдычным ліцэі. Не пакідае літаратурную дзейнасць. Яго творы друкуюцца ў многіх расійскіх і беларускіх выданнях. Паэт набывае ўсё большую вядомасць. Творчую скарбонку яго папоўніў лірычны верш «Вераніка». У музычным аздабленні легендарных «Песняроў» кампазіцыя стала сапраўдным брэндам. Малады творца захапіўся перакладамі на беларускую мову вершаў Авідзія, Гарацыя, французскага паэта Поля Верлена. Ён распрацоўвае канцэпцыю гісторыі развіцця беларускай літаратуры ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя. 

У Вільні выходзіць адзіны прыжыццёвы зборнік твораў Максіма Багдановіча «Вянок» — класічная кніга паэзіі. У рэцэнзіі на яе Антон Луцкевіч назваў аўтара песняром красы. Творчы арсенал паэта поўніцца паэ­май «Максім і Магдалена». 

Малады творца сустракаўся ў Маскве з вядомым беларускім гісторыкам Уладзімірам Пічэтай. А калі прыехаў у Мінск, яго прыняў у сваёй кватэры Змітрок Бядуля. Багдановіч працаваў сакратаром у губернскай харчовай камісіі і з творчасцю не развітваўся. Сябраваў з інтэлігентамі, што групаваліся вакол «Беларускай хаткі». У Мінску нарадзіўся вядомы твор «Страцім-лебедзь». 

Цяжкая хвароба не адступала. Паэт зноў адправіўся на лячэнне ў Крым. У маі 1917 года яго не стала. Пахаваны Максім Багдановіч на ялцінскіх могілках. 

Узгадваецца вандроўка ў Крым, дзе мне пашчасціла адведаць магілу нашага слыннага паэта. З высокага пастамента яго позірк скіраваны ў бок роднай Беларусі. Гранітным валошкавым вянком абвіта надмагілле. Праз дзесяцігоддзі пасля смерці мінскія энтузіясты адшукалі, дзе пахаваны прах Максіма Багдановіча. Скульптары бацька і сын Леў і Сяргей Гумілеўскія ўшанавалі яго ў бронзе. Кранаюць сэрца выбітыя на граніце радкі геніяльнага паэта: 

Буду ў краі я далёкім нудзіцца,
У неба ўглядацца і зорку шукаць…

Творы Максіма Багдановіча перакладзены на два дзясяткі моў свету. У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Маскве выдадзены зборнік яго набыткаў у перакладзе на рускую мову. У нашай рэспубліцы творы перавыдаваліся некалькі разоў. У 2011 годзе Нацбанк выпусціў дзве памятныя манеты, прысвечаныя Максіму Багдановічу. У Мінску, Гродне, расійскім Яраслаўлі створаны музей у гонар паэта. Яго імя носяць вуліцы, школы, бібліятэкі. Славутаму творцу прысвечаны оперы «Зорка Венера» і «Максім». Імя слыннага беларуса ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЕСКА.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter