Зорка з Дуброўна

Адной   паштальёнскай   сумкi   Веры   Шапавалавай   пад   дзённы   тыраж   перыёдыкi   малавата

Адной   паштальёнскай   сумкi   Веры   Шапавалавай   пад   дзённы   тыраж   перыёдыкi   малавата 

Нават калi вы чалавек iншагароднi альбо завiтаеце ў цiхi i ўтульны гарадок Дуброўна прыцемкамi, вам любы чалавек абавязкова падкажа, як знайсцi тут Веру Мiхайлаўну Шапавалаву. Дык што ж яна за такая знакамiтасць, якую ведаюць тысячы местачкоўцаў у райцэнтры, што на беразе сiвога Дняпра? Можа, славутая артыстка беларускай поўначы? Цi пiсьменнiца-самародак накшталт знакамiтага драматурга Аляксея Дударава, якi родам з гэтых мясцiн? Цi таямнiчая лекарка-траўнiца, як бабуля Фядора з Магiлёўшчыны? Нi першае, нi другое, нi трэцяе, нi пятае-дзесятае. Наша гераiня — самы звычайны паштальён раённага вузла сувязi. 

Звычайны i адначасова неардынарны. Хаця б таму, што Вера Мiхайлаўна на такой, здавалася б, сцiплай паса-дзе працуе ажно 26 гадоў!  I на адным месцы! Таму нават самае высокае паштовае начальства ( i не толькi паштовае) лiчыць яе прафесiяналам залатой пробы i якасцi. 

Цяпер становiцца зразумелым, чаму любы чалавек у Дуброўне ведае Веру Мiхайлаўну не горш, а можа i лепей, чым любую знакамiтую зорку эстрады. Рознiца хiба ў тым, што эстрадныя зоркi хутка згасаюць, а наша сцiплая гераiня дзесяцiгоддзямi нясе iнфармацыйнае святло ў сотнi кватэр i прыватных сядзiб дубровенскiх местачкоўцаў. 

— А колькi ж у вас, Вера Мiхайлаўна, народу пад наглядам? — жартаўлiва цiкаўлюся ў паштальёна Шапавалавай. — I цi шмат сярод iх чытачоў i падпiсчыкаў газеты “Рэспублiка”? 

— Народу як дроў у лесе, — гэтак жа жартаўлiва парыруе прыязная i камунiкабельная жанчына, — а падпiсчыкаў газеты “Рэспублiка” за мiнулы падпiсны сезон у мяне аказалася больш, чым у iншых калег. Сама люблю гэта выданне, iншым рэкамендую падпiсацца. А ўсяго на маiм участку 1300 чалавек. Праўда, насельнiцтва старэе з кожным годам... Работа паштальёна абавязвае ведаць гэта лепш за iншых. Калi хаджу з поўнай сумкай, то бачна, хто i як жыве, якiя ў каго радасцi цi нягоды… 

— Ого, колькi ў вас клiентаў, а правiльней, сяброў i знаёмых! Вiдаць, нялёгкая сумка паштальёна, можа, з паўпуда важыць? 

— Не, паўпуда не выходзiць, але блiзка да гэтага,— смяецца Вера Мiхайлаўна.— Па праўдзе кажучы, за раз даводзiцца разносiць па ўчастку па дзве, а то i тры сотнi газет i часопiсаў. Столькi ў сумку i не ўмесцiцца, таму звычайна на машыне падвозяць свежы тыраж. А я ўжо разношу па знаёмых адрасах на вулiцах Крупскай, Цэнтральнай, Маладзёжнай, Маякоўскага… 

У любое надвор’е Вера Мiхайлаўна як салдат на баявым пасту. А вось калi б вясной цi ўлетку мы прайшлiся па зялёных вулiцах i завулках Дуброўна, то ёй не сорамна было б адкрыць веснiчкi на ўласны падворак. Побач з домам ладны агарод на дваццаць сотак, дзе руплiвая гаспадыня разам з мужам вырошчваюць усю патрэбную iм садавiну i агароднiну. I для кветак месца ганаровае ёсць. 

Не сумуе наша гераiня i ў зiмовы час. Чытае не толькi перыёдыку, але i мастацкую лiтаратуру. Любiць i прапагандуе сярод блiзкiх i знаёмых урадавую газету “Рэспублiка”, ад якой i атрымала днямi прыемны i карысны падарунак – электрачайнiк. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter