У Эстоніі з творчасцю Максіма Багдановіча знаёміліся і дарослыя, і дзеці

“Зорка Венера” гучала ў Таліне

“Зорка Венера ўзышла над зямлёю...” Пад гукі гэтай мілагучнай песні на экране з’явіўся партрэт Максіма Багдановіча. І далей гучалі словы вядучай вечарыны: “Для кожнага беларуса, які жыве ў Эстоніі, родная Беларусь — як тая зорка, якая ніколі не згасне і заўсёды сагравае нас і нашы сэрцы. Мы ловім кожны гук, кожнае слова пра Беларусь: усё нас цікавіць, што там, на нашай Бацькаўшчыне, адбываецца... І адна са знакавых падзей у Годзе культуры, які завяршаецца на Беларусі, — гэта 125-я ўгодкі Максіма Багдановіча. Дзеля таго, каб разам адсвяткаваць юбілей знакамітага беларускага паэта, празаіка, класіка беларускай літаратуры, і каб дзякуючы яму яшчэ раз сустрэцца з Радзімай — мы й сабраліся з вамі”.

На вершы Максіма Багдановіча складзена шмат песень



Вечарыну “Ад родных нiў, ад роднай хаты...” ладзіў Цэнтр нацыянальных меншасцяў “Радзiма” (глядзіце ў інтэрнэце: http://radzima.eu/ru/) пры падтрымцы Амбасады Беларусі ў Эстоніі. Сабраліся мы 18 снежня 2016 года ў Таліне, у Мэрытангатэлі — там і зала была прыгожа аформлена ў беларускім стылі. Разгарнулі выставу малюнкаў эстонскіх школьнікаў “Цвяток радзiмы васілька”. Юныя мастакі працавалі, скарыстоўваючы вобразы з вершаў Максіма Багдановіча. Вядома ж, дзеля таго папярэдне ў эстонскіх школах была праведзена вялікая творчая праца, у асноўным нашымі сіламі, мясцовых беларусаў. Эстонскія дзеці слухалі вершы класіка, перакладалі іх на эстонскую мову, выбіралі ўпадабаныя — і малявалі “па матывах” свае творы. Амаль 50 дзіцячых работ з трох эстонскіх школ (Табасалуская гімназія, Лауласмааская школа, Кехраская гімназія) адабраны для выставы, на адкрыцці яе былі юныя эстонскія мастакі з бацькамі.

З вітальным словам да ўсіх звярнуўся Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцёпусь. Ён потым і прадставіў галоўных гасцей з Мінска: літаратуразнаўцу, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Міколу Труса і яго вучня — беларускага філолага, рэдактара часопіса “Здаровы лад жыцця” Аляксандра Канановіча. Як вядома, Мікола Трус — вядомы даследчык літаратуры, а ў 2011-м, да 120-х угодкаў класіка пабачыла свет падрыхтаваная ім сумесна з Іванам Саламевічам грунтоўная персанальная энцыклапедыя “Максім Багдановіч”. Дарэчы, інтарэс да асобы вялікага супляменніка ў навукоўца вялікі й па гэты час. У 2015-м ён вынес на суд навуковай і культурнай грамадскасці сваю цікавую манаграфію “Максім Багдановіч: коды жыцця і творчасці”. Цяпер у спісе публікацый паважанага Міколы Валянцінавіча пра Максіма Багдановіча — больш за 90 пазіцый.

Мы з вялікай увагай слухалі гасцей, якія шмат цікавага расказалі пра жыццёвы шлях і творчасць юбіляра. Вершы на беларускай мове, якія чытаў Мікола Трус, зачароўвалі меладычнасцю. І з прыціхлае залы неаднаразова гучала просьба: “Пачытайце яшчэ што-небудзь, так за душу бярэ…”. Чыталі вершы таксама і эстонскія школьнікі, настаўнікі.

Вечарына была і музычнаю. Ансамблі “Дзяўчаты” (Беларускі цэнтр вучобы і развіцця EVA-Studiorum з Таліна) і “Купава” (Беларускае таварыства “Ялінка” з горада Маарду) спявалі беларускія песні, у тым ліку і на вершы юбіляра. А калі загучаў гімн Багдановіча “Слуцкiя ткачыхi”, усе ў зале пачалі падпяваць, і ў многіх на вачах з’явіліся слёзы. Пачаўшыся з “Зоркi Венеры”, і заканчвалася наша вечарына  зорнаю песняю: “Колькі ў небе зор — цяжка палічыць,/ Толькі з іх адна найярчэй гарыць./ Гэта ты мая, зорка ясная,/ Ты любоў мая непагасная”. Спявачкі з гурта “Дзяўчаты” яшчэ й перафразавалі апошні радок: “Ты любоў мая, Беларусь мая”. Мікола Трус падарыў Цэнтру “Радзіма” энцыклапедыю “Максім Багдановіч”, і Амбасада Беларусі падарыла кнігі. Гасцям у знак падзякі мы ўручылі эстонскія сувеніры.

Не абышлося беларускае свята і без нацыянальных пачастункаў. Усе маглі паспрабаваць беларускія дранікі, калдуны, каўбасу, сала з хлебам ды салёнымі гурочкамі, пакаштаваць іншыя прысмакі. Так што ў зале панавала вельмі цёплая, сяброўская атмасфера, дзе дарослых і дзяцей аб’ядналі вершы Максіма Багдановіча, песні на беларускай мове ды наша пуцяводная зорка — мілая сэрцу Беларусь.

Ніна Пээрна, сябар праўлення Цэнтра нацыянальных меншасцяў “Радзiма”, Эстонія

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter