«Зорка» ў фiнале

Конкурс маладых талентаў «Зорка ўзышла над Беларуссю» ўступае ў заключны этап

Рэспублiканскi конкурс маладых талентаў «Зорка ўзышла над Беларуссю» ўступае ў трэцi, заключны этап. Чакаецца, што ўдзел у iм прымуць каля 600 чалавек з усiх рэгiёнаў краiны, у тым лiку сталiцы.

Нагадаем, што творчыя спаборнiцтвы праводзяцца па 12 намiнацыях: эстрадныя спевы; народныя спевы; аўтарская песня; размоўны жанр; сучасны танец; жывапiс i графiка; скульптура; дызайн; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; фатаграфiя; сацыяльная рэклама; рэжысура масавых свят, тэатралiзаваных прадстаўленняў i шоу-праграм.

Як паведамiлi «Р» у прэс-цэнтры конкурсу, 6 красавiка на сцэне Маладзечанскага гарадскога дома культуры пройдзе фiнал у намiнацыi «Эстрадныя спевы». Спачатку выканаўцы выступяць пад «мiнусавую» фанаграму, затым – у суправаджэннi Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга, якi з’яўляецца i старшынёй журы ў эстраднай намiнацыi. Фiналы ў астатнiх намiнацыях пройдуць 15—17 красавiка на розных сцэнiчных пляцоўках i ў культурных установах сталiцы, у тым лiку Мiнскiм палацы культуры i спорту чыгуначнiкаў, Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў, Мiнскай гiмназii-каледжы мастацтваў.

Гала-канцэрт лаўрэатаў рэспублiканскага конкурсу маладых талентаў «Зорка ўзышла над Беларуссю» адбудзецца 7 мая ў Беларускай дзяржаўнай фiлармонii, дзе будуць прадстаўлены пераможцы ва ўсiх 12 намiнацыях. Плануецца, што, акрамя шанцу выступiць на вялiкай сцэне, яны атрымаюць каштоўныя падарункi i магчымасць без творчых iспытаў паступiць на адпаведныя спецыяльнасцi творчых ВНУ.

«Зорка ўзышла над Беларуссю» стаў самым масавым конкурсам маладых талентаў. З лiстапада 2009 года ў iм прынялi ўдзел каля 4 тысяч чалавек ва ўзросце ад 16 да 31 года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter