Золата Егіпта

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Арабскай Рэспублікі Егіпет у Расійскай Фэдэрацыі і ў Рэспубліцы Беларусь (па сумяшчальніцтву) Ізаат Эль Саед узнагародзіў беларускіх школьнікаў, якія сталі прызёрамі Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка.

— Арабская Рэспубліка Егіпет — добры сябар нашай краіны, — адзначыў у час мерапрыемства намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Гедройц. — Вось ужо 15 гадоў, як паміж намі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны не толькі ў сферы палітыкі, эканомікі, але i ў культурна-асветніцкіх сувязях. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва з кожным годам будзе яшчэ больш плённым.
У Нацыянальны мастацкі музей Беларусі на сустрэчу з паслом Егіпта дзеці прыехалі з розных рэгіёнаў краіны. Як прызналася кіраўнік студыі мастацтва Цэнтра дзіцячай творчасці горада Салігорска Наталля Хлопатава, удзельнічаць у конкурсе малюнкаў такога ўзроўню дзецям было вельмі цікава, хаця многія з іх пакуль што мала сабе ўяўляюць усю прыгажосць такой краіны, як Егіпет. “Цікава, што адна з маіх вучаніц носіць імя Марыя Эгіптэ”, — адзначыла настаўніца.
Дыплом за першае месца ў Міжнародным конкурсе малюнкаў і залаты медаль заваяваў выхаванец дзіцячай народнай студыі выяўленчага мастацтва Астрашыцкагарадоцкага сельскага дома культуры Уладзімір Муравіцкі. Ён вучыцца ў 7-м класе і вельмі любіць маляваць. На конкурс у Егіпет ён разам са сваім настаўнікам Рыгорам Кандраценем дасылаў малюнак “Зубр”. Сястра Уладзіміра Вольга атрымала сярэбраны медаль. Акрамя яе сярэбранымi ўзнагародамi адзначаны чацвёра ўдзельнікаў конкурсу. Астатнім былі ўручаны падарункі і сертыфікаты.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter