5 лучшим животноводам Глубокского района вручили ювелирные украшения

Золата да золата

ВЕЛЬМІ нечаканым і прыемным сюрпрызам для пяці лепшых жывёлаводаў Глыбоччыны было ўручэнне ім па выніках работы за 10 месяцаў залатых ювелірных упрыгажэнняў.

Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег МОРХАТ з жывёлаводамі Зояй ТОЛМАЧ,  Аленай ВЕЛІЧКОВІЧ, Лёляй ПІСКУНОВІЧ, Людмілай РАГОЎСКАЙ, Ірынай КЛІША, якія атрымалі залатыя ювелірныя вырабы.

IРЫНА Кліша, аператар машыннага даення філіяла “Мнюта” ААТ “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат”, працоўны стаж якой у гэтай прафесіі амаль 40 гадоў, а агульны — 58, якая мае ўжо трох унучак і дзвюх праўнучак, разгубілася не на жарт:

— Падзякі, граматы ёсць, а золата за працу ніколі не атрымлівала!

Дарэчы, жанчына даўно магла б пайсці на заслужаны адпачынак, але любімая справа не адпускае. Па выніках працы за 10 месяцаў ветэран надаіла ад каровы 5512 кілаграмаў малака і заняла ў раёне трэцяе прызавое месца.

Зрэшты, па ўмовах спаборніцтва лепшы аператар машыннага даення, які перасягне планку ў 8 тысяч кілаграмаў малака за год, павінен быў атрымаць машыну. Аднак нікому пакуль што гэта не ўдалося, хоць больш за 7 тысяч кілаграмаў надаілі летась некалькі жывёлаводаў УП “Удзела”.

Але, каб не пакінуць лепшых без важкага заахвочвання, старшыня райвыканкама Алег Морхат вырашыў падарыць ім залатыя ювелірныя вырабы. А машына пачакае да наступнага года.

saulich@bk.ru

Фота Наталлі БЕЛЬСКАЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter