Золата альбы

У залатой восені “тыдні высокай моды”. Самыя дэмакратычныя і даступныя. Яе дэфіле можна назіраць у лесе, парку, на кожнай алеі, у любым двары. І сапраўды — вачэй зачараванне! Асабліва ўражваюць у гэты час старадаўнія паркі, за якімі цягнецца таямнічы шлейф гісторыі...


Альба — лесапарк на ўскраіне Нясвіжа, батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. А зараз гэта і помнік самой прыродзе: шматгадовыя клёны і ліпы, ясені і дубы сваім жоўта-чырвоным адзеннем утвараюць чароўныя кампазіцыі, якія самі просяцца на палатно мастака альбо ў аб’ектыў фотакамеры.


Парк быў закладзены ў канцы XVI стагоддзя Мікалаем Радзівілам Сіроткам. Гэта была эпоха Рэнесансу. У архітэктурна-паркавы ансамбль уваходзілі эрмітаж, палац, мараходнае і артылерыйскае вучылішчы, шпалерная мануфактура, звярынец і шмат чаго яшчэ. Але некалькі спусташальных войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй (1664—1667) знішчылі палацы, апартаменты, альтанкі... Новае адраджэнне рэзідэнцыі прыпала на часы Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі. У 30-я гады XVIII стагоддзя ў Альбе пачала дзейнічаць знакамітая майстэрня па ткацтве “залатых” паясоў, якая пазней пераехала ў Слуцк.


Апошні гаспадар Альбы Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку паспрабаваў пераўтварыць яе ў маленькі Версаль. Але вайна 1812 года назаўсёды сцерла адбіткі радзівілаўскай рэзідэнцыі. Абрысы той раскошы можна ўявіць па захаваных да сёння каналах — яны, быццам промні, выходзяць ад маленькага возера з астраўком, на якім некалі стаяла дзівосная альтанка. А таксама па каскадзе азёраў і дубоў-волатаў, якіх, на жаль, да нашага часу засталося няшмат. У апошнюю вайну парк моцна пацярпеў ад захопнікаў, большасць дубоў была спілавана і пайшла на дровы для альбаўскага спіртзавода. Пра гэта мне расказаў мясцовы жыхар Вячаслаў Кадзевіч (на здымку), які сёлета сустракае 86-ю восень. Ён нарадзіўся паблізу і добра памятае людзей, якія ахоўвалі навакольны лес і сам парк, той, перадваенны, з шыкоўнай дубровай:


— Да вайны ў панскім парку былі толькі дзве пабудовы — жылы дом і вадзяны млын, якіх даўно няма. Да круглага возера з астраўком вяла ліпавая алея. Цяпер гэтае месца называюць “Гаёўкай”.

У Вячаслава Вячаслававіча і людзей старэйшага ўзросту, якія жывуць у пасёлку і Нясвіжы, Альба выклікае прыемныя ўспаміны пра незабыўныя часы маладосці. Што ж, восень заўсёды спрыяе ўспамінам...

Максім ВЕЧАР

Фота аўтара

Нясвіжскі раён
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter