Зноў жывая Немяржанка. Мясцовая жыхарка здолела ўдыхнуць ў бесперспектыўную вёсачку новае жыццё

Невялічкая, усяго сем дамоў, вёсачка схавалася ў самым сэрцы Белавежскай пушчы. Векавыя дубы і сосны нашэптваюць ёй казкі-былі, крыштальная рэчка з крыніцамі цешыць прахалодай, лясныя птушкі спяваюць на ноч калыханкі, а паветра такое чыстае, што аж галава кружыцца. І назва ў вёсачкі паэтычная, лагодная, як журчанне ручая, — Немяржанка. Яшчэ 10 гадоў таму Ала Пажарыцкая прыгледзела гэтую вёсачку. Яна ўжо тады амаль пустая была. Купіла два дамы і, задумаўшы стварыць тут аграсядзiбу, вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе праектаў у рамках Праграмы ААН “Еўрарэгіён “Белавежская пушча”. Неспадзявана для сябе стала яго пераможцай і здолела ўдыхнуць у вёсачку жыццё.

“Гэта лепшае месца ў свеце...”

Тут імгненна забываюцца ўсе праблемы, некуды знікаюць стомленасць, незадаволенасць, панурасць. Чалавек, завітаўшы сюды з гарадской мітусні і шуму, як бы раптоўна перараджаецца. Ну проста цуд нейкі ў гэтым пушчанскім куточку адбываецца. Не верыце? Праверце!
— Для мяне гэта найлепшае месца ў свеце, — з натхненнем гаворыць гаспадыня аграсядзібы Ала Пажарыцкая. — Вы толькі паглядзіце, якая тут прыгажосць! Толькі выйдзеш улетку з хаты, можаш акунуцца ў лясную рачулку, напіцца крынічнай вады, нарваць палявых кветак і нават сустрэць аленя ці казулю. Дарэчы, восенню яны прыходзяць у сады паласавацца спелымі яблыкамі і грушамі. Да змяркання пяе цэлы птушыны хор. Словам, лепшага месца для рэлаксацыі і натхнення не прыдумаць.
Калі яна нечакана для сябе самой стала пераможцай конкурсу і зразумела, што мае мары наконт аграсядзібы рэальныя, радасці было!
— Прыехала да мяне камісія з Мінска, праверылі, ці сапраўды маецца ў мяне ўсё тое, пра што я пісала ў праекце. Адобрылі, пахвалілі і выдзелілі неабходныя грошы для ажыццяўлення маіх задумак. Вось тады я закасала рукавы і ўзялася за работу. Абадрала ў хатах усе сцены, вымыла пабелку і пакрыла іх спецыяльным саставам з дабаўленнем пчалінага воску і праполісу. Чуеце, які тут пах? Ён ужо назаўсёды такім захаваецца, — запэўніла гаспадынька.
Сапраўды, у хатах стаіць такі цудоўны, непаўторны пах, які хочацца ўдыхаць і ўдыхаць. Менавіта так пахне ў старэнькіх хатах, сцены якіх не кранулі ні фарба, ні шпалеры. Можа, таму нашы прашчуры былі здаравейшымі за нас, што жылі ў такіх дамах?
Усё, што тут так цешыць вока, зроблена рукамі руплівай гаспадынькі. Заходзіш у хату, і здаецца, што трапіў у далёкае мінулае. Жалезныя ложкі засланы стракатымі пакрываламі, на сцяне даўнейшае люстэрка, драўляныя крэслы, паліцы і палічкі з кубачкамі, збаночкамі, іншымі глінянымі вырабамі. Старадаўняя печ пабелена, адрамантавана, і калі хто з гасцей хоча паспрабаваць стравы прама з печы — калі ласка. Гаспадынька частуе сваіх наведвальнікаў беларускай бабкай, смажанай каўбасой, духмяным баршчом, смачнымі пірагамі. Маюцца ўсе ўмовы для таго, каб і самім гасцям прыгатаваць страву. Ёсць, дарэчы, і ўсе неабходныя сантэхнічныя выгоды.

Людзi едуць за асалодай

Для большай зацікаўленасці і эстэтычнай асалоды сваіх гасцей гаспадыня ператварыла старую адрыну ў беларускі музей. Чаго тут толькі няма! У вялікіх каваных куфрах сабраны вышытыя абрусы, тканыя посцілкі, вязаныя сурвэткі і настольніцы. Ёсць тут нават старадаўняя шлюбная сукенка, спадніцы і мужчынскія порткі, што насілі нашы продкі. Калаўрот, дзяжа, даўнейшыя ліхтары, посуд, чоўны, маслабойка, канапа, якой, мабыць, ужо гадоў сто, насценны гадзіннік з боем і шмат чаго іншага — вочы разбягаюцца, хочацца да ўсяго дакрануцца, удыхнуць у сябе пах даўніны.
На вуліцы ўмелымі рукамі майстра і першага памочніка Алы Міхайлаўны Мікалая Засіменкі збудаваны прыгожы камін. Побач — месца, дзе можна смажыць шашлыкі, варыць юшку. Дарэчы, юшку тут гатуюць з рыбы, якую самі і ловяць у празрыстай лясной рачулцы. А гэта ж двайная асалода!
Ала Міхайлаўна вядзе нас да той рачулкі, расказвае, з якім задавальненнем штораніцы ўлетку, калі застаецца тут начаваць, прыходзіць сюды і акунаецца ў чысцюткую ваду. Ідзём далей. Вось непадалёку бабры змайстравалі хатку. Яны тут нікога і нічога не баяцца. Трошачкі вышэй па рацэ ціха журчыць невялічкі вадаспад. Здаецца, што трапіў у другое вымярэнне, дзе жывецца i дыхаецца лягчэй. Таму і едуць сюды людзі з усіх куткоў Беларусі, з Расіі і з замежжа. Гасцілі датчане, немцы, палякі. І тыя, хто наведаўся адзін раз, становяцца пастаяннымі кліентамі. Прыязджаюць цэлымі сем’ямі, гасцююць творчыя людзі, набіраючыся натхнення. А яшчэ гэты прыгожы куточак аблюбавалі маладажоны. Яны прыязджаюць сюды, каб правесці некалькі мядовых дзён і начэй. Гэта ж так рамантычна і незабыўна!
 Калі ў каго з наведвальнікаў ёсць жаданне пахадзіць па лесе, назбіраць грыбоў, таксама няма праблем. Знойдзецца надзейны праваднік па пушчанскіх сцяжынках. Без яго ў лес лепш не хадзіць, пушча — гэта не жартачкі, згубіцца можна лёгка, дзе потым шукаць таго “блуднага” госця. Карацей кажучы, куды ні глянеш, усё прыцягвае сваёй прыгажосцю, некранутасцю, чысцінёй. Душа адпачывае!
Як добра, што не асірацела гэтая старэнькая вёсачка, не засталася пакінутай і нікому не патрэбнай у лясной глушы. Як цудоўна, што знайшоўся чалавек, які падарыў ёй другое жыццё, і цяпер мы можам пахваліцца такім гасцінным, такім чароўным куточкам.
Вас зацікавіла? Тады збірайцеся і наведайце маленькую вёсачку Немяржанку, схаваную ў самым сэрцы Белавежскай пушчы. Яна зноў жывая.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter