Зноў у мінулае

БАТЭ папрасіў АБФФ дапоўніць вышэйшую лігу да 16-ці каманд

Як вядома, цяпер колькасць удзельнікаў чэмпіянату Беларусі па футболе скарочана да 12 каманд. А вясной, калі распаўся сталічны «Партызан», засталося адзінаццаць.

Калі прымалася такое рашэнне, да ўвагі бралася перш за ўсё фінансавае становішча клубаў. Новаўвядзенне выклікала неадназначную рэакцыю. І ФК БАТЭ звярнуўся ў АБФФ з просьбай разгледзець пытанне аб павелічэнні колькасці каманд у вышэйшай лізе да 16. І зрабіць гэта ў два этапы.

На думку барысаўчан, цяперашняе становішча не спрыяе развіццю футбола ў краіне і негатыўна адбіваецца як на клубах, так і на зборных камандах усіх узростаў. Па-першае, з прычыны скарачэння вышэйшай лігі футбалісты юнацкіх і маладзёжнай зборных не атрымліваюць гульнявой практыкі на вышэйшым узроўні. А па-другое, геаграфія першынства ў апошнія гады няўхільна звужаецца. Гэта прыводзіць да сумных наступстваў для рэгіёнаў, якія раней зарэкамендавалі сябе як футбольныя цэнтры, Але, пазбавіўшыся статуса каманды вышэйшай лігі, страцілі падтрымку мясцовых улад. Не маючы прыкладаў для пераймання, дзеці неахвотна ідуць у футбольныя школы, а былыя традыцыі паступова страчваюцца. Такія працэсы адбываюцца ў Віцебску, Мікашэвічах, Лідзе, Слоніме, Смаргоні. Не лепшым чынам адбілася на стане спраў футбольнай Міншчыны знікненне такога клуба, як «Партызан», расстанне з вышэйшай лігай ФК СКВІЧ, школа якога дала Беларусі нямала выдатных імёнаў. І зараз няма ніякіх падстаў сцвярджаць, што памяншэнне колькасці каманд у вышэйшай лізе добра адбілася на выніках беларускіх клубаў на міжнароднай арэне.

Таксама прапануецца вызваліць клубы, якія ўдзельнічаюць у еўракубкавых турнірах, ад удзелу ў 1/16 Кубка Беларусі. Гэта дазволіла б прадстаўнікам нашай краіны разгрузіць каляндар на цяжкім летнім адрэзку і больш якасна падрыхтавацца да адказных кантынентальных турніраў. Як паказвае практыка, розніца ў класе паміж гэтымі камандамі і іх сапернікамі надзвычай вялікая, і падобныя супрацьстаянні не маюць вялікай спартыўнай каштоўнасці.

Меркаванні спецыялістаў раздзяліліся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter