Зноў паклікала Бацькаўшчына

Прыязджаць у Беларусь на пачатку мая — гэта ўжо добрая традыцыя


Мемарыяльны комплекс, прысвечаны аперацыі “Баграціён”

Віктар Байкачоў 

Газета “ГР” у папярэднім нумары ўжо расказала, што сярод удзельнікаў Міжнароднай cпецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі” былі й беларусы замежжа. І я — адна з тых гасцей. Нагадаю: Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ўжо ў пяты раз запрасіў нас на гэтае грандыёзнае мерапрыемства. Прыемна было зноў сустрэцца з зямлячкамі з Латвіі Людмілай Сіняковай, Інай Олесавай — мы сябруем. А пазнаёміліся якраз на адной з папярэдніх такіх выстаў. Дарэчы, штогод на экспазіцыі знаёмімся з новымі людзьмі. Сёлета пасябравалі з Яўгеніяй Суворавай, журналісткай з газеты “Тюменская область сегодня” ды выкладчыкам, дацэнтам кафедры журналістыкі Палтаўскага дзяржпедуніверсітэта Глебам Кудрашовам. Абодва яны — маладыя, энергічныя, ініцыятыўныя. Спадзяемся, стасункі з імі прадоўжацца, бо задумваем цікавыя сумесныя праекты.

Сёлетняя праграма для нас, гасцей Беларусі, была вельмі насычаная. Мы пабывалі як на выставе, так і наведалі цудоўны сонечны горад Маладзечна. Там для нас правялі экскурсію па горадзе, мы пабывалі ў політэхнічным тэхнікуме, нас частавалі смачнымі нацыянальнымі стравамі. А ўжо ў Мінску незабыўнай атрымалася сустрэча з калектывам радыё “Минская волна” і яе нястомнай дырэктаркай Тамарай Вяцкай. Надоўга запомніцца прыём ва Упаўнаважанага, гутарка з Леанідам Гулякам... Карацей, тры дні на Бацькаўшчыне праляцелі незаўважна!

Пасля, ужо за межамі “афіцыйнай праграмы”, па асабістым плане мы з мужам Віктарам Байкачовым паехалі ў свае родныя мясціны: на Гомельшчыну. І ў святочныя дні напярэдадні 9 Мая ўсклалі кветкі ў памяць пра загінулых воінаў на мемарыяльным комплексе, што прысвечаны аперацыі “Баграціён” — з яе 23 чэрвеня 1944 года й пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пабываўшы на Бацькаўшчыне, мы атрымалі незвычайны зарад бадзёрасці, аптымізму і энергіі для далейшай працы на ніве беларускасці ў Эстоніі. Будзем развіваць, пашыраць родную культуру ў Нарве.

Людміла Аннус, старшыня нарвскага беларускага таварыства “Сябры”, Эстонія

Голас Радзімы № 19 (3523), чацвер, 25 мая, 2017 у PDF


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter