Зноў — на «выдатна»

Ансамбль танца «Равеснік» феерычна адсвяткаваў 55-годдзе

Ансамбль танца «Равеснік» феерычна адсвяткаваў 55-годдзе

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў «Равеснік» з размахам адзначыў сваё 55-годдзе на сцэне Палаца Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.У праграме — беларускія народна-сцэнічныя танцы, харэаграфічныя кампазіцыі, жартоўныя танцавальныя карцінкі.

Малыя, якія яшчэ ходзяць у дзіцячы сад, і юнакі, якія падумваюць пра паступленне ў ВНУ, — амаль 500 артыстаў у гэты вечар дэманстравалі сваё майстэрства.

«Мы кажам: «Пяццю пяць» — «Равеснік» выдатнік зноў». Ансамбль заўсёды быў першым ва ўсім — гэта наш гонар. І мы першымі адважыліся выйсці на галоўную сцэну краіны з сольным канцэртам», — адзначыла мастацкі кіраўнік ансамбля Таццяна Семчанка (на здымку).

Падрыхтоўка да канцэрта доўжылася паўгода: з верасня «Равеснік» адмяніў усе гастролі. Шэсць месяцаў для танцавальнага калектыву не так ужо і шмат. Пастаянныя рэпетыцыі, абдумванне нумароў і падрыхтоўка касцюмаў — і 28 лютага на юбілеі танцавалі не толькі на сцэне, але і ў глядзельнай зале.

Ансамбль танца «Равеснік» быў створаны ў 1958 годзе народнай артысткай Беларусі Марынай Бяльзацкай. З тых часоў ён далучыў да мастацтва танца амаль 8 тыс. выхаванцаў. Яшчэ ў савецкі час ансамбль атрымаў званне народнага, а ў 2004-м стаў заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь. У 2005-м «Равесніку» прысуджана Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі. На працягу многіх гадоў калектыў з’яўляецца ўдзельнікам розных культурных мерапрыемстваў сталіцы. Ансамбль танца выступае і на пляцоўках Еўропы і Азіі, ездзіць у дабрачынныя туры. На базе калектыву працуюць дзіцячая танцавальная школа і студыя, у якіх займаюцца дзеці ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў. З 1998 года мастацкім кіраўніком «Равесніка» з’яўляецца Таццяна Семчанка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter