Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” пройдзе ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна 23 жніўня

Зноў чуецца кліч Палесся

Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” пройдзе ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна 23 жніўня.
Раскрыць пранесеныя праз стагоддзі сакрэты бортніцтва, лоўлі рыбы і варкі медавухі змогуць госці Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, які пройдзе ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна 23 жніўня.

Гэты фестываль будзе сустракаць гасцей ужо ў трэці раз, аднак упершыню — у фармаце міжнароднага. Сёлета ў ім прымуць удзел творчыя калектывы, майстры і рамеснікі з Расіі, Украіны і Малдовы.

Ідэя праводзіць фестываль традыцыйнай культуры на Палессі ўзнікла ў Аляксандра Лукашэнкі падчас наведвання Прыпяцкага рэгіёну. Ён ініцыяваў Дзяржаўную праграму па развіцці Прыпяцкага Палесся на 2010—2015 гады, і правядзенне фестывалю стала адным з яе пунктаў. На мэце гэтага мерапрыемства не толькі падкрэсліць самабытнасць і ўнікальнасць рэгіёну ў культурных і этнічных адносінах, але і прыцягнуць у гэты куточак Палесся інвестараў і турыстаў.

Песні, прыпеўкі, народныя абрады, сакавітая палеская мова, вышываныя і тканыя ўборы, вырабы з лазы і дрэва, духмяныя дранікі і засмажанае парася, мочаныя яблыкі з бочкі і мёд у калодах... Чаго толькі ні сустрэнеш падчас фестывалю “Кліч Палесся”. Творчыя, умелыя і гасцінныя палешукі з Гомельскай і Брэсцкай абласцей стараюцца паказаць гасцям усе бакі сваёй унікальнай і часам дзіўнай, асабліва для гарадскога жыхара, культуры. Хто б мог падумаць, што ў ХХІ стагоддзі збіраюць мёд з борцяў і пераплываюць раку на самаробных чаўнах?! Для палешукоў з глыбінкі гэта і па сёння — неад’емная частка жыцця.

З кожным годам фестываль “Кліч Палесся” абрастае новымі мерапрыемствамі. Сёлета ў Ляскавічах упершыню адбудзецца цырымонія ўручэння памятнага знака “Ганаровы паляшук”, гашэнне паштовай маркі. Плануецца правядзенне конкурсу “Прыгажуня Палесся”, фотавыставы “Славутыя палешукі”, конкурсу маладой сям’і і свята ручніка.

mila@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter