Знiчкi Айчыны. Гісторыя і сучаснасць

Углядаюся ў старыя паштоўкі, прысвечаныя Мядзелю, Мядзельшчыне, шукаю тыя сляды, тыя адмеціны на касцёле ў мястэчку 1930-х, на нарачанскай прыстані, на Рынкавай плошчы ў Мядзелі, што былі прыналежнымі нашым папярэднікам. Край мастакоў і творцаў, паэтаў і акцёраў… Край, які ў чарговы раз сведчыць, што культура Беларусі праз апошнія стагоддзі мацавалася і гартавалася вёскай, вясковым упарадкаваннем духоўнага жыцця…
Двор у мястэчку Свір. 1916 г.Углядаюся ў старыя паштоўкі, прысвечаныя Мядзелю, Мядзельшчыне, шукаю тыя сляды, тыя адмеціны на касцёле ў мястэчку 1930-х, на нарачанскай прыстані, на Рынкавай плошчы ў Мядзелі, што былі прыналежнымі нашым папярэднікам. Край мастакоў і творцаў, паэтаў і акцёраў… Край, які ў чарговы раз сведчыць, што культура Беларусі праз апошнія стагоддзі мацавалася і гартавалася вёскай, вясковым упарадкаваннем духоўнага жыцця…

Генрых Далідовіч, не так даўно напісаўшы артыкул у “Краязнаўчай газеце” да 95-годдзя Максіма Танка, заўважыў: “Танк напісаў тамы вершаў, паэм, публіцыстыкі, зрабіў мноства перакладаў з многіх літаратур народаў свету. На маю думку, ён ва ўсім вызначаўся глыбіннасцю — прасякненнем у духоўныя запасы як беларускага народа, так і ў сусветныя, здолеўшы ўсё гэта спалу-чыць у арыгінальны і выдатны сплаў сваёй творчасці”. Максім Танк нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў мядзельскай вёсачцы Пількаўшчына. Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай прэміі, акадэмік Акадэміі навук Беларусі, аўтар ці не сотні кніг… Толькі ў пера-кладзе на рускую мову яго, Максіма Танка, творы выходзілі асобнымі выданнямі амаль пяцьдзесят раз! Аглядаючыся на мядзельскую старонку, думаю пра тое, што глыбіннымі, роўнымі вялікаму паэту выступаюць і іншыя яго землякі.

Называць можна многіх і многіх… У першым радзе сярод іх — ураджэнец вёскі Качаны народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч. Яркая і багатая на мастацкія эмоцыі асоба, чалавек, чыя творчасць графіка, кніжнага ілюстратара знайшла прызнанне ва ўсім свеце. Работы Васіля Шаранговіча захоўваюцца ў галерэях і прыватных калекцыях не толькі ў роднай Айчыне, але і Расіі, Італіі, ЗША, Германіі, Польшчы, іншых краінах. Як мне падаецца, самавыяўленне майстра графікі напоўніцу выявілася ў яго прачытанні паэзіі Янкі Купалы і Адама Міцкевіча. У памяці — даўно выдадзеная “Мастацкай літаратурай” (у 1978 годзе) кніга народнага песняра “Паэмы”. 23 каляровыя ілюстрацыі Васіля Шаранговіча, мяркую, пашырылі не толькі маё асабістае ўяўленне пра Купалу. Мастак насыціў кнігу асаблівай энергетыкай. Сваімі выразнымі лініямі, сваёй упэўненасцю і перакананасцю здолеў выкласці адвечныя ісціны жыцця, дапамог успрыняць купалаўскія радкі арганічна, у сугучнасці з часам сённяшнім. Уражвае прачытанне Шаранговічам паэзіі Адама Міцкевіча. Даследчыкі жыцця і творчасці мастака да адной з нагод адзначаць наступнае: “Яшчэ на пачатку творчага шляху ім былі зроблены ілюстрацыі да зборніка балад А. Міцкевіча, потым манументальная лінагравюра па матывах паэмы “Гражына”. Больш за 2 гады працаваў мастак над ілюстрацыямі да паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” (1982-1984), выканаўшы 25 акварэльных ілюстрацый. Мастаку давялося грунтоўна вывучыць тагачасныя гістарычныя абставіны, стыль эпохі, касцюмы, помнікі дойлідства. Выбраная жывапісная тэхніка ілюстрацый дапамагла мастаку перадаць дух паэзіі А. Міцкевіча, яе мілагучнасць і рамантызм. У ілюстрацыях удала спалучаецца ўласцівае мастаку багацце фантазіі з уменнем стварыць шматфігурныя кампазіцыі і яркія народныя вобразы —тыпы. Перад намі нібы ажываюць карціны, створаныя геніем А. Міцкевіча, паўстае сапраўдная выяўленчая эпапея разнастайных падзей і характараў, шляхецкіх звычаяў і нораваў”. Адзнакай плённых высілкаў таленавітага майстра стала прысваенне яшчэ ў 1986 годзе Васілю Пятровічу звання заслужанага дзеяча культуры Польшчы.

У вёсцы Навасёлкі, што знаходзіцца паблізу ад самога Мядзела, 21 лістапада 1936 года нарадзілася Марыя Захарэвіч. Народная артыстка Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі… А ў кіно і спектаклях — Марыя (“Святая святых” І. Друцэ), Зося Савіч (“Сэрца на далоні” І. Шамякіна), Ганна Чарнушка (“Людзі на балоце” І. Мележа), Камісар (“Аптымістычная трагедыя” У. Вішнеўскага), Варвара (“Навальніца” А. Астроўскага)… Усе вобразы — не проста яркія, запамінальныя жанчыны, а яшчэ і найперш асобы прыцягальныя па ўнутранай сутнасці, блізкія нам таму, што ўслед за акцёрскім асэнсаваннем дапамагаюць жыць і змагацца, вучаць, як выратаваць уласную светласць у будзённасці і пякельным марнаванні высокага і ўзнёслага.

З Мядзельшчынай звязаны лёс паэта Уладзіміра Дубоўкі. Прайшоўшы праз многія жыццёвыя выпрабаванні, у 1973 годзе ён выдаў кнігу успамінаў “Пялёсткі”, дзе ёсць такія радкі: “У ліку дзвюх найлепшых школ дарэвалюцыйнай Віленшчыны была Мядзельская”. У Мядзельскае двухкласнае вучылішча будучы літаратар прыйшоў у 1912 годзе. Як пазнака літаратурнай геаграфіі застаўся верш Уладзіміра Дубоўкі “Ля Мядзела ёсць возера адно”:

Ля Мядзела ёсць возера адно
Над ім дубы шумяць, гамоняць сосны.
У ім, як у празрыстай
кроплі роснай,
Для воч ніколі
не закрыта дно…


Мядзельскі край выправіў у вялікі свет многіх навукоўцаў. Сярод іх — археолаг Яраслаў Звяруга (нарадзіўся ў Мядзелі ў верасні 1928 года), доктар тэхнічных навук Іван Пішча (нараджэннем з 1933 года — з вёскі Пугачы), мовазнаўца Яўген Рапановіч (нарадзіўся ў вёсцы Холма ў 1929 годзе)… Пра Яўгена Рапановіча хацелася б сказаць крышачку асобна. У 1947 годзе ён скончыў Княгінскую сямігодку. Пасля — Пастаўскае педвучылішча. Працаваў настаўнікам, вучыўся ў БДУ. З 1960 года — у Мінску. Працаваў выдавецкім рэдактарам, у энцыклапедычным выдавецтве, пасля ў Дзяржкамвыдзе БССР. Памёр у 1987 годзе, не пражыўшы і 60 гадоў. След, які пакінуў аб сабе Яўген Нічыпаравіч, — найперш 6 складзеных ім слоўнікаў населеных пунктаў абласцей Беларусі. Гэтыя унікальныя выданні на многія гады сталі настольнымі даведнікамі для спецыялістаў у розных галінах, для журналістаў, краязнаўцаў, гісторыкаў, настаўнікаў…

Няшмат напісаў паэт з вёскі Пількаўшчына (нарадзіўся ў 1938 годзе) Іосіф Скурко. Усяго два яго паэтычныя зборнікі стаяць на кніжных паліцах — “Бацькоўскі парог” і “Весніцы”. Але і цяпер часта гучыць у запісе па радыё песня на словы Іосіфа Скурко “Верасы”. А я трымаю ў памяці яго верш “Мядзел”:

Я — вязень твой.
Сказаць па праўдзе,
Мне радасны такі палон.
Калыска сноў дзіцячых,
Мядзел,
Прымі сыноўні мой паклон.


Пад гэтымі словамі, пэўна ж, маглі б падпісацца многiя ўраджэнцы Мядзельскага краю.

Алесь Карлюкевіч.
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter