Знiчкi Айчыны

Баранавічы — з ліку маладых гарадоў Беларусі. Развіццё паселішчу, вядомасць якое мае з 1871 года, надало будаўніцтва чыгункі. Калі б мы з вамі зазірнулі ў гарадскі краязнаўчы музей па вуліцы Савецкай (а ён быў заснаваны ў кастрычніку 1929 года), то, несумненна, нам бы расказалі, што некалі тут існавала мястэчка Разводава. А яшчэ — пра тое, што Баранавічы з самага пачатку імкнуліся быць сапраўдным асяродкам культурнага, асветніцкага жыцця. Гледзячы на шматлюдныя вуліцы горада з насельніцтвам болей як у 160 тысяч чалавек, здзіўлення гэта не выклікае. А быў жа час…
Баранавічы. Цэнтральны вакзал. Канец ХІХ ст.Баранавічы — з ліку маладых гарадоў Беларусі. Развіццё паселішчу, вядомасць якое мае з 1871 года, надало будаўніцтва чыгункі. Калі б мы з вамі зазірнулі ў гарадскі краязнаўчы музей па вуліцы Савецкай (а ён быў заснаваны ў кастрычніку 1929 года), то, несумненна, нам бы расказалі, што некалі тут існавала мястэчка Разводава. А яшчэ — пра тое, што Баранавічы з самага пачатку імкнуліся быць сапраўдным асяродкам культурнага, асветніцкага жыцця. Гледзячы на шматлюдныя вуліцы горада з насельніцтвам болей як у 160 тысяч чалавек, здзіўлення гэта не выклікае. А быў жа час…

Так, быў час, калі шмат што ў баранавіцкай старонцы трымалася на выключным энтузіязме мясцовай інтэлігенцыі. У 1908 годзе ў парку, які сёння ў Баранавічах завецца Старым, быў адкрыты летні тэатр. Аматары чытання, інтэлігенцыя, людзі, нераўнадушныя да мастацкага слова, запрашалі ў Баранавічы пісьменнікаў з розных гарадоў Расіі. І ці не самым легендарным госцем таго часу стаў Шолам-Алейхем, класік яўрэйскай літаратуры, пісьменнік, вядомы ўсяму свету. Дарэчы, у знакамітага аўтара “Тэўе-малочніка”, іншых запамінальных твораў ёсць апавяданне “Станцыя Баранавічы”. Так, на сустрэчу з чытачамі буйнога чыгуначнага вузла яўрэйскі пісьменнік прыехаў у 1908 годзе. А калі гаварыць пра яго твор з цыкла “Чыгуначныя апавяданні”, то найперш кідаецца ў вочы, што ў апавяданні шмат гумару, іроніі. У цэнтры — апавядальнік, шчодры на вострае слова, пасажыр, якому трэба сыйсці менавіта ў Баранавічах.

“— Гэта Баранавічы?

— Баранавічы.

Гэта было падобна да яўрэйскага вітання адзін аднаго пры бласлаўленні Месяца:

— Шолам-алейхем.

— Алейхем-шолам”.

Баранавічы. Царква. 1916 г.Дарэвалюцыйнае жыццё Баранавіч мае і такую адмеціну, як выданне першай у той старонцы сапраўднай газеты, яна называлася «Листок объявлений». І здарылася гэта ў 1912 годзе. А яшчэ раней, у 1909-м, у Баранавічах быў адчынены электратэатр “Эдэм”. І ў тым жа годзе — чатырохкласнае вучылішча. Між іншым, пры ім адразу была створана і бібліятэка, якая на пачатку налічвала 200 кніг.

Атмасфера асветы, культурны асяродак заўсёды спрыяюць фарміраванню цікавых асоб. Так яно складвалася і ў Баранавічах ды бліжніх ваколіцах. Сярод ура-джэнцаў Баранавіч адна з самых яркіх фігур — Навум Натанавіч Мейман. Нарадзіўся ў 1911 го-дзе. У 1932 годзе закончыў вучобу ў Казанскім універсітэце. Ужо ў 26 (!) гадоў абараніў доктарскую дысертацыю па матэматыцы. Вучань славутага Мікалая Чабатарова. Пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Маскве. Што цікава, займаўся болей фізічнымі праблемамі: працаваў у Інстытуце фізічных праблем, а затым — у Інстытуце тэарэтычнай і эксперыментальнай фізікі АН СССР. Навуковыя вышукі нашага земляка былі высока ацэнены савецкім урадам: у 1953 годзе Мейман быў уганараваны Сталінскай прэміяй — за распрацоўку пытанняў тэарэтычнай фізікі. Цяпер вядома, што менавіта Навум Натанавіч зрабіў сур’ёзны ўнёсак у матэматычны бок распрацоўкі ядзернай зброі. У наступныя гады свайго жыцця шмат займаўся палітыкай. Як вучоны ў нечым паўтарыў лёс акадэміка Сахарава. У1988 годзе вучоны і праваабаронца Навум Мейман пакінуў Савецкі Саюз. Быў абраны ганаровым прафесарам Тэль-Авіўскага універсітэта. Памёр у Ізраілі ў 2001 годзе.

У размове пра славутых ураджэнцаў Баранавіч нельга абысці ўвагай і яшчэ адну знакамітую ўраджэнку паселішча. У 1892 годзе ў Баранавічах нарадзілася Каміла Мікалаеўна Крушэльніцкая. Закончыла гімназію. Жыла і працавала ў Маскве. Была парафіянкай каталіцкага храма Святога Людвіка. У сваёй кватэры збірала знаёмых, вяла дыскусіі на рэлігійна-філасофскія тэмы. Стварыла падпольны каталіцкі гурток. У чэрвені 1933 года разам з іншымі паплечнікамі па веры была арыштавана. Патрапіла ў лагер. На Салаўках выйшла замуж. Працягвала прапаведаваць свае перакананні. У 1937 годзе Каміла была расстраляна. Пагадзіцеся, такая цвёрдасць у перакананнях вартая павагі і з’яўляецца добрым маральным прыкладам для грамадства.

Баранавічы. Аўтапрабег Варшава – Масква. Стаянка. Пачатак ХХ ст.Сёння ў Расійскай Федэрацыі добра вядома імя Уладзіслава Якаўлевіча Панчанкі, які нарадзіўся ў Баранавічах у верасні 1947 года. У 1971 годзе закончыў фізічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта. У 1990 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. З’яўляецца адным з буйнейшых у свеце спецыялістаў у галіне лазерна-інфармацыйных тэхналогій. У 1997 годзе нашаму земляку было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі Расіі. У 2006 годзе Уладзіслаў Якаўлевіч узначаліў Інстытут малекулярнай фізікі Расійскага навуковага цэнтра “Курчатаўскі інстытут”. Панчанка — акадэмік Расійскай Акадэміі навук. З’яўляецца аўтарам болей 350 навуковых работ, у тым ліку — 12 манаграфій і манаграфічных аглядаў. У найболей значных работах ураджэнца Баранавіч даследуюцца найвастрэйшыя і найболей актуальныя праблемы фізікі і інфармацыйных тэхналогій. У 2008 годзе прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін прызначыў нашага земляка старшынёю савета Расійскага фонда фундаментальных даследаванняў.

Баранавічы — радзіма фізіка Георгія Мікалаевіча Барздова (нарадзіўся ў кастрычніку 1949 года). Доўгія гады прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук Барздоў чытае ў БДУ курс “Тэарэтычная механіка”.
Баранавічы дваццатага стагоддзя — гэта і лёсы герояў вайны: паветранага аса Сяргея Грыцаўца, мінскага падпольшчыка Івана Кабушкіна, славутага беларускага кінарэжысёра Міхаіла Пташука, паэта Валянціна Таўлая, чыё імя носіць гарадская бібліятэка. Дарэчы, шукаючы памяткі даўніны, калі надарыцца вам патрапіць у Баранавічы, то не мінайце і гарадскую бібліятэку. Як і ў мясцовым музеі, тут вядзецца надзвычай вялікая работа краязнаўчага характару. Збіраецца літаратура па гісторыі горада і раёна, матэрыялы пра славутых ураджэнцаў края. Дарэчы, сярод іншых адметных кніг, звязаных з баранавіцкім краязнаўствам, ёсць тут і зборнік старых баранавіцкіх паштовак, выдадзены, між іншым, у саміх Баранавічах.

Алесь Карлюкевіч.
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter