Знiчкi Айчыны

Забытай, незаўважанай аказалася ў прасторы ўвагі да мінуўшчыны адна дата. У ліпені 2009 года – 100 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, ураджэнца Лепеля Барыса Саламонавіча Мейлаха. Хаця, можа быць, прыкладам, у Санкт-Пецярбургу, у Пушкінскім доме, пашана ў знак яго памяці ўзведзена ў ранг падзеі асаблівай?
Лепель. Земская ўправаЗабытай, незаўважанай аказалася ў прасторы ўвагі да мінуўшчыны адна дата. У ліпені 2009 года – 100 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, ураджэнца Лепеля Барыса Саламонавіча Мейлаха. Хаця, можа быць, прыкладам, у Санкт-Пецярбургу, у Пушкінскім доме, пашана ў знак яго памяці ўзведзена ў ранг падзеі асаблівай?

Лепель, Лепельшчына, Лепельскі павет шмат каго ў вялікі свет навукі і мастацтваў скіравалі. Згадаем хаця б некаторыя імёны. Вось і Мейлах, адзін з самых вядомых пушкіністаў XX стагоддзя, нарадзіўся ў Лепелі 26 чэрвеня (9 ліпеня) 1909 года. Сярэднюю школу закончыў, праўда, у Туле. Вучыўся ва універсітэце, і ўжо у 30-я гады Барыс Саламонавіч засведчыў сябе адным з самых энергічных маладых супрацоўнікаў Інстытута рускай літаратуры. У 1935 годзе абараняе кандыдацкую “Пушкін і рускі рамантызм”, праз два гады на яе аснове выдае грунтоўную кнігу. Праўда, былі ў гэтай рабоце і спрэчныя моманты. Ды ўсё ж у галоўным Барыс Мейлах не памыліўся, здолеў разгледзець велічыню Паэзіі, увогуле творчасці Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, яе ўплывы на будучыню рускай літаратуры. У пярэдадзень Вялікай Айчыннай вайны Барыс Мейлах прызначаны выконваючым абавязкі дырэктара Інстытута рускай літаратуры. У хуткім часе наш зямляк разам з калегамі выпраўляецца з блакаднага Ленінграда ў эвакуацыю ў Сярэднюю Азію. У Ташкенце абараняе доктарскую дысертацыю. І першыя пасляваенныя гады аказваюцца для Барыса Мейлаха надзвычай плённымі. Выходзяць грунтоўныя артыкулы, новыя кнігі: у 1958 годзе — манаграфія “Пушкін і яго эпоха”, у 1962 — “Мастацкае мысленне Пушкіна як творчы працэс”, у 1969 “Талент пісьменніка і праблемы творчасці”. У сааўтарстве з Б. Гарадзецкім і М. Ізмайлавым Барыс Саламонавіч рыхтуе важную і для настаўнікаў кнігу “Пушкін. Вынікі і праблемы вывучэння” (1966 год). Літаратуразнаўца спрабуе выйсці за межы адно толькі пушкінскай тэмы, імкнецца па-філасофску разглядаць здабыткі рускай літаратуры XIX стагоддзя, асэнсоўваючы месца мастацкага слова ва ўплывах на развіццё грамадства. Шырокі розгалас выклікала кніга Б.Мейлаха “Сыход і смерць Льва Талстога” (1960 год, 2-е выданне — 1979). У 1974 годзе Барыс Саламонавіч выступае на адным з навуковых пасяджэнняў з разгорнутым планам стварэння “Пушкінскай энцыклапедыі”.

Лепель. Гарадскі садзікЯшчэ адна постаць заслугоўвае асобнага расповеду. Гаворка — пра Восіпа Кандратавіча Мароза (нарадзіўся, праўда, у Бачэйкаве Бешанковіцкага раёна). Выкупіўшы лепельскі хутар Фатынь, з 1888 года заклаў доследную гаспадарку, пачаў займацца садоўніцтвам і раслінаводствам. Асаблівую ўвагу надаваў вырошчванню яблынь: у пладовым гадавальнику завёў болей 100 іх гатункаў… А яшчэ там было каля 50 гатункаў груш, дзесяткі гатункаў костачкавых дрэў, кустоў парэчак, агрэсту, маліны, суніц. У адмысловай аранжарэі Восіп Кандратавіч вырошчваў фінікавую пальму, высакародны лаўр, вінаград, кіпарыс, іншыя экзоты. У першыя гады Савецкай улады сядзіба Фатынь была абвешчана доследнай гаспадаркай. Восіп Мароз, дарэчы, вывеў новы гатунак яблык: антонаўку салодкую. Перапісваўся лепельскі садавод з многімі вучонымі, практыкамі. Здабыткі свае не хаваў, удзельнічаў у выставах, атрымліваў узнагароды. Напрыканцы 20-х гадоў тое, што засталося ад раней знакамітай сядзібы, Мароз прадаў і з’ехаў у Сібір, дзе і памёр у 1933 годзе. Мо яшчэ і памяць пра яго будзе належна ушанавана? Добра было б, каб садам з яго імем, ды хаця б некалькімі радкамі ў энцыклапедыі.

…Нядаўна пабачыла свет сапраўдная энцыклапедыя “Беларускі Пецярбург” Міколы Нікалаева. Сотні імёнаў ураджэнцаў Беларусі, якія спрычыніліся да лёсу горада Пятра, згадваюцца ў гэтым змястоўным фаліянце. Праўда, няма звестак пра ўраджэнца Лепеля Восіпа Станіслававіча Пяткевіча (нарадзіўся ў 1888 годзе). Незадоўга перад Першай сусветнай вайною ён закончыў Пецярбургскую духоўную семінарыю. Служыў у касцёле ў горадзе на Няве, пасля — у Слуцку. З надыходам Савецкай улады быў арыштаваны, высланы на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. А 2 верасня 1937 года каталіцкага святара Восіпа Пяткевіча асудзілі да вышэйшай меры пакарання.

Лепель. Азёрная вуліцаУ снежні 1937 года расстралялі і другога нашага земляка — Восіпа Якаўлевіча Багаціна (нарадзіўся ў Лепелі ў 1880 го-дзе). Выхоўваўся ён у звычайнай яўрэйскай сям’і. З 1907 года займаў пасады духоўнага і казённага рабіна ў Лепелі, выхоўваў трох сыноў і дачку. Адчуўшы ўціск з боку ўладаў, на пачатку 20-х пераехаў у Саратаў. Там здолеў дамагчыся дазволу і ўзначаліў будаўніцтва сінагогі. Пісаў навуковыя працы па іудаізму. Некаторыя тэксты паспеў пераправіць у ЗША і Англію, астатнія забралі ў час арышту… Дзве розныя веры, два розныя чалавекі, лічы, аднаго пакалення. Мо нават ведалі адзін аднаго ў твар па лепельскіх гадах… І такі аднолькавы зыход, аднолькавая кара за цвёрдасць перакананняў!..

Лепель. Вуліца ПушкінаЛепель, Лепельшчына — радзіма многіх цікавых асоб. Нараджэннем з 1911 года — вучоны-фармаколаг, доктар медыцынскіх навук Макс Львовіч Беленькі. У вёсцы Прудок Лепельскага раёна 4 сакавіка 1871 года нарадзіўся вучоны ў галіне тэорыі пругкасці, акадэмік Акадэміі навук СССР, інжынер-генерал-маёр Барыс Рыгоравіч Галёркін. Навуковыя здабыткі лепельчаніна адзначаны Сталінскай прэміяй (1942 год), двума ордэнамі Леніна, іншымі ўзнагародамі. А з былога маёнтка Цётшы — вучоны ў галіне садоўніцтва, садавод-памолаг Адам Станіслававіч Грабніцкі (Дактаровіч), які нарадзіўся ў 1858 годзе. У 1883 годзе скончыў Лясны інстытут у Пецярбургу, у якім пасля і выкладаў садоўніцтва і агародніцтва да 1922 года. Потым у мястэчку Дукшты (Літва) заснаваў памалагічны сад пад назваю “рай”, там стала жыў і працаваў. Аўтар кніг “Плады-веліканы і іх вырошчванне”, “Догляд за пладовым садам”, “Пасадка пладовых дрэваў”, удзельнічаў у стварэнні “Поўнай энцыклапедыі рускай сельскай гаспадаркі і памежных з ёю навук”. Памёр Грабніцкі ў кастрычніку 1941 года. У літоўскім мястэчку Дукштас нашаму земляку пастаўлены помнік. Вось бы такі і садоўніку з хутара Фатынь Восіпу Кандраватавічу Марозу ўзвесці!..

Лепельшчына — край рэк і азёр. Адзін з турысцкіх маршрутаў па раёне так і называецца: “Край гарлачыкаў і сівых валуноў”. І на гэтым маршруце, бадай, у кожнай вёсачцы-прыпынку можна згадаць нямала імёнаў славутых ураджэнцаў Лепельшчыны.

Алесь Карлюкевіч.
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter