Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Супляменнікі з Паўладара дапамаглі родным з Беларусі ды Казахстана аднавіць згубленыя сувязі

Знайшліся родзічы

Кіраўніца паўладарскай суполкі “Беларусь” Любоў Богнат неяк перадала мне раздрукоўку старонкі з газеты “Союз—Евразия”. Артыкул журналісткі Надзеі Юшкевіч называўся “Двадцать лет спустя” (07.04.2015). Любоў Іванаўна прапанавала: “Можа, і ў “Голасе Радзімы” раскажаце пра новы кірунак нашай дзейнасці: пошук родных беларусаў у Казахстане?”

Л. Богнат дапамагла адшукаць родных беларусаў у Казахстане
Фота: Кацярына Мядзведская

Пачалося ўсё два з паловай гады таму. Мерапрыемствы ІІ Фэсту мастацтваў беларусаў свету шырока асвятляліся ў розных СМІ. Шэраг публікацый выйшаў і ў газеце “Союз —Евразия”. Былі сярод іх артыкулы пра беларускую дыяспару ў Казахстане. А праз некаторы час пастаянны чытач выдання з Віцебшчыны, пенсіянер Барыс Якаўлевіч Леганькоў даслаў ліст у рэдакцыю з просьбай, адрасаванай якраз супляменніцы ў Паўладары Любові Богнат: адшукаць інфармацыю пра лёс яго дзядзькі, Андрэя Сяргеевіча Міронава.

Журналістка Надзея Юшкевіч узялася дапамагчы. З першапачатковых дадзеных, якія даслаў Барыс Якаўлевіч, меліся такія: “У 1930-х Міронаў, ураджэнец пасёлка Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, служыў у пагранвойсках у Паўладарскай вобласці Казахстана. Пасля завяршэння службы працаваў у палітаддзеле, відаць, у сяле Качыры ў Максіма-Горкаўскім раёне. У хуткім часе быў абраны сакратаром райкама партыі, дзе працаваў у гады Вялікай Айчыннай вайны. За выкананне планаў пастаўкі сельгаспрадукцыі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны”.

З ліста вынікала, што дзядзька Барыса Леганькова ўдзельнічаў і ў асваенні цалінных зямель. Апошнім месцам працы, лічыць Барыс Леганькоў, быў Паўладарскі выканкам. Андрэй Міронаў быў жанаты на казашцы, меў дачку. Жыла сям’я ў Паўладары па вуліцы Дзяржынскага. У 1990-х сувязь паміж роднымі ў Беларусі ды Казахстане перарвалася.

Атрымаўшы ліст з Мінска, Любоў Богнат са сваімі памочнікамі, удзельнікамі моладзевага ансамбля “Надзея”, распачалі пошукі. Па-першае, адправілі запыт у Паўладарскі абласны архіў, па-другое, пабывалі па адрасе, пазначаным у лісце... Усё аказалася проста! У кватэры па вуліцы Дзяржынскага, цяпер — Сатпаева жыве дачка Андрэя Міронава: Наталля Андрэеўна.

“Мы даўно знаёмыя з Наталляй Андрэеўнай, ведалі, што яна беларуска, неаднойчы супрацоўнічалі па пытаннях культуры, — пісала Любоў Богнат у сваім пісьме да Надзеі Юшкевіч. — Гэта вядомы ў нашым горадзе чалавек”. З адказу з Паўладарскага архіва вынікае: Андрэй Міронаў пражыў дастойнае жыццё, шмат працаваў. У яго паслужным спісе шмат высокіх партыйных пасад і дзяржаўных узнагарод. Прымаў ён неяк у сваім доме нават будучага генсека Леаніда Брэжнева.

Наталля Андрэеўна, даведаўшыся, што яе шукаюць родныя з Беларусі, вельмі абрадавалася.

Ад Надзеі Юшкевіч пачулі мы і працяг гэтай сямейнай гісторыі: “Канешне, мы перадалі родным і з аднаго боку, і з другога адрасы і тэлефоны. Ведаю, што яны — на сувязі. Наш чытач даведаўся ад сваёй дваюраднай сястры, што дзядзька пражыў 90 год, было ў яго сям’і чацвёра дзяцей: два сыны і дзве дачкі. Усе атрымалі добрую адукацыю і працавалі ў розных канцах вялікай краіны — СССР. Унукі ж трапілі нават у Германію, Фінляндыю... І Барыс Якаўлевіч збіраецца наладзіць стасункі з усімі — сучасныя тэхнічныя магчымасці дазваляюць гэта зрабіць”.

Ад сябе ж дадзім: спадзяемся на працяг гэтай гісторыі. А што, калі б нехта з вялікай беларуска-казахстанскай радні ўзяўся сабраць усіх родзічаў у Беларусі! Каб ведалі-памяталі Міронавы, што разляцеліся па свеце, адкуль іх родавыя карані.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 12 (3516), чацвер, 23 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter