Знайшла сына, калі маці не стала...

Практычна кожны год у спіс патрыётаў уносяцца ўсё новыя імёны. Вось і нядаўна на мемарыяльнай пліце з’явілася яшчэ адно прозвішча… Жадаючых ехаць у Амбросавічы, каб увекавечыць памяць свайго земляка Івана КІБІСАВА, знайшлося нямала. Гэта і прыхаджане тутэйшай царквы, і хор «Благавест», і проста неабыякавыя людзі. Да грамадзянскай паніхіды далучыліся вучні і настаўнікі мясцовай школы. З Гарадка прыехала пляменніца загінуўшага — Наталля Кулакевіч.

У 1974 годзе па ініцыятыве работнікаў калгаса «Праўда» ў вёсцы Амбросавічы Шумілінскага раёна адкрыты помнік загінуўшым воінам-землякам.

Практычна кожны год у спіс патрыётаў уносяцца ўсё новыя імёны. Вось і нядаўна на мемарыяльнай пліце з’явілася яшчэ адно прозвішча… Жадаючых ехаць у Амбросавічы, каб увекавечыць памяць свайго земляка Івана КІБІСАВА, знайшлося нямала. Гэта і прыхаджане тутэйшай царквы, і хор «Благавест», і проста неабыякавыя людзі. Да грамадзянскай паніхіды далучыліся вучні і настаўнікі мясцовай школы. З Гарадка прыехала пляменніца загінуўшага — Наталля Кулакевіч.

Менавіта яна працягнула справу маці Івана Іванавіча — Агаф’і Трыфанаўны, якая некалькі гадоў шукала свайго сына. На жаль, так і не паспела знайсці. Гэта зрабіла Наталля Уладзіміраўна. Ёй дапамагалі спецыялісты Гарадоцкага і Шумілінскага райвыканкамаў, дырэктар праваслаўнага духоўнага цэнтра Вячаслаў Ільін.

«Мы сабралі шмат матэрыялу пра нашага земляка, — расказаў прысутным Вячаслаў Аляксандравіч. — Іван Кібісаў нарадзіўся ў вёсцы Непароты. Адразу пасля тэрміновай службы ў арміі быў прызваны на фронт. Трапіў у крывавы кацёл пад Вязьмай, дзе 10 кастрычніка 1941 года быў узяты ў палон».

Людміла ШАЎЦОВА, галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі Шумілінскага райвыканкама:

— У нашым раёне пахавана 10267 чалавек, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Прозвішчы 2217 з іх — невядомыя. Але ж мы пастаянна вядзём пошукі, і вынікі ёсць: за пяць апошніх гадоў устанавілі 341 прозвішча салдат і партызан.

Пасля звесткі пра земляка абрываюцца. Спатрэбілася паслаць у Германію не адзін запыт, каб нарэшце даведацца пра далейшы лёс Івана Кібісава. Аказваецца, Іван Іванавіч пабываў не ў адным канцлагеры. Апошняе ягонае прыстанішча — горад Везуве. З архіваў Германіі прыслалі карты, схемы, фотаздымкі. У асунутым, знямоглым чалавеку яго цяжка было пазнаць. У снежні 1944 года Іван Кібісаў памёр, пахаваны ў Германіі.

А на даваенным пажоўклым здымку, які прывезла з сабой Наталля Уладзіміраўна, яе дзядзька такі малады, прыгожы. Ён пражыў нямнога, не паспеў ажаніцца і завесці дзяцей, але быў сапраўдным чалавекам, воінам, які абараняў сваю Радзіму.

Кветкі і гірлянда, зробленая рукамі школьнікаў, словы пашаны і хвіліна маўчання — у гонар земляка. Айцец Фёдар, благачынны Шумілінскай акругі Віцебскай епархіі, правёў паніхіду.

Марыя СЕЛЮЦЕНКА

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter