Знайшліся, каб не губляцца

Тамара Канстанцінаўна Рымарава-Пальчык з Лідскага раёна шукала сяброў маладосці Ванду Бабіцкую і Міхаіла Карповіча, сувязь з якімі даўно страчана. Знайшоўся Міхаіл Канстанцінавіч Карповіч. Пошук В.Бабіцкай працягваецца.

Тамара Канстанцінаўна Рымарава-Пальчык з Лідскага раёна шукала сяброў маладосці Ванду Бабіцкую і Міхаіла Карповіча, сувязь з якімі даўно страчана. Знайшоўся Міхаіл Канстанцінавіч Карповіч. Пошук В.Бабіцкай працягваецца.

  • Мікалай Паўлавіч Краўцоў з Віцебска шукаў пляменніка Аляксандра Рыгоравіча Краўцова. Як высветлілася, пляменнік жыве недалёка ад дзядзькі.
  • Дзіна Маркаўна Мачэча з Чашнікаў шукала звесткі пра брата Мікалая Маркавіча Мачэчу. Жыў брат у Аршанскім раёне, дзе прадпрыемства “Асінторф”. Патэлефанавалі некалькі чалавек, якія ведалі Мікалая Маркавіча. Звесткі пра яго накіраваны пісьмом.
  • Таццяна Міхайлаўна Шыманчык з Івацэвіцкага раёна шукала сяброў маладосці Таісу Іванаўну Ханевіч і Міхаіла Міхайлавіча Свірыдэнку. Пра лёс Міхаіла Міхайлавіча яна даведаецца з пісьма. Пошукі Т.І.Ханевіч працягваюцца.
  • Рычард Аляксандравіч Каласоўскі з Ганцавіцкага раёна шукаў Ніну Васільеўну Лаўрову, каб папрасіць прабачэння. Яе адрас высланы пісьмом.
  • Тамара Сыцэвіч з вёскі Новы Двор Пінскага раёна шукала сваіх студэнцкіх сяброў. Яна ў 1991 годзе паступіла ў вучылішча № 161, што знаходзілася ў вёсцы Жабчыцы. За тры гады вучобы ў ім пазнаёмілася з дзяўчатамі з розных населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. Адгукнулася Таццяна Іванаўна Барташ.
  • Іна Максімава (Саўчанка) з горада Барань Віцебскай вобласці шукала сяброў юнацтва. Адгукнуўся Аляксей Забаронак.
  • Уладзімір Пятровіч Чарнянкоў з горада Цвер (Расія) прасіў адшукаць месца пахавання яго бацькі радавога Пятра Захаравіча Чарнянкова. Прыйшло паведамленне, што ён загінуў у баі дзесьці каля вёскі Горкі пад Віцебскам у кастрычніку 1943 года. Месца пахавання дапамаглі знайсці супрацоўнікі ўпраўлення па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, за што мы ім шчыра ўдзячны.
  • Ганна Рыгораўна Ракуціна (Козырава) з Оршы шукала магілу брата Івана Рыгоравіча Козырава, 1919 года нараджэння, які загінуў у час Вялікай Айчыннай. Інфармацыю пра месца пахавання таксама паведамілі з упраўлення па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Шукаем сваякоў у Беларусі

“Дарагія мае землякі па лініі бацькі. Адпраўляю вам копію пашпарта Міхаіла Якаўлевіча Ягамосця, у якога былі два браты і сёстры. Зямлі ў гаспадарцы было малавата, таму, відаць, Міхаіл Якаўлевіч Ягамосць і апынуўся ў Забайкаллі. Браты ў пошуках лепшай долі паехалі адзін у Германію, другі — у Амерыку. Аднойчы даведаўся, што такое прозвішча, як у мяне, у бразільскага кінарэжысёра. “А раптам сваяк”, — падумаў я. Цудоўна, што ёсць праект, які дапамагае людзям у пошуку родных. Прывітанне вам ад усёй нашай сям’і. Сыноў у бацькі майго было шэсць, застаўся я адзін, дачок было тры, засталіся дзве, астатнія — унукі і праўнукі. Калі ёсць нашы сваякі ў Беларусі, адгукніцеся. Андрэй Міхайлавіч Ягамосць, Іркуцкая вобласць (Расія).
“Мой прадзед Іосіф Раманавіч Бранюшыц-Герасімовіч жыў у Полацкім павеце Віцебскай губерні. Прыкладна ў 1861 годзе паехаў адтуль і пасяліўся пад Санкт-Пецярбургам. У Полацку засталіся яго родныя. Я нашла запіс у метрычнай кнізе рымска-каталіцкага касцёла аб хрышчэнні ў 1846 годзе сястры прадзеда Эмілі Раманаўны. Сам Іосіф Раманавіч нарадзіўся 21 лютага 1843 года. У яго былі стрыечныя браты і сёстры, прозвішча якіх Герасімовіч. Хачу знайсці сваякоў з такім прозвішчам. Ірына Усеваладаўна Міралюбава, Санкт-Пецярбург”.

У кафэ “Бярозка”

“Я вучыўся ў школе міліцыі ў Мінску. Было гэта ў 1974—1975 годзе. У той час у кафэ “Бярозка” на плошчы Перамогі працавала цудоўная дзяўчына, якую звалі Жэня. Школу я не закончыў па стану здароўя, перавёўся на завочнае навучанне ў горад Курск. З Жэняй нават не развітаўся, падумаў: навошта ёй хворы? Але я паправіўся і працаваў у міліцыі да выхаду на заслужаны адпачынак. Жэня! Калі ты памятаеш курсанта школы міліцыі Косцю з горада Сеўска, адгукніся. Канстанцін Іванавіч Пепа, горад Сеўск Бранскай вобласці (Расія)”.

Дзеці майго бацькі

“У майго бацькі Фёдара Аляксандравіча Мажэйкі ад першага шлюбу была дачка, а можа, нават дзеці. Дапамажыце знайсці іх. Бацька працаваў суддзёй у горадзе Століне. Затым яго накіравалі на працу ў Драгічын. Там у 1955 годзе ён памёр і пахаваны. У Мінску жывуць Нэля Фёдараўна МАЖЭЙКА, 1946-га, і Леанід Фёдаравіч МАЖЭЙКА, 1950 гадоў нараджэння, але яны нічога не ведаюць пра бацьку. Людміла Фёдараўна Любімава, Петрыкаўскі раён”.

Жыццё не песціла

“Дапамажыце даведацца пра лёс Паўла Іванавіча ВІНАГРАДАВА, 1928—1929 года нараджэння, жыццё якога не песціла, было суровым. Павел Іванавіч быў асуджаны, адбываў пакаранне. Гэта і разлучыла нас. Ніна Страшынская, Смаргонскі раён”.

Верым, што жывая

“9 красавіка 1949 года мая цётка Ганна Аляксандраўна Садоўская нарадзіла дзяўчынку і праз некалькі дзён памерла. Немаўлятка засталося ў бальніцы, адкуль яго бацька Міхаіл Сцяпанавіч Садоўскі планаваў забраць праз некаторы час. Аднак ён не зарэгістраваў дачку ў сельскім Савеце. Запісалі дзяўчынку 21 мая 1949 года медыцынскія работнікі, далі ёй імя Рэгіна. У чэрвені таго ж года Рэгіна Міхайлаўна САДОЎСКАЯ была ўжо ў Глыбоцкім доме немаўляці, што ў Віцебскай вобласці, з архіўных дакументаў якога родныя потым даведаліся, што 25 снежня 1949 года яна памерла. Здаецца, усё зразумела. Аднак Міхаіл Сцяпанавіч увесь час, пакуль быў жывы, казаў, што малодшая дачка жыве недзе ў людзей. Маўляў, калі паехаў забіраць дзяўчынку, яму сказалі, што яна памерла. Ён спытаў: “А дзе яе пахавалі?” І тады яму быццам бы прызналіся, што Рэгіну забралі ў добрую сям’ю. Аддалі яе без згоды бацькі, бо былі ўпэўнены, што так будзе лепш: яму, аднаногаму інваліду вайны, у якога дома яшчэ дзве дачушкі, 11 і 5 гадоў, без маці не выхаваць маленькую, і запісалі так, быццам дзяўчынка памерла. А можа, бацька ўсё прыдумаў, каб сцішыць боль? Ёсць прыклады, калі дзеці праз некаторы час даведваюцца, што іх усынавілі ці ўдачарылі, і хочуць убачыць родных. Можа, наша Рэгіна ўсё ж жывая і нават ведае, што выхоўвалі яе прыёмныя бацькі, але па якойсьці прычыне не шукае. Таму мы шукаем яе. Хочам, каб Рэгіна ведала, што ў яе вялікая радня: дзве родныя сястры, пляменнікі, шмат стрыечных сясцёр і братоў. Спадзяёмся, мы нават упэўнены, што наша Рэгіна жывая і адгукнецца. Сем’і Садоўскіх і Гічанскіх, Докшыцы”.

Слёзы маці

“Мой сын Уладзімір Станіслававіч ЗІМНІЦКІ, 1953 года нараджэння, у лютым 1999-га паехаў у Маскву на заробкі, і дагэтуль пра яго нічога невядома. Дапамажыце знайсці Валодзю. Мне ўжо за 80, я хворая і адзінокая, вельмі хачу ўбачыць сына. Зінаіда Сцяпанаўна Зімніцкая, Кобрын”.
“У мяне прапаў сын Сяргей Уладзіміравіч РАЗУМЕНКА, 1960 года нараджэння. 16 чэрвеня 2004 года ён паехаў на заробкі ў Санкт-Пецярбург. Апошні раз тэлефанаваў дамоў у кастрычніку 2004-га. Пасля гэтага вестак ад яго няма. Дапамажыце знайсці сына. Лідзія Арсенцьеўна Разуменка, Старадарожскі раён”.

Мая віна

“Шукаю сябра маладосці Аляксея Міхайлавіча АНТОНАВА, 1939—1940 года нараджэння, які служыў у вайсковай часці ў Мачулішчах каля Мінска. Пазнаёміліся мы ў 1961 годзе на танцах. Рассталіся па маёй віне. Зараз мы ўжо не маладыя, ёсць дзеці і ўнукі. Хочацца даведацца, як склаўся лёс Аляксея.
 Алена Васільеўна Іванова, Мінск”.

Браты і сёстры

“У мяне ў вайну без вестак прапаў брат Іосіф Сяргеевіч Анулёнак, 1904 года нараджэння. На фронт ён быў накіраваны з горада Крычава. У яго было двое дзяцей: сын Валянцін і дачка Ірына. Дапамажыце ў пошуку маіх пляменнікаў. Яны, па няпоўных звестках, жывуць ва Украіне, у Чарнігаўскай вобласці. Магчыма, у іх прозвішча маці Міхальчанка. Надзея Сяргееўна Анулёнак, Орша”.
“Шукаю брата Леаніда Міхайлавіча МАКАРАЎСКАГА, 1942 года нараджэння. Ён ведае, дзе я жыву, але чамусьці не піша і не наведвае мяне ўжо шмат гадоў. Брат працаваў на будоўлі ў Кіеве. Ёсць фотаздымак, на якім ён з групай маляроў. Аднойчы паведаміў, што едзе на працу ў Цюмень. З таго часу нічога не ведаю пра Леаніда. Серафіма Міхайлаўна Янчанка, Буда-Кашалёўскі раён”.
“Хачу знайсці стрыечных братоў Івана і Фёдара БАРАВІКОВЫХ, якія раней жылі ў вёсцы Чырвоная Буда Крычаўскага раёна. Іван Дзмітрыевіч Кашура, Мінск”.
“У майго бацькі Міхаіла Лявонцьевіча Куліка, які жыў у вёсцы Морач Клецкага раёна, была сястра Анастасія Лявонцьеўна КУЛІК. Яна выйшла замуж за Івана, прозвішча, здаецца, Дзятко. У іх было двое дзяцей: дачка Зоя і сын Мікалай. Сувязь з роднымі страчана ў 1980 го-
дзе, пасля смерці майго бацькі. Я доўгі час не жыла ў Беларусі і зараз хачу знайсці дарагіх мне людзей. Людміла Міхайлаўна Кулік, Мінск”.
“Дапамажыце знайсці маіх стрыечных сясцёр па лініі бацькі Марыю і Галіну. Пасля смерці бацькоў мы ў сямейным фотаальбоме знайшлі іх фатаграфію. Жылі яны ў горадзе Чэлябінску ў Расіі. Дзявочае прозвішча Марыі — Хаміцкая. Яна нарадзілася ў Беларусі, у вёсцы Вензавец Дзятлаўскага раёна, прыкладна ў 1938—1939 годзе. Бацька яе загінуў. У якім годзе нарадзілася Галіна, не ведаем. Бацьку яе звалі Васілём, а маці — Сцепанідай. Калі была жывая бабуля, яны да нас прыязджалі. Затым, у 1956—1957 годзе, нас наведвала Марыя з мужам Лёнем і дачушкай Любай. Марыя працавала тады ў аптэцы, а Лёня — на чыгунцы і вучыўся ў інстытуце, у нас пісаў дыпломную работу. Вельмі хочацца ведаць, як склаўся лёс родных. І ў іх, і ў нас ужо даўно дзеці, унукі. Добра б было, каб яны пазнаёміліся і сябравалі. Лідзія Антонаўна Мацукевіч, Пінск”.

На трох войнах

“Мой дзядуля Іван Сямёнавіч ЧАРНЯЎСКІ жыў у вёсцы Какаль Светлагорскага раёна. У 1945 годзе ён вярнуўся з вайны, але часта хварэў, ляжаў у шпіталі і хутка памёр. Дзяцей у яго было сямёра, але іх ужо няма сярод жывых. Мы, унукі, не ведаем ні даты нараджэння дзядулі, ні калі ён памёр. Фотаздымка яго ў нас таксама няма. Ведаю з аповеду маці, што ў 1945-м яму было каля шасцідзесяці гадоў, што ваяваў ён на трох войнах: на грамадзянскай, фінскай і Вялікай Айчыннай, меў шмат узнагарод. Хачу даведацца пра дарагога чалавека як мага больш. Ала Юр’еўна Іграева, Светлагорск”.

Пасылаў лёс

“Гэта было даўно, гадоў 40 таму. Я абмяняла кватэру і пераехала з Масквы ў беларускую сталіцу. Сыну Ігарку было тады крыху больш як пяць гадочкаў. Ішлі мы з ім аднойчы па Камсамольскай вуліцы ў кінатэатр. Да нас падышоў мужчына, прапанаваў адвесці сына дамоў, а мне пайсці з ім глядзець кінафільм. Я не пагадзілася, але адрас свой мужчыну дала. Аднойчы пачула голас брата, які з сябрам-студэнтам жыў у мяне на кватэры. “Яе няма дома!”— камусьці гаварыў брат. Я ў той час была занята справамі, затым пацікавілася ў брата, хто гэта быў. Ён адказаў, што мне здалося. Калі брата не было дома, спытала ў студэнта, з кім размаўляў брат, і ён сказаў, што прыходзіў мужчына ў вайсковай форме. Я здагадалася, што гэта быў чалавек, з якім мы з сынам пазнаёміліся па дарозе ў кінатэатр. Ён яшчэ сказаў тады: “Буду клапаціцца пра твайго сына, ён ні ў чым не будзе мець патрэбы”. У майго сыночка гэты чалавек, напэўна, заўважыў талент, ён быў вельмі цікавы хлопчык. Даведалася, што ў мужчыны ў Баранавічах ёсць сям’я, таму вырашыла з ім не сустракацца. Мінуў час, і ён зноў прыйшоў. Праз адчыненыя дзверы заўважыў мяне на кухні. Я была цяжарная. Ён вельмі расхваляваўся. Я таксама. Нават не прапанавала яму сесці, не хацела гаварыць. Ён сказаў: “У мяне ты і твой сын былі б у пашане, а гэты мужчына, відаць, цябе пакінуў”. Я адказала: “Так. Даведаўся, што цяжарная, і пайшоў ад мяне”. Словам, я засталася з двума дзецьмі адна. Было вельмі цяжка. Дзяцей маіх часта крыўдзілі. Але самае вялікае гора было наперадзе. Старэйшы сын Ігарок быў у маіх родных у вёсцы. Летам, у час канікул, працаваў у калгасе, каб зарабіць, дапамагчы старэйшым. Аднойчы яго накіравалі на збожжасушылку, і там ён загінуў. Гору майму не было межаў. Успамінаю мужчыну, якога калісь мы з сыночкам сустрэлі ў Мінску па дарозе ў кінатэатр. Напэўна, лёс пасылаў яго, каб зберагчы майго сына. Але я гэта зразумела, на жаль, вельмі позна. Яўгенія Макараўна Цалей, Мінск”.

Аднакласнікі, сябры, аднапалчане

“Шукаю былога аднакласніка Аляксандра РАМАНАВА, 1944 года нараджэння, разам з якім вучыліся ў школе № 13 Брэста і ў 1961 годзе закончылі яе. На сайце “Аднакласнікі” ў Інтэрнэце даведаўся, што Аляксандр Раманаў закончыў ваеннае вучылішча чыгуначнага транспарту імя Фрунзе ў Ленінградзе, затым — ваенную акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. Па няпоўных звестках, жыў і працаваў у Маскве. Зараз, хутчэй за ўсё, жыве ў Падмаскоўі. Міхаіл Паўлавіч Самакрык, Мінск”.
“Хачу знайсці сябра па армейскай службе Уладзіміра Піліпавіча СМІРНОВА. Ула-дзімір родам з горада Яраслаўля. На службу мы былі прызваны ўвосень 1958 года. Служылі ў Карэліі, вывучыліся на вадзіцеляў і былі накіраваны на цаліну, на ўборку ўраджаю. Затым служылі ў Калінінскай вобласці. З нашых мясцін там былі Анатоль Козел, Раман Зінкевіч, Іван Ліпніцкі. Можа, яны адгукнуцца. Успомняць Антона Міхалькевіча, які быў запявалам у батарэі. Хлопцы звалі мяне Толя. Антон Паўлавіч Міхалькевіч, Смаргонскі раён”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter