Знаёмай сцежкай да знаёмых людзей

Шэфы з Федэрацыі прафсаюзаў зноў наведалі Нараўляншчыну

Шэфы з Федэрацыі прафсаюзаў зноў наведалі Нараўляншчыну.

Паездку ў адзін з найбольш пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС раёнаў кіраўнікі і актывісты прафсаюзаў прымеркавалі да чарговай гадавіны чарнобыльскай аварыі. Паколькі шэфства ФПБ над Нараўляншчынай працягваецца з 2006 года і перарасло ўжо ў трывалае партнёрства, сустракалі нараўляне прафсаюзных гасцей як лепшых сяброў. У раённым Доме культуры прафсаюзныя лідары на чале з намеснікам старшыні федэрацыі Аляксандрам Мікшам сустрэліся з кіраўніцтвам раёна, прафактывам і грамадскасцю. Ганаровымі гасцямі адчувалі сябе на мерапрыемстве мясцовыя ветэраны вайны і працы. У гонар маючай адбыцца 70-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пяці з гэтай кагорты ўручаны каштоўныя падарункі. Адметны падарунак — сертыфікат на 150 мільёнаў рублёў перададзены і Нараўлянскаму райвыканкаму.

— Наша ўдзячнасць пакаленню, што аддавала свае жыцці і сілы за сённяшняе мірнае сонца над галавой, бязмерная, — сказаў, падкрэсліваючы значны клопат прафсаюзаў аб развіцці рэгіёна, старшыня Нараўлянскага райвыканкама Валерый Шляга. — Адметная дата вызвалення краіны і аб’яўлены Прэзідэнтам Год гасціннасці акрэсліваюць нам аптымальны накірунак укладання прафсаюзных сродкаў. Яны будуць скарыстаны на прывядзенне ў належны стан аб’ектаў турызму — партызанскіх стаянак, помнікаў загінуўшым воінам і партызанам, на арганізацыю турыстычнага маршруту «Дарогамі вайны».

Сваю падтрымку аб’ектам сацыяльна-культурнай сферы аказалі і асобныя галіновыя прафсаюзы. У прыватнасці, прафсаюз медработнікаў выдаткаваў 30 мільёнаў рублёў на набыццё сродкаў індывідуальнай засцярогі для медыкаў і паляпшэнне ўмоў працы медперсаналу Нараўлянскай цэнтральнай райбальніцы. Прафсаюз працаўнікоў лесу падарыў установе «Вербавіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа» ноўтбук і музычную апаратуру. Грашовыя сродкі ў якасці падарунка ад клапатлівых шэфаў атрымалі гімназія, дзіцячы сад № 6 райцэнтра, іншыя ўстановы Нараўлянскага раёна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter