“ЗНАЙДЗІ АДКАЗ на ўсе пытанні!”

Учора выпускнікі здавалі першы экзамен — пісалі пераказ па беларускай мове

У сталічнай гімназіі № 23 два выпускныя класы, роўна 39 вучняў. Усе выхаванцы класа з беларускай мовай навучання і 15 з 23 вучняў класа з рускай мовай навучання абралі адным з экзаменаў родную мову.
— Мы паступова пераводзім на беларускую мову ўвесь навучальны працэс, ужо ў 21 з 23 класаў гімназіі ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску, — патлумачыла “НГ” намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Людміла Бохан. — З гэтай прычыны да нас ідуць вучыцца не толькі мінчане, але і жыхары Дзяржынска, Фаніпаля, іншых населеных пунктаў.
З тэмай пераказу, лічаць педагогі, дзецям пашанцавала: тэкст нескладаны, у скарочаным варыянце вучні праходзілі яго яшчэ ў пачатковай школе. Неспрыяльнага ўплыву майскай спякоты таксама ўдалося пазбегнуць. Азнаёміўшыся з прагнозам надвор’я, адміністрацыя гімназіі перанесла іспыты ў найбольш халаднаватыя кабінеты фізікі і хіміі, не забылася пра пітную ваду. У калідорах і холах дзяжурныя настаўнікі пільнуюць, каб ніводзін пастаронні гук не парушыў цячэння вучнёўскіх думак. Астатняе залежыць ад саміх удзельнікаў выпрабаванняў.

Экзаменацыйнай латарэі больш няма: “шчаслівыя білеты” скончыліся
Іспыты-2007 выключаюць такія некалі папулярныя паняцці, як “шчаслівы білет”, “цяжкая рука” ці “экзаменацыйная латарэя”: амаль усе яны праводзяцца ў пісьмовай форме. Але ўсё роўна старшакласнікі старанна ўстаюць у гэты дзень з правай нагі, завязваюць на гальштуках вузельчыкі “для памяці” і просяць родных лаяць іх ў мінуты выпрабаванняў, не шкадуючы эпітэтаў. На ўсялякі выпадак.
Выпускнікі базавай школы — учарашнія дзевяцікласнікі здаюць сёлета матэматыку і адну з дзвюх дзяржаўных моў пісьмова, гісторыю Беларусі вусна.
Выпускнікі агульнаадукацыйнай школы, ці адзінаццаці- і дванаццацікласнікі, таксама здаюць матэматыку і дзяржаўную мову пісьмова. Трэці экзамен у вуснай форме выпускнікі выбіраюць самастойна. Яны маюць права аддаць перавагу любому са школьных прадметаў — беларускай ці рускай мове, мове нацыянальнай супольнасці, літаратуры, замежнай мове, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, геаграфіі, біялогіі, хіміі, фізіцы, астраноміі, інфарматыцы, сусветнай мастацкай культуры, прадмету “Чалавек. Грамадства. Дзяржава”, прафесійнай падрыхтоўцы ці фізічнай культуры. У 23-й гімназіі, праўда, фізічную культуру ніхто не здае: тут іншы профіль.
Доўгатэрміновыя правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы прыроўніваюць сярэдні бал атэстата да чацвёртай экзаменацыйнай адзнакі абітурыента. А вось залатыя медалі, шлях да якіх часам такі доўгі і цяжкі, сталі звычайным сувенірам на памяць пра выдатныя поспехі: ніякіх пераваг пры паступленні сваім уладальнікам яны не абяцаюць.
Школьныя іспыты сёлета здаюць 70 716 выпускнікоў базавай школы і 94 330 выпускнікоў агульнаадукацыйнай. На жаль, ужо наступным летам колькасць тых, хто будзе здаваць выпускныя экзамены, істотна паменшыцца: наступствы дэмаграфічнага спаду пачатку 90-х гадоў дакаціліся да старэйшага школьнага звяна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter