Шакіруючая гісторыя Брэсцкага гета

Знакі бяды

75 гадоў таму была пастаўлена трагічная кропка ў гісторыі Брэсцкага гета

Працэс знішчэння яўрэяў у горадзе над Бугам пачаўся на сёмы дзень германскай акупацыі. За два дні народ, які даў свету Эйнштэйна, Зяльдовіча, Харытона, страціў тут пяць тысяч сваіх сыноў і дачок. Асноўная частка астатніх брастчан яўрэйскага паходжання спачатку год і тры месяцы праходзіла праз нечалавечыя выпрабаванні, а затым папоўніла лік ахвяр Халакосту.

Ліза Рубін, у дзявоцтве Ліхтэнберг, з дачкой Рутачкай падзялілі лёс 17 тысяч вязняў Брэсцкага гета

Пятнаццаць месяцаў фашысцкія каты рабілі ўсё, каб тамтэйшыя яўрэі знаходзіліся на абочыне грамадства. Фізічнаму гета, якое бярэ свой пачатак з 16 снежня 1941 года, папярэднічала гета маральнае і духоўнае. Яўрэі пазбавіліся сінагог, малітоўных дамоў, былі моцна абмежаваныя ў перамяшчэнні. Да самага мінімуму знізілася свабода іх гандлёвай і гаспадарчай дзейнасці. Стала нормай рабаванне з боку нацыстаў без ніякіх межаў. Прапаведуючы антысемітызм, акупанты строга прадпісвалі яўрэям нашэнне на вопратцы знакаў, якія сведчылі аб іх этнічнай прыналежнасці. Спярша гэта была павязка з шасціканцовай зоркай. Затым жоўтыя 10-сантыметровыя кругі на спіне і на грудзях. Нашэнне такіх нашывак было абавязковым.

Усіх брэсцкіх яўрэяў гітлераўцы перапісалі. Атрымалася колькасць, сувымерная з насельніцтвам сучасных Пружан. Дарослыя сталі ўладальнікамі пашпартоў, выдача якіх уваходзіла ў кампетэнцыю германцаў. Калі гэтыя яўрэі мелі дзяцей да 13 гадоў, то яны аўтаматычна станавіліся аб’ектамі для запаўнення анкет. Там утрымліваліся звесткі як пра саміх бацькоў, так і пра іх дзяцей ва ўказаным узроставым дыяпазоне. У абласным архіве захоўваецца рэгістрацыйная кніга, у якой адлюстраваны ўсе выпадкі фарміравання корпуса ўладальнікаў такіх пашпартоў. Немцы дзейнічалі вельмі педантычна, ні адно імя не было прапушчана.

16 снежня 1941 года пачаўся новы этап выпрабаванняў, звязаных са знаходжаннем у Брэсцкім гета. Яго тэрыторыя займала абласны цэнтр і частку Брэсцкага раёна. Колькасць вязняў была сувымерная з насельніцтвам сучаснага Шклова, пры гэтым плошча гета была ў шмат разоў меншай за гэты райцэнтр Магілёўшчыны. Дададзім да гэтага ўзмоцненую ахову, абыходжанне з вязнямі як з рабамі. Для дасягнення максімальных вынікаў іх паднявольнай працы і строгага паслушэнства карнікі стварылі юдэнрат (орган яўрэйскага самакіравання. — Рэд.) і яўрэйскую паліцыю.


Голад, холад і рабская праца рабілі сваю справу. Колькасць вязняў змяншалася. Большасць разумела, што чакае насельнікаў гета. Сталі з’яўляцца арганізацыйныя структуры яўрэйскага супраціўлення, пачалася падрыхтоўка да паўстання. Аднак да яго справа не дайшла: акупанты даведаліся пра яго падрыхтоўку і пра некаторых падпольшчыкаў. І нацысты сталі актыўна рыхтаваць знішчэнне гета. Было старанна ўзгоднена ўзаемадзеянне паліцэйскіх фарміраванняў, якія складаліся з немцаў, палякаў і ўкраінцаў. Рэзка ўзмацніўся іх асабовы склад. Брэст зазнаў беспрэцэдэнтны наплыў грузавых аўтамабіляў і таварных вагонаў.

Фота сайта city-walk.brest-belarus.org

Ужо 15 кастрычніка 1942 года ў брастчан пачало складацца ўражанне, што ўзброеныя да зубоў гітлераўцы і іх спадручныя гатовы знайсці іголку ў стозе сена, настолькі густа былі сканцэнтраваныя гэтыя нелюдзі ў горадзе і яго бліжэйшым наваколлі. Яўрэяў альбо расстрэльвалі ў Брэсце, альбо грузілі ў таварныя вагоны, якія дастаўлялі іх на Бронную Гару (Бярозаўскі раён) для далейшага знішчэння. Тады ўратавалася не больш за два дзясяткі вязняў гета.

Пасля вайны цалкам слушнай была пастаноўка пытання аб увекавечанні памяці 20 тысяч вязняў Брэсцкага гета, знішчаных нацыстамі. Сёння помнікі пра тое ёсць у Брэсце і на Броннай Гары. Прычым манумент у абласным цэнтры адноўлены восенню 1992-га. На яго месцы ў далёкія саракавыя гады быў манумент, але ў сямідзясятыя ён быў знесены. З 1990 года брэсцкая яўрэйская суполка на чале з Захарам Ошаравічам Зімаком і Навумам Язэпавічам Пекерам ставіла перад гарадскімі ўладамі пытанне пра яго аднаўленне. Пасля таго як улады падтрымалі суполку, яе кіраўніцтва дамовілася з яўрэйскімі дыяспарамі, прадстаўленымі ў Ізраілі, ЗША і Аргенціне. Былі вытрыманы строгія стандарты ў працэсе архітэктурна-будаўнічых работ. У сувязі з гэтым выдатна сябе праявілі талковыя спецыялісты ў галіне будаўніцтва Уладзімір Бокал, Міхаіл Струковіч, таленавіты інжынерэлектрык Аляксандр Эстрын. 

На помніку надпісы на трох мовах. З іўрытам звязаны карані беларускіх яўрэяў, з ідыш — найбагацейшы пласт іх гісторыі на гэтай зямлі. Цалкам зразумела і прысутнасць беларускай мовы.

Успаміны відавочцаў

Вольга Педан

— У гета былі выдатныя майстры-рамеснікі, у прыватнасці шаўцы. Знаёмы падказаў, што там могуць зрабіць туфлікі з мяккай скуры. Я папрасіла перадаць мой заказ, але прыйшоў адказ, што памеру абутку мала, трэба прыйсці самой і зняць мерку з нагі. Я спалохалася, але знаёмы супакоіў: гэта проста. У пэўны час усе вартавыя ідуць на абед, і цэлую гадзіну можна бесперашкодна пралазіць пад дротам. Так я ўбачыла жыццё гета. Жудасная цесната, па некалькі сем’яў у пакоі, спалі на падлозе. Хатнія майстры тут жа вялі свой промысел. Запас матэрыялу хавалі ад вобыскаў арыгінальным спосабам: на адвароце скуры малявалі просценькія малюнкі і вешалі на сцяну. А калі прыходзіў заказ, адзін з “твораў мастацтва” здымалі і выразалі па лякалу. Туфлікі, якія вырабіў шавец, аказаліся выдатныя — прыгожыя і сапраўды па назе, памятаю іх да гэтага часу.

Паліна Галоўчанка

— Яны ішлі, узяўшыся за рукі, моўчкі. Крокаў за дваццаць наперадзе калоны рухаўся брэсцкі рабін. Памятаю, на ім былі фіялетавая шапачка, якую насілі ўсе рэлігійныя яўрэі, і кароткае паліто. Немцы-канваіры спусцілі на рабіна сабак. Сабакі скачуць, ірвуць, за бараду хапаюць, а ён хоць бы рукой паварушыў. Ідзе моўчкі і нават не адбіваецца. Народу па краях шашы было шмат. Людзі зашумелі, і немцы сабак прыбралі.

Георгій Карпук

— Маскоўская была густа заслана трупамі, мы праз іх пераступалі. У мяне закружылася галава, мяне вырвала. Дайшлі да вуліцы Карбышава, там чалавечыя целы былі кімсьці зваленыя ў кучу. Людзі ляжалі з расплюшчанымі вачыма, нібы глядзелі ў неба... Нас пагналі па рыдлёўкі і прымусілі капаць. Выкапаўшы велізарныя ямы, мы пад дуламі аўтаматаў сталі пераносіць забітых.

(З кнігі Васіля Сарычава “У пошуках страчанага часу”)

Міхаіл Стралец, доктар гістарычных навук, прафесар
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter