Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Амаль сто памятных знакаў усталявана ў Беларусі на месцах масавых пахаванняў яўрэяў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Знакамі памяці там — камяні

Пэўна, многія чулі, ведаюць, што Беларусь — краіна шматнацыянальная: на зямлі нашай жывуць прадстаўнікі больш чым 140 нацыянальнасцяў, 26 канфесій. Прычым прадстаўнікі шэрагу народаў — літоўцы, палякі, рускія, украінцы, татары, яўрэі — стагоддзямі. Таму й маюць поўнае права называць Беларусь зямлёю сваіх продкаў. А ці можа быць інакш, напрыклад, у яўрэяў, якім яшчэ ў 1388 годзе Вялікі князь Вітаўт выдаў прывілей на пасяленне ў шэрагу гарадоў Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку й Берасці (цяпер Брэст). Яўрэі тады атрымалі тут прытулак ад ганенняў і пагромаў у Цэнтральнай Еўропе, а ў ВКЛ — магчымасць больш інтэнсіўна развіваць гандаль і рамёствы. Паступова, крок за крокам на беларускай зямлі вучыліся жыць у ладзе-згодзе прадстаўнікі розных канфесій, нацыянальнасцяў.

У Пагосце памятаюць пра ахвяраў мінулай вайны
Фота: Уладзі Арцеева

Летась напрыканцы года ў нашай газеце быў надрукаваны артыкул “Умеем жыць у згодзе” (ГР, 30.11.2016). Яго аўтарка Яўгенія Яфімава, старшыня праўлення Салігорскага яўрэйскага грамадскага аб’яднання, дзялілася меркаваннямі наконт таго, што паважлівае стаўленне да грамадзян іншай нацыянальнасці на дзяржаўным узроўні — гэта адна з галоўных прычын захавання міру й згоды паміж усімі народамі Беларусі: “Я б нават сказала: мы маем справу з такім феноменам, як Аб’яднаныя Нацыі Беларусі”. Далей прыводзіўся прыклад таго, як у раёне шануюць памяць пра яўрэяў, расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны — там устаноўлены два новыя помнікі ў вёсцы Пагост замест старых, яшчэ з 1944 года. Прычым адна з ініцыятарак аднаўлення помнікаў — мясцовая жыхарка, заслужаная настаўніца Беларусі Людміла Іванаўна Дзялендзік. Гэта яна, сведка трагедыі. прасіла актывістаў яўрэйскай суполкі прыкласці ўсе намаганні, каб яшчэ пры яе жыцці ў Пагосце з’явіліся новыя помнікі, бо сярод расстраляных былі й яе школьныя сябры. Дома ж Людміла Іванаўна зберагае здымкі аднакласнікаў, з якімі разам у 1941-м закончыла восьмы клас.

Сёлета Яўгенія Яфімава напісала нам, у працяг тэмы, пра важныя сустрэчы ў Салігорскім раёне, скінула спасылкі на публікацыю пра тое ў мясцовай прэсе, інтэрнэце. Аўтарка Уладзі Арцеева ўзяла эпіграфам для тэкста знакамітыя развагі з Бібліі пра тое, што ўсяму ў гэтым свеце — свой час, а загаловак такі: “Время собирать камни”. Як вядома, у гады Вялікай Айчыннай на тэрыторыі Беларусі загінулі сотні тысячы яўрэяў, па розных ацэнках — ад 400 да 900 тысяч чалавек. І Камісія па ўвекавечанні памяці ахвяр, піша аўтарка, з 90-х гадоў займаецца вышукам месцаў пахаванняў, аднаўленнем і ўстаноўкай помнікаў у Беларусі. Пры падтрымцы Камісіі тут устаноўлена 99 памятных знакаў, сёлета плануецца ўсталяваць яшчэ два помнікі: у горадзе Калінкавічы ды ў вёсцы Агароднікі.

Як ужо ведаюць нашы чытачы з публікацыі Яўгеніі Яфімавай, у Салігорскім раёне памяць ахвяр фашызму ўшанаваная (адноўлены помнікі) у тым ліку й дзякуючы дапамозе грамадскага Дабрачыннага фонду імя Саймана Марка Лазаруса (Вялікабрытанія). Уладзі Арцеева ўдакладняе, што Фонд з 2004 года пералічвае сродкі на ўстаноўку памятных знакаў у Беларусі — так ушаноўваецца памяць ахвяраў Халакоста. І вось мінулым летам у раён прыязджалі прадстаўнікі грамадскага фонду, Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў, а таксама галоўны равін Рэспубліканскага аб’яднання прагрэсіўнага іудаізму. А сустрэлася дэлегацыя гасцей і прадстаўнікі Салігорскага райвыканкама, жыхары вёскі на месцы, дзе адноўлены помнікі. У знак памяці былі ўскладзены не кветкі, а камяні: так прынята ў яўрэйскай традыцыі. Вытокі рытуалу — даўнія. Паводле адной з версій, такія камяні напамінаюць пра разбураны даўным-даўно іудзейскі храм. У іншай версіі камяні выступаюць як кандэнсатары энергіі, таму калі кладзеш каменьчык на магілу, то, лічыцца, пакідаеш часцінку самога сябе, сваю любоў і памяць пра чалавека. Пасля рытуалу ўскладання камянёў малітву з просьбаю пра міласэрнасць да Усявышняга і да чалавечых сэрцаў прачытаў галоўны рабін Рэспубліканскага аб’яднання прагрэсіўнага іудаізму Рыгор Абрамовіч. А каардынатар Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Ігар Краверскі расказаў, як у Беларусі ўшаноўваецца памяць пра загінулых у вайну яўрэяў. Гаворачы пра новыя помнікі ў Пагосце, ён удакладніў, што на адным памятным знаку было ўказана, што пад ім пахавана 285 чалавек. А на падставе архіўных дакументаў было ўстаноўлена, што расстраляна 440 чалавек — так і чытаем на помніку.

Прадстаўнікі райвыканкама, старшыня Чыжэвіцкага сельвыканкама Галіна Бань, госці з Мінска ды замежжа наведалі адну са сведкаў даўніх падзей: Людмілу Іванаўну Дзялендзік. Яна дзялілася горкімі ўспамінамі, казала, што заўсёды хацела бачыць помнікі адноўленымі, бо сярод загінулых былі яе аднакласнікі, сябры, суседзі. Прадстаўнікі фонду запэўнілі: прадоўжаць пошукі, будуць і надалей праводзіць працу па аднаўленні месцаў пахаванняў. Госці ацанілі цёплы прыём, які аказала ім мясцовая ўлада, выказалі падзяку раённаму кіраўніцтву за разуменне, падтрымку ўсіх ініцыятыў і пачынанняў.

Яшчэ адно “прывітанне” нам ад Яўгеніі Яфімавай — таксама на тэму беларуска-яўрэйскага сяброўства: яна даслала спасылку на інтэрнэт-рэсурс “Электронный Солигорск”. Там змешчаны тэкст Алесі Белай “Праведники из Домановичей. Как семья из Солигорского района спасла от фашистов еврейскую девушку”. Пазней публікацыю паўтарыў інтэрнэт-рэсурс тuт.by Гэта хвалюючы аповед пра вясковую сям’ю Ганны Хаміцэвіч, дзякуючы якой прадоўжылася нітачка жыцця. У тэксце прыведзены сведчанні таго, як дружна жылі беларусы ды яўрэі раней, ды й цяпер такія традыцыі — прадаўжаюцца.

Пацікавіліся мы й горадам Калінкавічы, які згадваецца вышэй. Высветлілі: райцэнтр пры аўтатрасе Брэст—Гомель раней быў яўрэйскім мястэчкам. Паводле перапісу 1897 года жылі там выключна яўрэі: 1341 душа. На пачатку вайны большасць яўрэйскага насельніцтва была эвакуявана, калі ж акупанты занялі мясцовасць, то ўсіх астатніх сагналі ў гета, потым расстралялі пры чыгунцы. Туды ж, да глыбокага рову, прывезлі, потым забілі таксама й шмат яўрэяў з акупаваных краін Заходняй Еўропы. Памятны знак там быў устаноўлены пасля вайны, а ў 1991-м — новы помнік ахвярам Халакоста ўзведзены на сродкі калінкавічан, што жывуць у розных краінах. З 2007 года ў горадзе працуе яўрэйская суполка “Ахдут”.

Прыязджаюць у Беларусь, на зямлю продкаў, яўрэі-нашчадкі з многіх краін. І ў падтрымку, развіццё кантактаў з 14 па 24 жніўня Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне ў Беларусі ды Акадэмічная супольнасць “Самбаціён” з Ізраіля ладзілі творчую экспедыцыю “Падарожжа да пачатку”. Праходзіла яна па месцах яўрэйскай гісторыі Беларусі, вывучаліся духоўныя связі беларускага і яўрэйскага народаў. А за больш чым 600-гадовую гісторыю іх утварылася шмат. Можна гаварыць пра велізарны ўклад ураджэнцаў Беларусі ў развіццё яўрэйскай цывілізацыі, ствараць энцыклапедыі, даведнікі, базы дадзеных, мемарыялы... У экспедыцыі паўдзельнічалі маладыя гісторыкі, мастакі ды музыкі з Беларусі, Ізраіля, Расіі ды Украіны. Па выніках экспедыцыі 23 жніўня ў мінскім Палацы культуры ветэранаў прайшоў заключны фестываль — з вернісажам ды музычна-літаратурнай праграмай.

Голас Радзімы № 37 (3541), чацвер, 28 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter