Знак сяброўства

Учора ў зале Беларускай дзяржаўнай фiлармонii адбылося ўрачыстае адкрыццё Года культуры Германii ў Беларусi.

Год нямецкай культуры праводзiцца па рашэнню Федэральнага ўрада Германii у розных краiнах свету. Такiя мерапрыемствы ўжо прайшлi ў Расii, Японii, Аўстралii, Польшчы. Як адзначыў пасол Федэратыўнай Рэспублiкi Германiя ў Беларусi Марцiн Хекер, кантакты памiж абедзвюма краiнамi, што знаходзяцца ў цэнтры Еўропы, “сёння з’яўляюцца цеснымi, як нiколi дагэтуль”. “Беларусы засведчылi вялiкую цiкавасць да нямецкай культуры, — сказаў ён. — Таму мы вельмi рады, што можам у 2007 годзе прапанаваць гэтай публiцы яшчэ больш насычаную праграму”.
План мерапрыемстваў, прысвечаных Году культуры Германii, нельга назваць звычайным. Праект пад назвай “Iмгненнi культуры-2007: Чатыры пары года нямецкай культуры” прадставiць мiнчанам, а таксама жыхарам многiх iншых гарадоў Беларусi найноўшыя тэндэнцыi ў нямецкай культуры i мастацтве праз чатыры часткi — Зiму, Вясну, Лета, Восень. “Зiмой рана цямнее, у гэты час хочацца паслухаць добрую музыку, пачытаць кнiгу, таму “Зiма” праекта прадстаўлена канцэртам “Скарбнiца сусветнай музыкi з Баварыi”, а таксама выставай нямецкай кнiгi на Мiнскiм мiжнародным кнiжным кiрмашы “Кнiгi Беларусi-2007”, — растлумачыла асiстэнт праекта Вера Дзiдок. — У лютым пройдзе конкурс фатаграфii i графiкi “Iмгненнi нямецкай культуры-2007”. У рамках “Вясны” будзе арганiзаваны канцэрт сiмфанiчнага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi, а таксама канцэрт, прысвечаны 300-годдзю з дня смерцi Дзiтрыха Букстэхудэ, на якiм прагучаць творы кампазiтара. Адбудзецца фестываль нямецкай лiтаратуры. “Лета” праекта пазнаёмiць беларусаў з калекцыямi моды маладых нямецкiх дызайнераў. На восень запланаваны мерапрыемствы, прысвечаныя тэатру, кiно, архiтэктуры, сучаснай харэаграфii”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter