Знакі Бога

Першы цуд, пра які нам вядома, Езус здзейсніў у Кане Галілейскай — ператварыў ваду ў віно падчас вяселля
Першы цуд, пра які нам вядома, Езус здзейсніў у Кане Галілейскай — ператварыў ваду ў віно падчас вяселля. У гэтым евангельскім эпізодзе былі розныя сімвалы і значэнні для духоўнага жыцця чалавека.

Пры апісанні здарэння ў Кане ў арыгінальным евангельскім тэксце на грэчаскай мове ўжываецца не слова “цуд”, а “знак”. Незвычайныя падзеі становяцца для сучаснікаў Хрыста знакамі прысутнасці Бога ў свеце. Можа быць, таму хрысціянскія духоўныя настаўнікі пачалі паступова лічыць цудамі не толькі тое, што немагчыма растлумачыць, але і кожны ўплыў Бога на чалавека.

Цуды адбываюцца не проста так, але для таго, каб умацаваць веру чалавека. Божыя знакі ў жыцці чалавека могуць быць вельмі асабістымі. Можа быць, ніхто іншы іх не заўважыць, апрача той асобы, для якой яны прызначаны.

Цуд на вяселлі адбываецца па просьбе Багародзіцы. Таму хрысціянская інтуіцыя падказвае нам звяртацца да Яе з просьбамі, каб і ў нашым жыцці Бог здзяйсняў цуды. Яна падказвае слугам на вяселлі: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”. Такім чынам, каб цуд адбыўся, неабходна быць паслухмяным Богу.

Быць паслухмяным можа толькі той, хто давярае. Злыя духі вераць у Бога, але яны не давяраюць Яму.

Апісанне цуда ў Кане натхняе нас адмовіцца ад жыццёвага падыходу “Што мне можна, а што нельга?”. Заўважаючы незвычайныя знакі, паставім сабе іншыя пытанні: што аддаляе мяне ад Бога, а што набліжае, што дапамагае мне і маім блізкім? “Усё мне можна, але не ўсё карысна”, — піша святы Павел.

Бог нікога не прымушае. Існуе папулярная прыгожая і простая метафара пра адносіны Бога і чалавечай душы: Бог можа зрабіць у наш бок тысячы крокаў, але адзін, самы важны, мы запрошаны зрабіць самі.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter