У Мінску прайшоў III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Змястоўны дыялог

У Мінску прайшоў III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У рабоце форуму прынялі ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Зрэшты Прэзідэнты правялі і двухбаковыя сустрэчы.



Самым надзённым пытаннем у абмеркаванні аказалася праблема дысбалансаў ва ўзаемным гандлі дзвюх краін. Абодва Прэзідэнты звярталі ўвагу на тое, што ў фізічным аб’ёме тавараабарот паміж краінамі расце, але ў грашовым вылічэнні з-за падзення цэн значна скарачаецца. Прынамсі, калі лічыць у валюце. У апошнія месяцы тэндэнцыю ўдалося часткова пераламаць. Зразумела, гэта вынік сумесных скаардынаваных намаганняў. Кіраўнікі дзяржаў нацэльваюць рэгіянальную вертыкаль на актыўную работу ў зададзеным напрамку. Інтэграцыйны патэнцыял Саюзнай дзяржавы ёй у дапамогу. Зрэшты, не толькі ёй. Прэзідэнт А.Лукашэнка ўпэўнены:

— Эканамічны крызіс павінен нас — удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў — з’яднаць. Прымусіць не канкурыраваць, а ўзаемадзейнічаць на знешніх рынках.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, вырашэнне гэтых задач беларуска-расійскай двойкай дапаможа развіццю іншых інтэграцыйных фарматаў: “Мы заўсёды адзначалі, што наша аб’яднанне — самае развітое на постсавецкай прасторы і другія заўсёды арыентуюцца на той досвед, якім мы валодаем”.

Уладзімір Пуцін сказаў:

— Я, безумоўна, згодны з ацэнкай, якую зрабіў Аляксандр Рыгоравіч наконт характару нашых адносінаў. Сапраўды, гэта найбольш развітыя на постсавецкай прасторы адносіны. І ў цэлым яны ідуць на карысць нашым грамадзянам.

Работу Прэзідэнты прадоўжылі ў Палацы Рэспублікі, дзе праходзіла пленарнае пасяджэнне III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Яго ўдзельнікі да таго часу паспелі абмеркаваць практычна ўвесь спектр саюзных адносінаў.

Агульная выснова: уніфікацыю і збліжэнне заканадаўстваў неабходна працягнуць. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў выпрацаваць ідэалогію абароны і ўмацавання Саюзнай дзяржавы. І пачынаць лепш са зняцця бар’ераў ва ўзаемным гандлі, фарміравання адзінай прамысловай палітыкі і агульнага рынку: “Трэба аб’ядноўваць рэсурсы, каб супернічаць з замежнымі карпарацыямі ўнутры саюза, а затым пацясніць іх на знешніх рынках... Пакуль жа мы імкнёмся выжываць у адзіночку”. Гэтую ж тэму развіў і Уладзімір Пуцін: “Беларусь — наш важны эканамічны партнёр. На расійскі рынак ідзе палова ўсёй беларускай экспартнай прадукцыі. Але можа быць яшчэ больш. Неабходна пашырыць вытворчасць, у тым ліку пад патрэбы расійскага рынку”.

У канцы пасяджэння Аляксандр Лукашэнка сказаў Уладзіміру Пуціну:

— Цяперашні прыезд Прэзідэнта Расіі — гэта важны сімвалічны крок. Гэта бачым не толькі мы, дзяржаўныя служачыя, гэта цэняць і беларусы, і расіяне, і асабліва беларускі народ. Я гэта гавару, каб вы пераканаліся, што не толькі мы, чыноўнікі, але і беларускі народ гэта бачыць — што вы за апошнія месяцы не ў першы раз прыехалі ў Беларусь. Гэта сведчыць пра перакананасць кіраўніка Расіі, што Беларусь — не чужая. І мы гэта павінны заўсёды цаніць.

Усе асноўныя ідэі і прапановы, якія прагучалі на пленарным пасяджэнні, знайшлі адлюстраванне ў выніковым дакуменце форуму. А Прэзідэнты завяршылі насычаны сумесны рабочы дзень аглядам экспазіцыі выставы “Белагра-2016”, дзе на стэндзе “Беллегпрама” Уладзіміру Пуціну падарылі кашулю з вышытым беларускім нацыянальным арнаментам.

Васіль Харытонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter