“Паўночнае ззянне” прапануе беларускім гледачам фільмы з дзевяці краін

Змяні пункт погляду

Фестываль кіно паўночных і Балтыйскіх краін, які пройдзе сёлета з 19 па 26 красавіка ў сталічным кінатэатры “Мір”, ладзіцца ў нашай краіне з 2015 года. Улічваючы, з якой прагрэсіяй расце яго аўдыторыя і пашыраецца праграма, можна сказаць, што ў “Паўночнага ззяння” ёсць усе шансы дасягнуць маштабу “Лістапада”.

Кадр з фільма “Жахлівая жанчына”

— “Паўночнае ззянне” пашырае геаграфію, — гаворыць заснавальнік і дырэктар фестывалю Воля Чайкоўская. — Сёлета мы пакажам 18 стужак з дзевяці краін. Да звыклых краін-удзельніц — Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі, Ісландыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі — упершыню далучаюцца Фарэрскія астравы, самакіроўная тэрыторыя ў складзе Каралеўства Данія.

У праграму ўключаны як дакументальныя, так і гульнявыя карціны пераважна ў перакладзе на беларускую мову. Розныя жанры, тэмы, героі і адна мэта — распавесці пра асаблівасці менталітэту жыхароў паўночнаеўрапейскіх і Балтыйскіх краін і заахвоціць гледачоў паглядзець іншымі вачыма на ўласнае жыццё і розных людзей. “Змяні пункт погляду”— так гучыць слоган сёлетняга фестывалю.

Але ж “Паўночнае ззянне” — гэта не толькі прагляд кіно. Прадугледжаны лекцыі, майстар-класы, канцэрты і іншыя мерапрыемствы. Сёлета, да прыкладу, запланавана сустрэча са шведскім рэжысёрам Кацяй Вік, якая падзеліцца вопытам супрацоўніцтва з уладальнікамі канскай “Пальмавай галінкі”, берлiнскага “Залатога льва” і намінантамi на “Оскар” Роем Андэрсанам і Рубэнам Эстлундам. Адбудзецца размова з нарвежскім пісьменнікам Эрлендам Лу, самая знакамітая кніга якога “Наіўна. Супер” ужо перакладзена больш чым на 20 моў свету. Выступяць і іншыя эксперты. На фестывалі можна будзе даведацца пра матывы скандынаўскага дызайну ў беларускай гарадской прасторы, а таксама паслухаць фінскую, скандынаўскую і балтыйскую музыку. Не выязджаючы за мяжу, наведвальнікі фестывалю змогуць акунуцца ў атмасферу некалькіх паўночнаеўрапейскіх і Балтыйскіх краін, лепш зразумець іх жыхароў, адчуць магію паўночнай культуры і тым самым узбагаціць сябе.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter