Змена полюсаў

Нацыянальная стратэгія сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года дапрацавана. Дакумент быў прадстаўлены Мінэканомікі на пасяджэнні прэзідыума Савета Міністраў для адабрэння ўрадам.  

Паводле звестак Белстата, ВУП нашай краіны ў студзені — сакавіку 2017-га ўзрос на 0,3 працэнта ў параўнанні з падобным перыядам мінулага года, склаўшы 22,435 мільярда рублёў. Такім чынам не спраўдзіўся “дыягназ” Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) і Сусветнага банка для беларускай эканомікі — зніжэнне ў 2017 годзе на 0,5 працэнта і на адзін працэнт адпаведна.

Пасля працяглай рэцэсіі назіраецца аздараўленне сусветнай эканомікі, чый памер вырас да 80 трыльёнаў долараў. Згодна з аналізам МВФ на працягу 2017—2018 гадоў сярэднегадавыя тэмпы росту сусветнага ВУП складуць 3,6 працэнта. Гэта адбудзецца ўпершыню з 2008-га, амаль пасля дзесяцігоддзя глабальнага фінансавага крызісу. Нарэшце, штогадовы эканамічны рост зноў вернецца ў звыклыя межы — 3,5 працэнта (гэтая лічба назіралася пасля 1980 года). Вядомы эканаміст Стывен Роўч упэўнены, што сусветная эканоміка пакуль не ў норме:  ажыўленне назіраецца ў развітых краінах, дзе рост ВУП у 2017—2018 гадах складзе ў сярэднім 2 працэнты (у апошнія дзевяць гадоў — 1,1). Напрыклад, даволі някепскія паказчыкі ў ЗША (2,4 працэнта) “кампенсуюць” квёлыя эканамічныя вынікі Еўропы (1,7) і Японіі (0,9). Аднак гадавыя тэмпы росту ў згаданых “эканамічных цэнтрах сілы” будуць і далей адставаць ад доўгатэрміновай тэндэнцыі росту на 2,9 працэнта ў год, зафіксаванай у перыяд 1980—2007 гадоў.

Наадварот, дзяржавы, якія развіваюцца, цяпер рухаюцца наперад больш хутка. Сярэднегадавыя тэмпы росту ВУП на 4,6 працэнта чакаюцца ў гэтых краінах у 2017—2018 гадах. Па прагнозах, Кітай выйдзе на 6,4 працэнта, Індыя на 7,5, у Паўднёвай Амерыцы (1,5) і Расіі (1,4) тэмпы росту будуць адставаць.

Складваецца цікавая сітуацыя: з 1980-га па 2007 год на развітыя дзяржавы прыпадала ў сярэднім 59 працэнтаў сусветнага ВУП (па парытэту пакупніцкай здольнасці), а на краіны, якія развіваюцца, 41 працэнт. Але полюсы мяняюцца на супрацьлеглыя. Згодна з апошнімі звесткамі МВФ у наступным годзе 41 працэнт сусветнага ВУП будзе ў развітых краін, а 59 у тых, якія развіваюцца.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter