Змена дэкарацый

Найстарэйшы мінскі тэатр і Пішчалаўскі замак чакаюць рэстаўратараўЯшчэ нядаўна прадстаўнікі Міністэрства культуры заяўлялі, што праект рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы амаль гатовы. Будынку канца XIX стагоддзя планавалі вярнуць аўтэнтычны выгляд, а збоку ўзвесці дадатковы корпус у стылі хай-тэк, аб чым “НГ” падрабязна распавядала. Аднак раптам ад ідэі сучасных дабудоў да фасада тэатра адмовіліся...

Сцэне цесна ў сценах
Архітэктарам, ад якіх залежыць лёс тэатра, даручана дапрацаваць свае прапановы. Але ў прынцыпова новым рэчышчы. Спярша “твар” галоўнай нацыянальнай сцэны ачысцяць ад пазнейшага “макіяжу” — канструкцый, якія закрылі сабой рысы помніка XIX стагоддзя. З тыльнага боку часткова перабудуюць тэхнічныя памяшканні, за кошт чаго пашырыцца сцэна. Каб стварыць для акцёраў дадатковыя плошчы, плануецца тэатр “паглыбіць” — зрабіць падземныя памяшканні.
— Стварэнне прыбудоў на зямлі ў стылі сучаснай архітэктуры замінала б успрыманню аўтэнтычнага аблічча тэатра, — прызнае паспешлівасць папярэдніх рашэнняў Аксана Сматрэнка, намеснік начальніка ўпраўлення Міністэрства культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі. — Больш за тое, рэалізацыя не да канца прадуманага праекта разбудовы тэатра пагражала б суседняй з ім гісторыка-культурнай каштоўнасці — Цэнтральнаму скверу, які быў закладзены яшчэ ў XIX стагоддзі.
Людміла Іванова, навуковы кіраўнік рэстаўрацыі тэатра, з самага пачатку выступала за захаванне кожнай дэталі тэатра і сквера ў першапачатковым выглядзе. Яна спадзяецца, што вяртання да “мадэрновых” праектаў ужо не будзе.
Аднак тэатр усё ж паглыбіцца ў бок Цэнтральнага сквера — прыкладна на шэсць метраў. Гэта непазбежна, бо толькі так можна будзе стварыць дадатковыя памяшканні.
Тым часам Мікалай Кірычэнка, які да канца сакавіка ўзначальваў Купалаўскі тэатр, а цяпер застаецца яго вядучым акцёрам, мяркуе, што ажыццяўленне ранейшага “хайтэкаўскага” праекта ўсё ж было больш апраўдана.
— Гэта дазваляла пашырыць рэпетыцыйную плошчу, а таксама ў час рамонту не “вандраваць” з трупай па розных сцэнах, заставацца ў родным будынку, пакуль той будуць рэстаўраваць. Цяпер жа мы няшмат выйграем — дэфіцыт плошчаў застанецца. А вось вяртанне фасаду будынка яго ранейшага аблічча — даўно наспелая патрэба і стане жэстам справядлівасці, — кажа Мікалай Міхайлавіч. — На жаль, тыя, хто займаўся рэканструкцыяй тэатра ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, пазбавілі яго ўсіх аздоб не толькі звонку, але і ўнутры. Я асабіста з-за гэтага вельмі моцна перажываю, мае калегі таксама.
Апошнія дні “Бастыліі”
Па-ранейшаму застаецца нявырашаным лёс яшчэ аднаго знакавага помніка — Пішчалаўскага замка. Больш вядомы сучаснікам гэты аб’ект як “Валадарка” — следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. У пачатку XIX стагоддзя будоўляй кіраваў мінскі пан Рудольф Пішчала — адсюль і першапачатковая назва. “Замкам” ізалятар называюць дагэтуль, бо ён акружаны чатырма вежамі ў неараманскім стылі і нагадвае заходнееўрапейскую сярэднявечную крэпасць. Але 20 красавіка 2008 года абрынулася адна з веж. Высветлілася, што аварыйны стан “мінскай Бастыліі” — даўно вядомы факт.
Летась жа было аб’яўлена, што следчы ізалятар перанясуць на тэрыторыю прамысловай зоны “Калядзічы”, дзе пабудуюць новы корпус турмы — за кошт інвестара, які адновіць Пішчалаўскі замак. Але на той час такога фундатара рэстаўрацыі яшчэ не было.
Спонсар не аб’явіўся і дагэтуль. Гэта адна з прычын таго, што лёс замка застаецца няпэўным. “Будынак не застрахаваны ад далейшых разбурэнняў, — канстатуе Аксана Сматрэнка. — Цяпер спецыялісты праводзяць зандаж муроў на прадмет іх трываласці”.
Купалаўскі тэатр і Пішчалаўскі замак пасля аднаўлення могуць стаць найбольш адметнымі турыстычнымі пунктамі на карце горада. Аднак калі пачатак работ у тэатры запланаваны на 2010 год, то лёс былой вязніцы залежыць ад патэнцыяльнага інвестара. Летась толькі кошт пабудовы новага следчага ізалятара ацэньваўся ў 50 мільёнаў долараў. Найбольш папулярная ідэя будучага прыстасавання “Валадаркі” — пад гатэль. Аднак відавочна, што сёння трэба элементарна ўратаваць помнік дойлідства — тое, што яшчэ ацалела.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter