Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Мінск на гастролі прыязджае з Расіі Магнітагорскі драмтэатр імя А. С. Пушкіна, у якім пачынаўся творчы шлях вядомай у Беларусі актрысы, народный артысткі СССР Аляксандры Клімавай

Злучаюць людзі гарады

Магнітагорск, нагадаем, другі па велічыні горад Чалябінскай вобласці, адзін з найбуйнейшых сусветных цэнтраў чорнай металургіі, буйны культурны, дзелавы цэнтр Паўднёвага Урала. І тэатр у горадзе моцны: паводле версіі часопіса “Forbes” ён — сярод дзесяці найцікавых тэатраў Расіі. Пра тое нам напісала Ларыса Каліноўская з Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Максіма Горькага — менавіта на яго сцэне пройдуць 8-10 верасня гастролі. Расіяне, дадае калега, вязуць тры спектаклі: камедыю Лопэ дэ Вега “Вынаходлівая закаханая”, меладраму “Цёмныя алеі” паводле твораў Івана Буніна і драму Яўгена Грышкаўца “Зіма”.

Аляксандра Клімава ў ролі Камісара ў спектаклі “Аптымістычная трагедыя”. 1957 г.

Гледача можа завабіць і тое, што да магнітагорскай сцэны інтарэс маюць артысткі сусветна вядомыя. Тры сезоны працавала там францужанка Ан Сельер, і менавіта ў Магнітагорску ўпершыню ў Расіі паказала свой монаспектакль “Мадам Маргарыт” зорка французкага тэатра і кіно Ані Жырардо. А ў 2008-м спектакль магнітагорцаў “Навальніца” па п’есе Аляксандра Астроўскага ў пастаноўцы Льва Эрэнбурга адзначаны самай прэстыжнай у Расіі тэатральнай узганародай “Залатая Маска”.

Што, аднак, яднае Беларусь з гэтым тэатрам? “Сувязь ёсць, ды яшчэ якая моцная: у ім пачынала творчы шлях народная артыстка СССР, адна з найвядомых акторак нашага НАДТ імя Горкага Аляксандра Клімава, — піша Ларыса Каліноўская. — У Магнітагорску закончыла школу, а ў 1942-45 гадах будучая зорка сцэны была акторкай мясцовага тэатра, выступала ў ваенных шпіталях. На магнітагорскай сцэне сыграла Аню ў спектаклі “Вішнёвы сад” па п’есе Антона Чэхава і Кацьку ў “Варварах” Максіма Горкага”. У 1945-м Клімава паступіла ў Маскоўскае вышэйшае тэатральнае вучылішча імя Шчэпкіна, пасля заканчэння яго працавала ў Адэсе, Кіеве, Харкаве. З 1956 па 2004 год яе талент раскрываўся ў Мінску, на сцэне нашага Рускага тэатра, як яго яшчэ называюць. Клімава сыграла больш за 80 галоўных роляў у тэатры і кіно, выкладала ў тэатральна-мастацкім інстытуце, была ўшанавана шматлікімі ардэнамі, медалямі савецкага і беларускага ўрадаў. У 1969-м ёй прысвоена званне народнай артысткі СССР”. Цяпер у Рускім тэатры працуе сын акторкі, Андрэй Душачкін — акцёр тэатра і кіно, педагог, літаратар, заслужаны артыст Беларусі. Ён, дарэчы, іграе аднаго з марскіх афіцэраў у прэм’ерным спектаклі па п‘есе Андрэя Курэйчыка “Падводнікі”. Лічыць: спектакль атрымаўся сур’ёзным, ёсць у ім што іграць і пра што гаварыць з гледачом. Да таго ж у пастановачнай версіі рэжысёра Сяргея Кавальчыка спектакль нясе моцны зарад годнасці, высокай маральнасці — таму Андрэй Душачкін іграе ў ім з вялікім задавальненнем. Прэм’ерай 15 жніўня і адкрываўся новы сезон. А што для Андрэя Магнітагорск, ці бываў ён там? “Гэта горад, дзе жылі бацькі мамы, дзе яна жыла й працавала ў вайну на ваенным металургічным заводзе: там рабілі дэталі для танкаў, — гаворыць Андрэй Андрэевіч. — А ўвогуле нарадзілася мама ў 1921-м у Казахстане, у Кастанайскім раёне: там ёсць пасёлак Затабольск, які раней называлі вёскай Самадураўкай. Мама вучылася ў Магнітагорску ў школе, наведвала там драмгурток, і потым два гады адпрацавала ў мясцовым тэатры. А калі закончылася вайна — паехала вучыцца ў Маскву. Вядома ж, бацькоў наведвала. І калі я быў малым, то мяне вазілі туды: да бабулі-дзядулі, пакуль былі жывыя. Бабуля Аляксандра Слажанікіна, памятаю, карміла мяне пяльменямі, бліны ўсе вельмі любілі. Песні мне спявала, казкі баяла — сама ні чытаць, ні пісаць не ўмела.

Увогуле гэта была сялянская сібірская сям’я, што ў пару калектывізацыі ў Казахстан уцякла — ад раскулачвання. Калі ж было “пацяпленне”, то перабраліся ў Магнітагорск. Дарэчы, усе хлопцы, маміны браты, на вайне пагінулі — яна ў сям’і засталася ды меншая сястра. У Клімавых быў у Магнітагорску свой “вясковы” дом, хата. Увогуле Магнітагорск быў напалову драўляным. І, калі шчыра, я не надта любіў туды ездзіць: бо горад суровы, прамыслова-шахцёрскі, а я ж там заставаўся без мамы...”.

Ці ўшанавана неяк памяць Аляксандры Клімавай у Магнітагорску — Андрэй не ведае. А ў Мінску на доме па вул. Янкі Купалы, 7, дзе яна жыла і памерла (2005), мемарыяльная дошка ў яе гонар устаноўлена ў 2007 годзе. У кватэры Клімавай і жыве сын з сям’ёй, прысвяціў маці сваю кнігу “Па той бок люстэрка”. У Маскве, у ганаровай галерэі ў “Шчэпцы”, ёсць яе партрэт. На Маскоўскіх могілках, дзе пахавана Аляксандра Клімава, стаіць ёй прыгожы помнік. Побач, дарэчы, і магіла Расціслава Янкоўскага, вядомага акцёра (памёр 26 чэрвеня 2016 года), з якім яны разам усё жыццё ігралі на сцэне Рускага тэатра.

Сам Андрэй Душачкін — “дзіця трох народаў”. Нарадзіўся ў 1960-м у Мінску, тут жыве і працуе. Бацька ў яго быў карэнны кіяўлянін, працаваў да жаніцьбы акцёрам у Тэатры Лесі Украінкі. Па гэты час Андрэй вельмі любіць Кіеў, бо “рос я там, рос на Дняпры”, у яго там вялікая радня. Сярод тых Душачкіных ёсць маракі Дняпроўскай флатыліі, урачы, інжынеры-тэхнары, а вось артыстаў, акрамя Андрэя, у родзе больш няма.

Голас Радзімы № 34 (3538), чацвер, 7 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter