Злавiла рыбака залатая рыбка

Жыхар пасёлка Капаткевічы набраканьерыў на Br 7 мільёнаў

Жыхар пасёлка Капаткевічы, што на Петрыкаўшчыне, вырашыў парадаваць сваякоў свежай рыбай. Прыхапіў забароненыя чатыры стаўныя сеткі даўжынёй каля 100 метраў і накіраваўся на пойменнае возера побач з вёскай Івашкавічы. Налавіў лінёў, чырвоных карасёў, шчупакоў, язя — 11 рыбін агульнай вагой каля пяці кілаграмаў.

Удача браканьеру ў гэты дзень усміхалася нядоўга, яго азарт «патушылі» супрацоўнікі Ляскавіцкай міжрайінспекцыі па ахове расліннага і жывёльнага свету, якія пад’ехалі да берага возера.

— Улоў пры ацэнцы «пацягнуў» больш як на 7 мільёнаў рублёў. Матэрыялы аб браканьерстве перададзены ў следчыя органы, — гаворыць начальнік міжрайінспекцыі Віктар Галеня.

На 46 базавых велічынь «налавіў» рыбы на пойме ракі ля вёскі Мардвін і жыхар населенага пункта Пціч. А яшчэ адзін вясковец, раней асуджаны раённым судом за браканьерства, быў затрыманы за выстаўленнем сетак у затоцы ракі Прыпяць. Ім таксама пагражае крымінальная адказнасць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter