Cтаражытныя масленічныя традыцыі ўзнаўляюць на Жыткавіччыне

Зiмы адыходзiны, вясны народзiны

На зыходзе масленічны тыдзень. Спакон веку падчас яго народ аддаваўся вясёлым забавам — катанням на тройках ды з гор, вулічным гулянням і скокам, пацехам, хатнім застоллям. Стравай нумар адзін у гэты час былі бліны, не апошняе месца займала на стале рыба. А сёння ці прытрымліваюцца ў глыбінцы старадаўніх звычаяў? Карэспандэнт “СГ” паспрабавала знайсці адказ на гэтае пытанне, пабываўшы ў вёсках Жыткавіцкага раёна, дзе ўзнаўляюць некалі забытыя традыцыі Масленіцы.


У госцi да Ганны Петрушэні (на здымку) з вёскі Бярэжцы (ахінутая палескімі балотамі, знаходзіцца на поўдні Жыткавіцкага раёна) мы патрапілі не выпадкова. 77-гадовая Іванаўна слаўная кухарка. У гаспадыні на “ўзбраенні” дзясяткі ўнікальных вясковых рэцэптаў, і амаль што ніводныя сельскія святы (ці то хрэсьбіны, вяселле, провады ў армію) не абыходзіліся без яе ўдзелу. Заўсёды запрашалі Ганну Іванаўну як шэф-повара, а яе каронная страва — разнастайная выпечка і, зразумела, бліны. 

— Хто як можа гатуе ў нас пірагі і пампушкі, але такіх, як Петрушэніха, смачных і апетытных, нідзе не знойдзеце — так кажуць у нас у акрузе, — ганарыцца народнай славай Ганна Іванаўна. — Ведала б, што кулінарыя — маё сапраўднае прызванне, можа, пайшла б гэтай справе вучыцца, а так усё жыццё сельскай гаспадарцы аддала. Паляводам працавала, на ферме. Мой гаспадар, нябожчык, у нашым калгасе “Шлях да камунізму” быў аграномам. Бывае, папрыязджае начальства і правяраючыя з Мінска да дзеда, то напяку пірагоў ды бліноў, пастаўлю свае фірменныя стравы — фаршыраваную рыбу і сыр, — ды і цэлы банкет у доме. Чыя хата, таго і страта, гавораць у нас. Цяпер жа госці ў нас рэдка, але традыцыі выконваю: у масленічны тыдзень заўсёды на стале бліны. І звычайныя — тонкія, і тоўстыя, і нават кіслыя. Гэтыя ласункі — неад’емны атрыбут святочнага тыдня.

Звычайна бліны гаспадыні пачыналі гатаваць з панядзелка, прыгаворваючы, маўляў, “без бліна не Масленка”. Дарэчы, кожны дзень тыдня на Масленіцу меў сваю назву. Першы дзень свята зваўся “Сустрэча”. Жыхары суседніх вёсак сустракаліся на снежных і ледзяных горках, дзе панавалі смех і весялосць. Прыбіраліся ў кажухі, шапкі, паясы, рабілі саламянае пудзіла Масленіцы. Доўга вазілі яго ў санках па вуліцах да вечара, а потым усталёўвалі на самым высокім месцы за вёскай.

Гульня на хуткаснае распілоўванне палена ў Дзякавічах можа зацягнуцца на гадзіны.

Аўторак звалі “Зайгрышамі”. Моладзь у гэты дзень збіралася ў прасторнай хаце для новых знаёмстваў. На трэці дзень Масленіцы цешча запрашала зяця і іншых сваякоў да сябе на бліны. Гаспадыні ў гэты дзень паказвалі сваё кулінарнае майстэрства. Чацвер называлі “Разгулам”, ці “Шырокай Масленіцай”, таму што ўвесь праваслаўны люд аддаваўся шумным гулянкам. Да саламянага пудзіла за ваколіцай адносілі і складалі старыя рэчы. У пятніцу былі “Цешчыны вячоркі”. Ужо зяці бралі ініцыятыву ў свае рукі і ў адказ частавалі блінамі сваіх цешчаў, прычым іх запрашалі асабіста. Суботу ахрысцілі “Залвіцынымі вячоркамі”. Асабліва шматлюдна ў гэты дзень было на горках. У вялікіх сёлах, куды сцякаўся народ з навакольных вёсак, ладзілі кірмашы.

Кульмінацыя Масленіцы — нядзеля, ці “Провады”. Пры сустрэчы вяскоўцы кланяліся адзін аднаму і пакорліва прасілі прабачэння. Потым усе ішлі да пудзіла Масленіцы, прыхапіўшы з хаты пучок саломы, урачыста яго спальвалі, заўважае Ганна Іванаўна:

— Лічылася, што разам з гэтым саламяным пудзілам згаралі крыўды. Старажылы казалі: “Зімы адыходзіны, вясны народзіны”. У нас за вёскай ёсць гара. Мы заўсёды там святкавалі, прычым добрай прыкметай — сімвалам багатага года — лічылася, калі можна было пад’ехаць да месца на санях. Моладзь з разбегу скакала праз полымя, вадзілі карагоды, прычым да малых падключаліся і дарослыя. Мы, дзеці, каталіся з гары, а з пагорка трэба было каціцца кулём, каб здаровенькія раслі. А потым усе разам спявалі і загалоўную ў нашай мясцовасці на Масленіцу песню “Гу, вясна, гу, красна”.

Ганна Іванаўна зацягвае тую самую старажытную мелодыю (дыялект захаваны):

Дзеўка плачэ, замуж хоча:

Хлопцы под сценою ў вокна загледаюць.

Ці бацьці дзеўку гуляць адпускаюць. 

Адпусцілі на вечор, пусцілі на ночку,

А на другу ночку не пусцілі дочку.

Кучар у спадніцы.

“Гу, вясна, гу, красна” — традыцыйная для Жыткавіччыны масленічная песня. Як аказалася, яе выконвалі жыхары і іншых вёсак. Але былі і некаторыя іншыя традыцыі, якія сёння ўзнаўляюцца ў сучасных гуляннях Сырнага тыдня. Напрыклад, у вёсцы Дзякавічы, што на поўначы раёна, паклапаціліся пра аднаўленне двух абавязковых, на думку сельскіх старажылаў, складнікаў свята.

Па-першае, гэта звычай з калодай, апавядае дырэктар Дзякавіцкага сельскага дома культуры Галіна Васіленка:

— У галоўны дзень у нас было прынята рабіць гульню з калодай. Лічылася, што той хлапец, які паўдзельнічае ў ёй, жэніцца ў наступным годзе. Выбіраўся з сельскай моладзі халасцяк. Да яго нагі прычаплялі невялікае паленца, калі вадзілі святочны карагод. Толькі заўважалі гэта дзяўчаты, пачыналі прыгаворваць: “Людцы родныя, а што ж гэта робіцца? Калода да нас коціцца. Калі хочаш ад яе адчапіцца, то патрэбна адкупіцца”. Юнак у адказ павінен частаваць дзяўчат масленічнымі прысмакамі, у першую чаргу блінамі. Адразу прыадкрыю вам таямніцу: сёлета на гэтую ролю мы выбралі аднавяскоўца Міхаіла Чэркаса. Яму 23 гады, працуе ў лясной гаспадарцы, добры хлапец, якому ўжо час абзавесціся сям’ёй. Хто ведае, можа, і спрацуе старадаўняя гульня?

АБАВЯЗКОВЫМ элементам у Дзякавічах лічыцца і запраганне каня на Масленіцу. Святочны воз павінен аб’ехаць усе хаты вёскі, каб запрасіць на гулянне жыхароў. Цікава, што каня ўпрыгожваюць яркімі посцілкамі ручной работы, а кучара — мужчыну — дзеля жарту пераапранаюць ва ўсё жаноцкае. На галаву навязваюць шаліноўку — вялікую тонкую шарсцяную хустку ў кветкі з шыкоўнымі кудасамі. Апошнія гады з роляй масленічнага кучара бліскуча спраўляецца Аляксей Рагалевіч, які трымае каня і не прочкі павесяліць аднавяскоўцаў.

— Масленіца — гэта ж забіяцкае свята, — тлумачыць Галіна Васіленка. — Пра жартаўлівыя гульні асобная размова. Ёсць дзве з такіх, якія, на маю думку, заўсёды будуць у модзе. Першая — калі хлопцы лезуць уверх на абледзянелы слуп. Другая — на хуткасць звычайнай ручной пілой распілоўваюць палена. Паверце, так зацягваюць гульні, што, бывае, нельга адарваць публіку гадзінамі. У гэты ж час усе прысутныя частуюцца блінамі. Дарэчы, гэтай страве ў нас прысвечана нават асобная аўтэнтычная песня “Ой, бліны мае, бліны”. А напрыканцы свята заўсёды выконваем традыцыйны спеў “Вясна-вясняначка”, таму што лічылася: з Масленіцай надыходзіць новы сельскагаспадарчы год, і хочацца, каб ён быў урадлівы.

Дарэчы, у гэтыя дні ва ўсіх 11 аграгарадках Жыткавіцкага раёна, а таксама ў Тураве, мястэчку Чырвонае, вёсках Мілевічы, Грэбень, Пухавічы, Хлупін, масава святкуюць Масленіцу. Галоўная канцэртная пляцоўка разгорнецца сёння, 25 лютага, у саміх Жыткавічах на цэнтральнай плошчы. Культработнікі падрыхтавалі трохгадзінную праграму нон-стоп з удзелам самых вядомых аматарскіх калектываў раёна. У тым ліку фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Спасаўка” Чэрніцкага клуба-бібліятэкі і народнага гурта з аграгарадка Людзяневічы.

uskova@sb.by

Фота аўтара і з архіва Дзякавіцкага СДК

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter