Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Зіму выпраўлялі, Вясну запрашалі

Цэлы тыдзень на самарскай зямлі гуляла Масленіца. І мясцовыя беларусы там вадзілі карагоды, спявалі песні ды праводзілі цікавыя віктарыны і конкурсы Масленічны тыдзень — з 12 па 18 лютага — па Самарскай вобласці прайшоўся вялікім фестывалем “Выходи гулять!”: са святочнымі песнямі, карагодамі, забаўкамі ды, вядома ж, блінамі. Народнае свята яскрава, весела спраўлялі й сябры абласной суполкі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Як адзначае яе кіраўніца Ірына Глуская, Масленіцу святкуюць як у Расіі, так і ў Беларусі. Для сяброў суполкі гэта добрая магчымасць пазнаёміць жыхароў і гасцей Самарскай вобласці з самабытнымі беларускімі традыцыямі, звычаямі. Яны ж, як вядома, па гэты час жывуць у Беларусі.

Ансамбль “Каданс” з Віктарам Сазонавым перад выступам

Творчыя калектывы, салісткі беларускай суполкі з радасцю прынялі прапановы адміністрацый Волжскага, Кіраўскага, Савецкага і Чыгуначнага раёнаў Самары: выступіць у канцэртных праграмах. І ўжо 12 лютага вакальны ансамбль “Каданс” выступіў перад жыхарамі вуліцы Сярэдне-Садовай №3. А ў апошні дзень Масленіцы (гэта даравальная нядзеля) у пасёлку Яблоновый овраг Волжскага раёна Самары выступаў беларускі вакальны дуэт: Марына Кірылава і Вераніка Кузняцова. Тым часам на святочнай пляцоўцы ў гандлёвым цэнтры “Гуд’Ок” у Чыгуначным раёне беларусаў прадстаўлялі юныя вакалісткі Ксенія Гуськова, Анастасія Бындава ды іх педагогі Наталля Ганчарова і Святлана Барсукова. Яшчэ ў пасёлку Смышляевка Кіраўскага раёна і парку “Дружба” Савецкага ўнутрыгарадскога раёна выступаў гурт “Каданс”: Анастасія і Лізавета Гуркіны, Арына Камісарава, Алена Нагорнава ды мастацкая кіраўніца гурта Іна Сухачэўская. Гледачы дружна падпявалі дзяўчатам, бурна апладзіравалі. 

Моладзевае аддзяленне суполкі беларусаў, якім кіруе Юлія Цяплянская, паўдзельнічала ў святочных гуляннях на плошчы імя В. В. Куйбышава, галоўнай у горадзе. Па традыцыі, самарскія беларусы былі актыўныя і ў народных забавах “бой на падушках” ды “гіравы атракцыён”. Дарэчы, прызёрамі там сёлета сталі намеснік кіраўніка моладзевага аддзялення Георгій Курмакоў і дырэктар суполкі Аляксандр Патанейка. Малайцы! Дружнай камандай беларусы перацягвалі канат, затым з песнямі вадзілі карагоды, правяралі свой спрыт у розных гульнях. А завяршылася Масленіца спаленнем пудзіла Зімы. І хоць на вуліцах у Самары яшчэ снежна, ды Зіма ж, паводле народных звычаяў, паступова сыходзіць, вызваляючы дарогу Вясне.

Голас Радзімы № 9 (3561), чацвер, 1 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter