Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Віцебскім раённым гістарычна-краязнаўчым музеі згадалі пра вядомы раней ансамбль і ягоных танцораў

Жывыя зярняты з “Коласа”

Выстава “У віхуры танца” працуе ў музеі з канца ліпеня, прысвячаецца народнаму танцавальнаму ансамблю “Колас” Віцебскага раённага Дома культуры: 55 гадоў таму гурт атрымаў ганаровае званне. На выставе прадстаўлены фотаздымкі, публікацыі, прадметы, афішы, узнагароды, звязаныя з гісторыяй ансамбля. Можна паглядзець і касцюмы да танца “Дружба народаў” (яго яшчэ назвалі “15 саюзных рэспублік”), пашытыя ў 1986 годзе. Менавіта ў іх апрануліся й супрацоўнікі музея, калі адкрывалі выставу. На ўрачыстасць прыйшлі былыя танцоры “Коласа” Лілія Паўлавец, Людміла Новікава, Эдуард Мулер, Мікалай Андраёнак, Людміла Андрэева, Валянціна Крушынская, Святлана і Валерый Ярмоленкі, жыхары й госці аграгарадка Акцябрскі. Некаторыя “коласаўцы” прыехалі здалёк, а Рыгор Бель нават з Ізраіля.

На адкрыцці выставы “У віхуры танца” 

Мы правялі прэзентацыю пра ансамбль, які выступаў на розных сцэнах з 1950-га па пачатак 2000-х гадоў. Кіраваў ансамблем заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Осер Хацкелевіч Партной, чалавек складанага лёсу — ён быў у свой час вязнем Віцебскага гета, пазней — удзельнікам Вялікай Айчыннай. Пад яго кіраўніцтвам “Колас” першы ў Беларусі атрымаў званне народнага. Танцоры выступалі з канцэртамі ў калгасах, саўгасах, на нарадах перадавікоў сельскай гаспадаркі Віцебскага раёна, у іншых абласцях БССР і Мінску. Выязджаў “Колас” з канцэртамі на Смаленшчыну, Пскоўшчыну, выступаў у Маскве (на ВДНГ СССР), на Кіраўскім заводзе ў Ленінградзе. Помняцца ўдзельнікам паездкі ў Малдавію (1968), Украіну (1982), Польшчу (у 1969-м і 1979-м).

Осер Партной да таго ж і збіраў, аднаўляў даўнія танцы з вёсак Віцебскага і Шумілінскага раёнаў. Сярод іх “Рукавіцы” (в. Ціраспаль), “Воранаўская кадрыля” (в. Вароны), “Каханачка” (в. Сялюты), “Цапы” (в. Грышаны), “Язвінскія ўзоры” (в. Язвіна Шумілінскі раён). У праграме “Коласа” былі танцы рускія, украінскія, польскія, румынскія, венгерскія, кубінскія ды іншыя. Танцавалі кампазіцыі на тэмы рэвалюцыі (“Першая конная”, “Тачанка”), вайны, пра мінулае Радзімы і савецкае жыццё (кампазіцыі “Больш мяса і малака!”, Хімія — народу!”). Як згадваюць удзельнікі, пад час выступленняў даводзілася апранаць на сябе па некалькі касцюмаў адразу: бо часу на пераапрананне было мала. Самым складаным быў першы танец, бо ў тых касцюмах даводзілася ж танцаваць.

Заснавальнік ансамбля ў 1990-м пайшоў на пенсію, і на пачатку 2000-х гурт перастаў існаваць. У 2004 і 2009 гадах рэчы, звязаныя з гісторыяй ансамбля, перадаваліся ў фонды музея. За паўстагоддзя жыцця ансамбля артысты яго далі звыш 2000 канцэртаў, ён вырас ад гуртка з 8 дзяўчат да калектыву ў некалькі дзясяткаў чалавек. Іх можна ўбачыць у тэлефільме “Спяшайцеся будаваць дом” (“Беларусьфільм”, 1970), дзе артысты выконваюць “Тачанку” — сваю своеасаблівую візітную картку.

Цёплай атрымалася сустрэча ў музеі, напрыканцы якой спяваў жыхар вёскі Сакольнікі Андрэй Старавойтаў, кіраўнік валанцёрскай канцэртнай групы “Песня остаётся с Человеком”.  Мы даведаліся: “Колас” быў важнай часткай жыцця танцораў, важным складнікам культурнага жыцця раёна і ўсёй БССР. Былыя ўдзельнікі “Коласу” памятаюць пра свой ансамбль. Святлана і Валерый Ярмоленкі пазнаёміліся ў “Коласе”, сталі мужам і жонкаю. Людміла Андрэева ўсё жыццё прысвяціла танцу, працавала харэографам. Па гэты час танцуе ў харэаграфічным гуртку Валянціна Крушынская, хоць ёй ужо за 70. І жыццёвай энергіі такім людзям не займаць!

Выстава працуе ў нашым музеі да канца верасня.

Настасся Пішчулава і Сяргей Марціновіч, супрацоўнікі Віцебскага раённага гістарычна-краязнаўчага музея

Голас Радзімы № 35 (3539), чацвер, 14 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter