Жывыя зоркi гiсторыi. Роздум над кнігай Эдуарда Карніловіча “Імёны з небыцця”

Нядаўна ў выдавецтве «Беларусь» выйшла ў свет кнiга Эдуарда Карнiловiча «Iмёны з небыцця». Выданне гэта прысвечана грамадска-палiтычным дзеячам Беларусi. Сам аўтар так раскрывае яе асноўны змест: «Гэта дакументальна-гiстарычныя нарысы аб ураджэнцах беларускiх губерняў, якiя амаль усе былi павешаны, расстраляны, замучаны ў турмах i ссылках. Было гэта ў перыяд царскага самаўладдзя i ў перыяд сталiнскага ўладарання. Вы пераканаецеся, што на рызыкоўныя пачынаннi i цяжкiя мучэннi яны iшлi без папроку i страху. Але цi трэба было пазбаўляць iх самага дарагога – жыцця, поўнага надзей, энергii, таленту?» Такая трагiчная праўда гэтай кнiгi.
Што ўяўлялі сабой гэтыя людзі з нашай нацыянальнай легенды, ці былі яны ахвярамі ў гістарычным сэнсе? Знайсці адказ на гэтыя пытанні мог даследчык спрактыкаваны, настойлівы і вопытны, якім і з’яўляецца Э.Карніловіч, аўтар многіх папулярных кніг аб незвычайных падзеях з беларускай гісторыі. У чарговай кнізе ён адкрыў для сучаснікаў лёсы змагароў за свабоду і справядлівасць, якія ахвяравалі за гэта сваім жыццём. Пошук аказаўся плённым. Аўтар адабраў для незвычайнага апавядання 44 непаўторныя лёсы людзей, жыццёвы шлях якіх, на жаль, не быў усланы кветкамі, людзей, якім тагачаснае жыццё прапанавала самыя неверагодныя выпрабаванні. І яны прайшлі іх з гонарам. Кнігу патрэбна чытаць уважліва, яна мае прыцягальную сілу духоўнага ачышчэння. Чытача, напрыклад, несумненна, уразіць нарыс «Не гнуцца гэтакія» – пра дзяўчыну з Навагрудка Эвеліну Уланоўскую, якая была народавольцам і вучылася на пецярбургскіх фельчарскіх курсах. Яе адправілі ў ссылку ў Аланецкую губерню, а потым пастаянна дабаўлялі тэрмін зняволення і пераводзілі ва ўсё больш жахлівыя месцы катаргі. У Сібіры Уланоўская сустрэлася з пісьменнікам Уладзімірам Караленкам, які быў уражаны высакародным духам і непахіснасцю маладой ссыльнай і ўвасобіў яе ў вобразе дзяўчыны-рэвалюцыянеркі ў апавяданні «Дзіўная». У беларускай дзяўчыне пісьменнік убачыў вялікую духоўную сілу, высокую чалавечую годнасць і непахісную веру ў ідэалы свабоды і справядлівасці, што і дапамагло ёй вытрымаць у сібірскай ссылцы больш за дваццаць гадоў. Такімі мужнымі былі і іншыя беларускія дзяўчаты, пра якіх піша Э.Карніловіч. Напрыклад, магіляўчанка Лідзія Язерская, асуджаная за рэвалюцыйную дзейнасць на 13,5 года катаргі, якая памерла ў Якуцку. Трагічны лёс напаткаў нашых землякоў — матросаў Балтыйскага флоту Цімафея Глебку, Радзівона Каротчыка, Сцяпана Рагоўскага, якія за ўдзел у падрыхтоўцы паўстання былі асуджаны да смяротнага пакарання. Па асобных біяграфіях і вехах чалавечага жыцця, архіўных матэрыялах і інфармацыі перыядычнага друку розных часоў аўтар стварае яркі вобраз беларуса-змагара пачатку ХХ стагоддзя, сапраўднага пакутніка і героя, самавука і вядомага вучонага, таленавітага літаратара і загартаванага палітычнага дзеяча. Так, жыццёвым крэда Мацвея Фундамінскага са Шклова, настаўніка і кандыдата ў члены ЦВК БССР Аляксандра Акуліка з вёскі Баранавічы, рэктара БДУ Язэпа Каранеўскага з мястэчка Заслаўе, бацькі нобелеўскага лаўрэата Івана Алфёрава з Чашнікаў і многіх іншых было ўзбагачэнне ведамі, развіццё сваіх прыродных здольнасцей, што давала ім магчымасць і права ўздзейнічаць на людзей і ўдзельнічаць у палітычных падзеях. Палачанка Любоў Чарнова была здольным публіцыстам вядомага расійскага часопіса «Женское образование», кадэт Леў Петражыцкі стаў выдатным навукоўцам філасофіі і права, Іван Казлоўскі (пісьменнік Іван Батрак) вызначыўся вершамі і артыкуламі ў саюзным друку. «Імёны з небыцця» – гэта кніга аб людзях у палітыцы і дзяржаўным будаўніцтве, самай складанай сферы чалавечай дзейнасці. Кніга аб таленавітых людзях, азораных марай аб шчаслівым жыцці. Мы можам ганарыцца, што яны былі, і смуткаваць, што, на жаль, заўчасна загінулі. Аўтар вяртае ў грамадскую свядомасць невядомыя ці даўно забытыя імёны. Цікавыя звесткі ўтрымліваюць нарысы «Як Акулік спрачаўся з Бухарыным», «Палітык прыстойных дзеянняў», «Нарком працы». Якіх інтэлектуальных вышынь дасягнулі нашы людзі, як многа зрабілі ў грамадска-палітычным жыцці і як шмат маглі яшчэ зрабіць! Аднак жыццё іх абарвалася на самым узлёце. Публіцыстыка Эдуарда Карніловіча зацікавіць не толькі гісторыкаў, палітолагаў, настаўнікаў, студэнтаў і вучняў, але і практычных палітыкаў, якія прызваны абараніць рэальнае права чалавека на жыццё, пастаянна выкарчоўваць злачыннасць і тэрарызм. Было ў беларусаў у мінулым шмат цяжкага і трагічнага, дык хай жа сёння ў дэмакратычнай краіне, пра якую марылі і за што змагаліся героі кнігі, сцвярджаецца законнасць, стваральнасць і творчасць, што патрэбна чалавеку і дзяржаве. Закончыў чытаць, закрыў кнігу, а перад вачыма імёны з небыцця – нязломныя, прагныя да жыцця і ведаў, здольныя да самаарганізацыі і ахвяравання, – незагойныя, балючыя рубцы на сэрцы беларускага народа. Сапраўды, гэта жывыя зоркі гісторыі, якія зіхацяць на беларускім небасхіле вечнасці і ўмацоўваюць нашу сучасную нацыянальную памяць. Занадта рана згарэлі яны ў полымі змагання, але і цяпер ад іх струменіць святло чалавечай трывогі і надзеі. Добрае, шчырае слова сказаў Эдуард Карніловіч аб нашых ганаровых продках, вечных шукальніках шчаслівай долі для Беларусі. Запомнім іх імёны і задумаемся, што мы, сучаснікі, павінны зрабіць, каб прадоўжыць іх справу і здзейсніць нашу нацыянальную ідэю.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter