Вядомы гідрагеолаг Герасім Багамолаў прыйшоў у вялікую навуку, у акадэмікі са смаленскіх сялян

Жывыя воды Герасіма Багамолава

Вядомы гідрагеолаг Герасім Багамолаў прыйшоў у вялікую навуку, у акадэмікі са смаленскіх сялян, можна сказаць, праз “беларускія вароты”: у Мінску пачаў працаваць, у 1947-м яго выбралі членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі, а ў 1960-м і акадэмікам. Першаадкрывальнік мінскай мінеральнай вады. Працуючы ў даваенны час начальнікам Мінскай гідрагеалагічнай партыі, склаў першую дзяржаўную геалагічную карту карэнных адкладаў Беларусі, а ў тлумачальнай запісцы ўпершыню даў прагноз залежаў калійных соляў і нафты. Адна з вуліц Салігорска, горада калійшчыкаў, названа іменем акадэміка Герасіма Багамолава. 

У інтэрнэце можна сустрэць вось такую вельмі ёмістую характарыстыку заслуг Герасіма Багамолава: аўтар геалагічнай і тэктанічнай карт Беларусі, удзельнік адкрыцця радовішчаў калійных і каменных соляў і нафты ў Беларусі. У жыцці гэтага чалавека было нямала адкрыццяў, натхнёных прасвятленняў, цудоўных, скажуць некаторыя, знаходак. Нават цэлыя скарбы ўдалося яму выявіць! Гэта, напрыклад, Старобінскае радовішча калійных соляў, за адкрыццё і разведку якога ў 1952 годзе яму была прысвоена Сталінская прэмія. За адкрыццё і разведку нафты ў Беларусі ў 1972-м ён атрымаў  Дзяржаўную прэмію БССР. І цяпер многія жыхары раёнаў амаль двухмільённага Мінска п’юць чыстую, смачную ваду з артэзіянскіх падземных крыніц, якія ў даваенны час знайшлі пад кіраўніцтвам маладога геолага-студэнта Герасіма Багамолава.

Ёсць у інтэрнэце інтэрв’ю з Юрыем Багамолавым, сынам акадэміка, таксама гідрагеолагам: “Бацька закончыў Горную акадэмію ў 1929 годзе. У 1927-28-м прыязджаў у Мінск, наладжваў тут водазабеспячэнне. Адзначу, усе водазаборы, што існуюць у вашай сталіцы, — яго тварэнне (1927-28 гады). І першая свідравіна, якая выявіла мінеральную ваду, шырока вядомую як “Мінская-4”, была прасвідравана ў 1928-29 гадах”. Дарэчы, жонкай акадэміка стала беларуска Францыска Уладзіславаўна Урублеўская, выпускніца Маскоўскага інстытута замежных моў. Так што сын Смаленшчыны, этнічна цесна звязанай з беларусамі, а некалі і былой часткай Вялікага Княства Літоўскага, навекі парадніўся з блізкай яго сэрца Беларуссю.

Можна сказаць, само Неба бласлаўляла стваральную, упартую працу сялянскага сына, яно ж і ахоўвала, засцерагала яго на крутых паваротах жыцця. Зрэшты, пра гэта, магчыма, яшчэ будзе напісана асобная кніга. Бо імя яго добра вядомае і паважа­нае ў асяроддзі геолагаў, эколагаў ­на постсавецкай прасторы, ды і ў сусветнай супольнасці гідрагеолагаў. Мы ж пачнём аповед пра буйнога навукоўца, акадэміка АН БССР, многія старонкі жыцця і буйных адкрыццяў якога звязаныя з Беларуссю, з аднаго характэрнага эпізоду.


Перад тварам вайны

Прафесар Герасім Багамолаў выехаў з прыгранічнага Брэста начным поездам на Маскву. Пры­чым хуткі Брэст — Масква адправіўся ў дарогу 21 чэрвеня 1941 года. Як вядома, Брэсцкі вакзал размешчаны на правым беразе Буга. І цяпер усе ведаюць: за ракой ужо стаяла, вобразна кажучы, гатовая фарсіраваць яе Другая сусветная вайна. Чакала сігналу да наступлення 45-я пяхотная дывізія Германіі. Ваенныя гісторыкі гавораць: умацавана яна была артылерыяй рэзерву галоўнага камандавання і штурмавымі сапёрнымі батальёнамі. Лічаныя гадзіны заставаліся да атакі.

Калі досвіткам 22 чэрвеня ўзброеныя сілы вермахта перайшлі Дзяржаўную граніцу СССР у раёне Брэста, той поезд, у якім з’ехаў ад вайны прафесар Багамолаў, быў ужо на перагоне Смаленск — Масква. Раніцай, расказваў пазней Герасім Васільевіч, ён даведаўся пра пачатак вайны на Калужскай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы Масквы з прамовы старшыні Саўнаркама СССР Вячаслава Молатава. Розныя былі настроі ў той час. Некаторым падавалася: вайна будзе нядоўгай, ворага хутка разграмяць. Аднак прафесар у свае 36 гадоў не меў ілюзій, быў прыгнечаны: разумеў, якія жорсткія выпрабаванні дастануцца абодвум народам — і савецкаму, і нямецкаму. Бо ў 30-я гады ён стажы­раваўся ў Германіі, не па кнігах ведаў духоўнае асяроддзе немцаў, іх высокую культуру і даўнія традыцыі. І вось — сутыкнулі ж нябачныя сілы дзве цывілізацыі, два магутныя духі. Ім бы, тужліва думаў навуковец, узаемна ўзбагачацца, а не ўзаема­знішчацца…


З лазой у патоку біятокаў


Ён выехаў ад надыходзячай вайны літаральна ў апошнія гадзіны, аднак шмат сіл як навуковец, буйны спецыяліст-гідрагеолаг прыклаў, каб прыйшла доўгачаканая Перамога. Пазней Герасім Багамолаў быў на фронце, скончыў вайну ў Берліне (распісаўся на сцяне Рэйхстага!) у званні палкоўніка інжынерных войскаў, з’яўляючыся намеснікам начальніка тылу Чырвонай Арміі. У той цяжкі час ён неаднаразова выязджаў на Урал: там працавалі для фронту многія прадпрыемствы, там патрэбна была яго дапамога як кансультанта-гідрагеолага.

Захаваліся цікавыя звесткі пра тое, як у 1942-м на Паўночнаўральскіх баксітавых рудніках — гэтае радовішча называюць “Чырвоны капялюшык” — ён не проста дапамог вырашыць складаную тэхнічную праблему, але і выратаваў шэраг кіраўнікоў адной з шахт ад трыбунала, расстрэлу. Падчас Сталінградскай бітвы, калі асабліва востра патрэбны быў алюміній для авіяцыі, будаўніцтва самалётаў, нечакана адбылася катастрофа: вялікія прытокі вады рынуліся ў шахту, і яна была затоплена. Урадавую камісію ўзначаліў Герасім Багамолаў, дырэктар Усесаюзнага НДІ гідрагеалогіі ды інжынернай геалогіі, больш вядомага як ВСЕГИНГЕО. У сваіх успамінах вядомы прафесар-гідрагеолаг з Пярмі Аркадзь Гаеў піша: “Час быў ваенны, і расправа з вінаватымі ў такіх выпадках была кароткай. У гэтым жыццёвым эпізодзе ў Герасіма Васільевіча праявіўся не толькі яркі талент навукоўца і арганізатара, але і выключная мужнасць крыштальна сумленнага чалавека. Дапамагла тая акалічнасць, што Герасім Багамолаў меў рэдкую здольнасць: чуйна ўспрымаць біятокі ў сувязі з руднымі целамі, патокамі вады, металічнымі праваднікамі. Каб выявіць падземную плынь, якая ўварвалася ў шахту, ён узброіўся галінкамі лазы, трымаючы іх амаль на выцягнутых руках, як рабілі тое старажытныя пошукавікі-рудазнаўцы. Рухаючыся метадычна ўкрыж распасцірання магчымай падземнай воднай плыні, Герасім Васільевіч даволі хутка ўстанавіў яе абрысы і напрамак руху. Дзякуючы гэтаму камісія ўстанавіла, што шахтным забоем нечакана сустрэта раней невядомая вялікая карставая поласць, запоўненая вадой. Магутная падземная водная плынь гэтай поласці і абумовіла затапленне шахты.

Кіраўнікам шахты пагражаў расстрэл: гэта было звычайнай справай ва ўмовах ваеннага часу. Таму, хто іх апраўдваў, магла пагражаць тая ж мера пакарання. Трэба было мець вялікую муж­насць, каб зрабіць так, як Герасім Васільевіч. Шахту пасля гэтага для прадаўжэння яе эксплуатацыі ўводзілі ў строй цэлы год. У далейшым усе карставыя поласці былі выяўлены, рака Вагран і іншыя вадацёкі — заключаныя ў трубаправоды, і тым не менш, буйныя водапрытокі дастаўлялі гарнякам нямала клопатаў. <….> Менавіта таму Георгій Аляксеевіч Максімовіч стварыў у Пермскім універсітэце сусветна вядомую школу па карстазнаўстве і спелеалогіі”.


Са Смаленшчыны — пешшу ў Маскву

Сёлета споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння навукоўца: ён нарадзіўся 17 сакавіка 1905 года ў сялянскай сям’і, у вёсцы Слізнёва Смаленскай губерні (цяпер Навадугінскі раён Смаленскай вобласці). Хто бываў у тых мясцінах, ведае: гэта прыгожыя месцы ў раёне Сычоўска-Вяземскага ўзвышша. Менавіта там вытокі вялікіх рэк: Дняпра, Заходняй Дзвіны і аднаго з прытокаў Волгі — рэчкі Вазузы. Яна, дарэчы, адыграла сваю важную ролю ў выбары хлопчыкам жыццёвага шляху. Яшчэ ў 3-4 гады, дзяліўся акадэмік успамінамі з блізкімі, перабіраў ён каменьчыкі на беразе рэчкі, пазначаў іх, а на наступны дзень назіраў, наколькі іх знесла плынню. Магчыма, тая рака дзяцінства ўспаміналася яму не раз. Незадоўга да сыходу, у красавіку 81-га, ён меў зносіны з жонкаю, сынам, унукамі і ціха, але даволі выразна вымавіў: “Жыццё пражыта не дарэмна… Трэба збірацца ў далёкую дарогу… А вам жыць, XXI стагоддзе ў навуцы будзе вельмі цікавым”. Потым дадаў: “Можна будзе паспрабаваць зразумець, як хрысціянскі дух, бессэнсоўны для язычнікаў і фарысеяў, перамог у Рымскай імперыі і логіку, і права…”.

Навуковец, камуніст — і раптам пра хрысціянскі дух… Парадокс? Аднак само прозвішча Багамолаў гаворыць: гэта род людзей, якія шануюць Бога. У такім духу, відаць, выхоўваўся і будучы акадэмік. Пра гэта ўскосна гаворыць той факт, што Герасім Васільевіч не ўхваляў рашэнне Сталіна аб разбурэнні Храма Хрыста Выратавальніка. Пра такую яго пазіцыю, зразумела, ведалі толькі самыя блізкія людзі. Аднак глыбокая, шчырая, а таму і непаказная вера не перашкаджала яму быць  паслядоўным камуністам, і партыі ён служыў больш як паўстагоддзя. Навуковец лічыў: моцная партыя можа перашкодзіць развалу дзяржавы. Яго прадбачанне можна лічыць прароцкім. Бо ў свой час і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў: “Людзі, якія лічаць, што СССР можна аднавіць, не маюць галавы, але людзі, якія спакойна ставяцца да развалу СССР, не маюць сэрца”.

Адзін эпізод з жыцця Герасіма Багамолава наводзіць, як мінімум, на цікавую паралель. Пасля заканчэння школы і сельскагаспадарчага тэхнікума (1922) ён накіраваўся ў Маскву. Пешшу, расказваў: ішоў у лапцях, а чаравікі нёс на плячы. Так і дабраўся, паступіў у Маскоўскую горную акадэмію імя Сталіна. Гэтая адлегласць, са Смаленшчыны да Масквы, з “Ламаносаўскай дарогай у навуку” несувымерная: Міхаіл Васільевіч браў кірунак у Піцер з далёкай поўначы. Але вектар жыцця, пагадзіцеся, падобны. Быўшы яшчэ студэнтам, Герасім Васільевіч ужо ў 1928-м (яму 23 гады!) кіруе арганізацыяй водазабеспячэння ў Мінску. У тым ліку, дарэчы, і праходкай свідравіны, якая выявіла вялікія запасы шырокавядомай цяпер мінеральнай вады “Мінская-4”. Гэты смелы студэнт упершыню ў свеце абгрунтаваў магчымасць водазабеспячэння буйнога насе­ленага  пункта  з  так званых міжмарэн-­­

ных ваданосных гарызонтаў. У такім раннім узросце выпадкі адкрыццяў сусветнага класа ў геалогіі — адзінкавыя. У тым жа ўзросце Міхаіл Шолахаў, равеснік навукоўца, напісаў “Ціхі Дон”. Ды яшчэ ў 1912-м знакаміты рускі навуковец, вынаходца Ігар Сікорскі ўпершыню ў свеце спраектаваў і стварыў (у 23 гады!) самалёт “Віцязь Ілья Мурамец”. Што ж, былі тады часы смелых памкненняў, энтузіястаў... Савецкая эпоха, напэўна, адна з самых супярэчлівых і неадназначных у гісторыі чалавецтва: яна дала свету тысячы выдатных лю­дзей у сферы палітыкі, мастацтва, ваеннай справы, спорту, навукі. І акадэмік Герасім Багамолаў — з іх ліку.


Паміж Небам і зямлёй

Але калі б толькі мірная праца, як абяцалі паэты рэвалюцыі, была ўладарніцай таго савецкага свету… Цяжка падлічыць шкоду для краіны, ды і для сусветнай навукі, нанесеную грамадзянскай, Вялікай Айчыннай войнамі. Потым была “перабудова”, драпежніцкая прыватызацыя дзяржуласнасці... Можна толькі здагадвацца, якія вялікія адкрыцці не адбыліся. Працоўная актыўнасць самога Герасіма Багамолава, з якім мы моцна сябравалі, прайшла пры трох розных савецкіх лідарах: Сталін, Хрушчоў, Брэжнеў. Забягаючы наперад, скажу: акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар Герасім Багамолаў памёр у Маскве ў 76 гадоў, 8 красавіка 1981 года. Памятаюць яго ў навуковым свеце як аднаго з заснавальнікаў геалагічнай службы і гідрагеалагічнай школы СССР, тройчы лаўрэата Дзяржпрэмій СССР і БССР, ардэнаносца, грамадскага і дзяржаўнага дзеяча, першага (і пакуль адзінага ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў) Ганаровага прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі гідралагічных навук (МАГН, IAHS).

І вось што важна: мяняліся кіраўнікі дзяржавы, пракочваліся па краіне розныя ўзрушэнні — а навуковец заўсёды меў магчымасць займацца сваёй справай. Хоць у сталінскія часы, як ні сумна, і на яго пісаліся даносы. Усё абышлося без сур’ёзных наступстваў: і Неба чалавеку з прозвішчам Багамолаў, відаць, спрыяла, і зямля — бо само адкрыццё буйных радовішчаў, якія ён прагназаваў, было пераканаўчым доказам яго “лаяльнасці” да ўлады.

Вось бы сабраць каму ўспаміны пра гэтага вялікага чалавека тых, хто яго ведаў! Вышэй я прыводзіў словы таленавітага навукоўца Аркадзя Гаева. А вось што знаходзім у запісах яго сучасніка, вядомага скульптара, народнага мастака СССР з Мінска Заіра Азгура: “Нядаўна я закончыў бюст Г. В. Багамолава. Цяпер я ведаю пра яго: усёй сваёй істотай ён нёс святло і любоў, але сам глыбока сумняваўся ў тым, што зло можна гэтым звергнуць. Напор яго духу быў настолькі магутны, што зразумець гэтую супярэчнасць можна было толькі з цягам часу. Я думаю, што калі гавораць пра загадкавую рускую душу, то маюць на ўвазе менавіта гэты феномен”.


Заснавальнік і дырэктар ВСЕГИНГЕО

Чалавека заўсёды відаць па яго справах. Як здарылася, што менавіта Герасім Багамолаў — былі ж і іншыя годныя навукоўцы… — стаў  заснавальнікам і першым дырэктарам (з 1939 па 1950 год) Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута гідрагеалогіі ды інжынернай геалогіі (ВСЕГИНГЕО)? Гэта першае ў свеце навукова-даследчае падраздзяленне такога роду. Потым навуковец тры гады (1950-1953) працаваў намеснікам міністра геалогіі СССР.

З біяграфіі навукоўца даведваемся: пасля заканчэння Горнай акадэміі ён працаваў старшым геолагам, начальнікам бюро падземных водаў Інстытута збудаванняў. Пазней — у Маскоўскім геолагаразведачным інстытуце і адначасова ва УНДІ інжынерна-будаўнічай гідраўлікі і гідралогіі (1931-1935). А потым утварыўся ВСЕГИНГЕО, у штат якога Багамолаў прыцягнуў шэраг выдатных навукоўцаў, заснавальнікаў гідрагеалагічнай ды інжынерна-геалагічнай навукі — пра тое можна пачытаць у розных крыніцах.  На мой погляд, “легла масць” смаляніну ў жыццёвай гульні па розных прычынах. Па-першае, да 34 гадоў (ВСЕГИНГЕО ствараўся ў 1939-м) Герасім Васільевіч ужо меў досвед кіраўніка буйных калектываў гідрагеолагаў. Па-другое, на першым Усесаюзным гідрагеалагічным з’ездзе ў 31-м менавіта ён выступіў з прапановай аб стварэнні такога інстытута. І пазней быў ініцыятарам шэрага зваротаў у высокія інстанцыі. Добра ведаючы: пад ляжачы камень вада не цячэ… Ён — ініцыятар і су­­а­­ўтар важнага ліста на імя Старшыні СНК СССР В. Молатава. Той зварот і паскорыў арганізацыю інстытута. Па-трэцяе, ацанілі “на вярхах” і асабістыя якасці будучага дырэктара: уменне аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю і людзей, ясна і дакладна вызначаць сваю пазіцыю, браць адказнасць на сябе. Улічылі, напэўна, і яго бясконцае цярпенне ў зносінах з акаляючымі, здольнасць арганізаваць людзей у працоўны калектыў з улікам іх дзелавых якасцяў, неабмежаваны запас добразычлівасці і такту.

Пашанцавала? Але шанцуе, як правіла, таму, хто сумленна, без аглядкі на іншых цягне па жыцці сваю лямку. Не імкнучыся ўхіліцца або адседзецца ўбаку. Гартаючы архіўныя дакументы, я заўважыў: Пастанова СНК СССР у 1939 годзе №977 аб стварэнні ВСЕГИНГЕО і загады па інстытуце №1 і №2 выйшлі на працягу пяці тыдняў. Хутка разгарнуліся! А да пачатку Другой сусветнай (01.09.1939 г.) заставаўся ўсяго 21 дзень. Яшчэ дэталь: Герасім Багамолаў абараняў дысертацыю на суісканне навуковай ступені доктара геолага-мінералагічных навук 26 студзеня 1940 года ў Ленінградзе — зусім недалёка ад горада грымела Савецка-фінская вайна. Прычым у навуковы савет Ленінградскага горнага інстытута вучоны прадставіў не сукупнасць навуковых прац (як раней праводзіліся абароны дысертацый на суісканне доктарскіх ступеняў вядомых гідрагеолагаў), а закончаную працу “Артэзіянскія і грунтавыя воды ва ўмовах магутнага развіцця чацвярцічных адкладаў на тэрыторыі заходняй часткі СССР”. Абарона прайшла бліскуча. Навуковыя традыцыі ВСЕГИНГЕО, дарэчы, атрымалі ў далейшым развіццё ў работах Лабараторыі гідрагеалагічных праблем АН СССР, створанай падчас вайны, у 1944 годзе.


“Буйны знаўца геалогіі і гідрагеалогіі Беларусі”


Яго працу, талент навукоўца і арганізатара цанілі калегі. Мне ў рукі трапіла адна з характарыстык Герасіма Багамолава ваеннай пары. Падпісалі яе вясной 44-га члены-карэспандэнты АН СССР, прафесары. Цытата з дакумента з захаваннем стылю: “Буйны знаўца геалогіі ды гідрагеалогіі Беларусі, асабліва павінна быць адзначана яго дзейнасць як кіраўніка і арганізатара даследчых работ па гідрагеалогіі, інжынернай геалогіі ў нашай краіне, вырашэнні буйнейшых праблем. Так, распрацоўка метаду хімічнага замацавання грунтоў і практычнае асваенне гэтага метаду ў СССР шмат у чым абавязаныя асабіста Г. В. Багамолаву, які працаваў над гэтым па заданні    С. Арджанікідзэ (наркам цяжкай прамысловасці СССР у 1932-37 гады. — Аўт.). Ён надае сур’ёзную ўвагу справе навуковых кадраў, вылучае і праводзіць у жыццё новыя, перадавыя ідэі, вядзе буйную педагагічную работу, валодае ініцыятывай і мае творчыя здольнасці”.

З гэтых радкоў зразумела: зусім не выпадкова Багамолаў аказаўся на чале буйнога інстытута. Дарэчы, творчы імпульс яго і аднадумцаў пры стварэнні ВСЕГИНГЕО быў настолькі магутным, што праз “горан” ВСЕГИНГЕО прайшоў пазней салідны састаў гідрагеолагаў ды інжынер-геолагаў, дактароў навук. Я налічыў больш за сто вядомых цяпер у навуковым свеце прозвішчаў! Гэта буйныя навукоўцы ў галіне гідрагеалогіі, а таксама інжынернай геалогіі. І ў цэлым перыяд да 1961 года — тады ВСЕГИНГЕО перавялі ў Маскоўскую вобласць, расфарміравалі вядомую Лабараторыю гідрагеалагічных праблем імя Фёдара Саварэнскага ў Маскве… — можна лічыць для гідрагеалагічнай навукі і практыкі “залатым стагоддзем”.


“Лебядзінае возера” і грузінскі акцэнт

З вадой — азёрнай, рачной, падземнай і нават “тэатральнай” — у жыцці навукоўца-гідрагеолага было звязана нямала цікавых гісторый. Вельмі сімвалічна, да прыкладу, у 1950-м прайшло назначэнне дырэктара ВСЕГИНГЕО на пасаду намесніка міністра геалогіі СССР. У той дзень разам з жонкай Багамолаў глядзеў у Вялікім тэатры балет “Лебядзінае возера”. Падчас дзеі да іх падышоў чалавек у цывільным і ціха звярнуўся да жонкі: “Францыска Уладзіславаўна, я Вашага мужа забяру”. Гэтая фраза ў тыя часы хоць у каго магла адняць мову, аднак жонка навукоўца ледзь не закрычала ў цішыні партэра, імкнучыся абараніць мужа ад небяспекі: “Я ведаю, куды вы яго забіраеце!..”. Чалавек тактоўна яе супакойвае і, нахіліўшыся, шэпча на вуха: “Вы не хвалюйцеся, вярну Вашага мужа праз паўгадзіны”.

Яго павезлі ў Крэмль. Павялі па калідорах... І там, стоячы ля адкрытых дзвярэй аднаго з кабінетаў, Герасім Васільевіч пачуў голас з характэрным грузінскім акцэнтам: “Вы назначаецеся намеснікам Міністра геалогіі СССР… Гэта ўсё!”. Новы намеснік міністра сапраўды вярнуўся ў тэатр перад антрактам...

На новай пасадзе ён кантраляваў пошук, разведку і эксплуатацыю нафтагазавых радовішчаў і падземных водаў па ўсёй вялікай краіне: ад Малдавіі да Камчаткі. Быў створаны задзел у гэтай сферы на далёкую перспектыву. Герасім Васільевіч, гавораць, быў заўсёды даступны, нягледзячы на высокую пасаду. І даступнасць была не па разліку, а натуральнай, чалавечнай. У 1950-м прафесар Багамолаў узначаліў савецкую дэлегацыю на святкаванні 100-гадовага юбілею Геалагічнай службы Індыі. Яго сустрэчы з прэм’ер-міністрам Індыі Джавахарлалам Неру ўпершыню ў гісторыі дзвюх краін абазначылі ўзаемную цікавасць да развіцця даследаванняў па пошуку нафты ў Індыі.


У салігорскіх калійных шахтах

Маштаб асобы

Неўзабаве пасля смерці Сталіна міністэрства геалогіі скасавалі, Багамолаў вярнуўся да навукова-практычнай дзейнасці. Яго веды, досвед, інтуіцыя Геолага з вялікай літары былі запатрабаваныя і ў краіне, і за мяжой. Ён праводзіў палявыя навуковыя даследаванні ў многіх краінах: Індыя, Пакістан, Чылі, Германія, Францыя, краіны Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі, Аўстралія... Ён упершыню даў прагноз залежаў нафты ў Індыі, падземных водаў у Паўночнай Сахары. Аўтар больш як 300 навуковых прац (55 манаграфій). Падручнік Герасіма Багамолава “Гідрагеалогія з асновамі інжынернай геалогіі” для ВНУ і тэхнікумаў вытрымаў тры выданні ў СССР, перакладзены на сем моў. Ён выкладаў у Маскоўскім геолага-разведачным інстытуце (МГРІ) і ў Беларускім дзяржуніверсітэце (БДУ) больш за 30 гадоў. Падрыхтаваў 13 дактароў і 33 кандыдатаў навук, лаўрэат Дзяржпрэмій, узнагароджаны ардэнамі і медалямі…

Можна нічога не ведаць пра тое, чым займаўся акадэмік, але зразумець маштаб асобы па яго кантактах. Джавахарлал Неру, Індзіра Гандзі, Абдэль Насер, Сальвадор Альендэ Госенс, Мухамед Аюб Хан — з гэтымі слыннымі палітычнымі дзеячамі яму даводзілася сустракацца. Як і з многімі навукоўцамі сусветнага ўзроўню. Такія сустрэчы былі вельмі каштоўныя для даследчыка. Асабліва моцны ўплыў на навукоўца аказаў светапогляд Д. Неру аб супрацоўніцтве відаў: пра што, дарэчы, яшчэ ў ХIХ стагоддзі пісалі рускія філосафы Пётр Крапоткін, Іван Ільін. У сваіх лекцыях і грамадскіх дыскусіях Герасім Васільевіч часта звяртаўся да гэтых ідэй, прыводзячы дадатковыя доказы іх жыццяздольнасці.


Незвычайныя краявіды вакол горада Салігорска

Вада заўсёды знойдзе дарогу…

У 2005 годзе ў Маскве і Мінску прайшлі ўрачыстыя пасяджэнні навуковай грамадскасці, прысвечаныя 100-гадоваму юбілею акадэміка Герасіма Багамолава. На іх выступалі знакамітыя навукоўцы-акадэмікі, якія асабіста ведалі юбіляра — як беларускія, так і расійскія. Юбілейныя мерапрыемствы асвятлялі СМІ, выйшаў шэраг публікацый на розных мовах.

І  50 тамоў манаграфіі “Гідрагеалогія СССР” — гэта таксама даніна памяці акадэміку. Там адлюстраваныя вынікі шматгадовых даследаванняў навукоўцаў ВСЕГИНГЕО: у XX стагоддзі яны выйшлі другім выданнем. Дарэчы, у склад рэдкалегіі па падрыхтоўцы першага выдання ў 1938-м  уваходзілі аўтарытэтныя спецыялісты, у тым ліку кандыдат навук Герасім Багамолаў.

Сімвалічна, што ў сакавіку 2005-га, у юбілейны для буйнейшага гідрагеолага XX стагоддзя акадэміка Багамолава год, пад эгідай UNESCO стартавала Праграма міжнароднага дзесяцігоддзя “Water for life”. Праблемы бяспекі водных рэсурсаў краін СНД даўно абмяркоўваюцца на розных узроўнях, у тым ліку ў ААН. Вясной 2007-га ў Санкт-Пецярбурзе прайшоў Міжнародны сімпозіум “Будучыня гідрагеалогіі: сучасныя тэндэнцыі ды перспектывы”. Яго ўдзельнікі гаварылі: арганізацыя навуковых даследаванняў у галіне гідрагеалогіі набывае асаблівую важнасць у сучасных умовах, калі значэнне водных рэсурсаў для развіцця прадукцыйных сіл грамадства ўзрастае, а захаванне якасці прыродных пітных водаў — адна з найважнейшых задач, якія стаяць перад любой дзяржавай. А 14 мая 2010 года расійская гідрагеалагічная грамадскасць заснавала “Саюз гідрагеолагаў Расіі”, які адкрыты для ўступлення замежных членаў СНД.

Як бачым, справа акадэміка жыве і перамагае…


У Мінску ўстаноўлены помнік першай крыніцы мінеральнай вады “Мінская-4”. Сімвалічна, што на адкрыццё яго з Масквы прыязджалі сын і ўнук знакамітага геолага Герасіма Багамолава

Нашчадкі. З беларускай крывінкай


Паспяхова ідуць па жыцці нашчадкі Герасіма Васільевіча, у жылах якіх, як гаварылася вышэй, цячэ, дзякуючы Францысцы Уладзіславаўне, і беларуская кроў. Іх сын Юрый таксама стаў навукоўцам-геолагам. Пачынаў лабарантам у Геалагічным інстытуце АН СССР, абараніў дысертацыю ў Маскоўскім дзяржуніверсітэце, працаваў у Афрыцы, на Блізкім Усходзе. Дарэчы, у адным інтэрв’ю прызнаўся: з дзяцінства слухаў аповеды бацькі пра тое, што інжынерныя часці, аказваецца, ішлі за войскамі, ачышчаючы водныя крыніцы ад заражэння, займаліся водазабеспячэннем войскаў. Ёсць успаміны даследчыкаў Сачаванава і Кехвішвілі, якія разам з яго бацькам шукалі падземныя крыніцы з дапамогай лазы: метад біялакацыі. Ён, дарэчы, навукай не прызнаны: яму цяжка знайсці тлумачэнне. “Але калі ішлі баі, а рашэнні трэба было прымаць хутка, пытанне аб паходжанні гэтай з’явы не ўзнікала, — гаворыць Юрый Герасімавіч. — Бацька якраз і знаходзіў ваду з дапамогай лазы. У яго руках гэтая палачка рухалася, круцілася. Герасім Васільевіч быў навукоўцам, ён разумеў: раз навуковага абгрунтавання метаду не існуе, яго і не варта афішаваць. Але пастаянна карыстаўся ім”.

Унук акадэміка Герасім Багамолаў — паспяховы банкір з трыма вышэйшымі адукацыямі. Унучка Марыя — дырэктар міжнароднай аўдытарскай кампаніі, другая ўнучка Кацярына — начальнік юрдэпартамента буйной карпарацыі, у яе дзве вышэйшыя адукацыі. Праўнук Максім Багамолаў — супрацоўнік Следчага камітэта Расіі, астатнія праўнукі навукоўца яшчэ ў школьным і дашкольным узросце.

Ці дапамагаюць дзядулевы гены рухацца па жыцці? Відаць, так. У прыватнасці, Кацярына прафесійна займалася спортам: плаванне, баскетбол (майстар спорту, чэмпіёнка Еўропы). Многія гавораць: поспехі ў спорце, ды і не толькі, — ад добрых генаў. Адзін дзед яе — акадэмік, другі — генерал-лейтэнант (Давыд Рыгоравіч Бядзінскі). Даўно пакінулі дзяды гэты свет і не маглі, вядома, лабіраваць унучцы кар’еру. Яна ўсяго дабілася сама, зрэдку звяртаючыся па параду да бацькі. Дапамог спорт, характар і, верагодна, гены… Імя Кацюша ў жанчыны — таксама з сэнсам! Генерал-лейтэнант Бядзінскі разам з жонкаю Марыяй Гусаковай, ваеннаабавязанай, ствараў у кастрычніку 41-га ў падмаскоўным Дзяржынску гаручае для рэактыўных снарадаў, пасля названых “кацюшамі”. Тады прафесар Багамолаў заставаўся ў Маскве: эвакуяваў прадпрыемствы, арганізоўваў спецатрады самаабароны. Першы ордэн Чырвонай зоркі Багамолаў атрымаў у 1943-м, а скончыў вайну, як гаварылася вышэй, у Берліне. Вось і бяруць унукі, праўнукі прыклад з дзеда-акадэміка, дзеда-Пераможца.

Юрый Урублеўскі

Масква — Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter