Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці спрыяюць развіццю эканамічных стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй, ладзяць патрыятычныя акцыі

“Жывыя” праекты на берагах Нявы

Напрыканцы года прэзідэнт Фонду садзеяння расійска-беларускаму супрацоўніцтву “Белыя Росы” Ірына Рогава, з якой мы сустракаліся ў Беларусі, з задавальненнем адзначала: усе праекты іх арганізацыі — “жывыя”, а фонд прырос філіяламі. Пра тое, дарэчы, мы трохі пісалі (ГР, 11.01.2018). І нібы ў пацвярджэнне тых слоў Ірына Ігараўна даслала нядаўна ў рэдакцыю ліст з пералікам таго, што зрабілі-правялі супляменнікі ў Санкт-Пецярбурзе ды вобласці ўсяго за месяц. 

Першым пунктам у пісьме значыцца: актывісты фонду “Белыя Росы” паўдзельнічалі ў вялікім Калядным кірмашы, на якім была прадстаўлена “Беларуская Хата” з выставай-продажам харчовых тавараў з рэгіёнаў Беларусі. Адзін з дзён кірмашу цалкам прысвячаўся Беларусі: прайшлі прэзентацыя айчынных тавараў, фотавыстава “Сталіцы Беларусі 950 гадоў”, урачысты канцэрт творчага аб’яднання фонду “Белыя Росы”, а таксама “Беларускі Навагодні канцэрт”.

Пасля ладзіліся кірмашы ў атамградзе Сасновы Бор, гарадах Луга ды Ціхвін, што ў Ленінградскай вобласці. Сваю прадукцыю на іх прадстаўлялі беларускія прадпрыемствы з розных рэгіёнаў краіны.

Напісала нам Ірына Рогава пра жалобны мітынг на Піскароўскіх могілках ля стэлы з надпісам: “Соотечественникам, погибшим в блокаду. Учащимся ремесленных училищ Ленинграда от белорусского народа”. На мітынгу былі піцерскія беларусы, школьнікі- ўдзельнікі праекта “Залатое кальцо школ-сяброў Беларусі” з Санкт-Пецярбурга, Ленвобласці, Беларусі. Так адзначылі супляменнікі памятную дату: Дзень поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады, што доўжылася амаль 900 дзён. 

На наступны ж дзень, 28 студзеня, актывісты фонду ўсклалі кветкі да помнікаў загінулым у гады вайны на Піскароўскіх мемарыяльных могілках. А канцэрт “Память. Созидание. Мир” творчага аб’яднання фонду “Белыя Росы” для ветэранаў блакаднага Ленінграда, сярод якіх нямала выхадцаў з Беларусі, прайшоў у вялікай Канцэртнай зале “У Финляндского”. 

У канцы пісьма Ірына Рогава нагадала, што такая актыўная дзейнасць — звычайная для піцерскіх “Белых Росаў”. Кірмашы прамысловых і харчовых тавараў праводзяцца ў Санкт-Пецярбурзе й вобласці, напрыклад, некалькі раз на месяц. Заўсёды шырока прадстаўлены на іх мясная і малочная прадукцыя беларускіх вытворцаў, асабліва з Мінскай ды Гродзенскай абласцей. Супляменнікі запрашаюць да ўдзелу ў кірмашах таксама іншыя айчынныя прадпрыемствы. “Колькасць гандлёвых месцаў можна павялічыць”, — абяцае Ірына Ігараўна.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 10 (3562), чацвер, 15 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter